Палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі падзяліўся сваімі прагнозамі адносна 5-дзённага візіту міністра замежных справаў Беларусі Уладзіміра Макея ва Украіну.

«Падаецца, што гэты візіт у пэўнай ступені раптоўны, не анансаваны раней. Я б звярнуў увагу, што перад Макеем у Кіеве пабываў міністр абароны Вялікабрытаніі. Па пэўных звестках, могуць быць зрухі ў так званым «Мінскім працэсе», наконт Украіны. Гэтыя зрухі набываюць яшчэ больш мілітарысцкія фарбы. І ў гэтых працэсах месца для Беларусі няма.

Я не выключаю, што ён павёз прапановы і погляды Лукашэнкі на гэтыя з’явы. Таксама б не выключаў, што гэтыя ініцыятывы маглі б сыходзіць з боку Масквы. А беларусы выконваюць ролю сувязнога.

Невядомая праграма візіту. Нехта кажа, ці то жартам, ці не, што Макей можа сустрэцца з губернатарам Адэскай вобласці Міхаілам Саакашвілі, хоць узровень міністра і губернатара розны. Некалі Лукашэнка не хаваў, што менавіта Саакашвілі ў цяжкія часы для беларускага рэжыму адыгрываў ролю лабіста Беларусі на міжнароднай арэне.

Адэса для Макея не чужы горад. Нагадаю, што ў свой час ён працаваў перакладчыкам у Адэскім порце. Ёсць такая старонка ў яго біяграфіі.

Безумоўна, калі гэта не адпачынак, а рабочы візіт, то я б параіў паглядзець, хто будзе суправаджаць Макея ў гэтай паездцы. Калі разам з ім будуць людзі з Вайскова-прамысловага камітэта, то значыць візіт можа быць звязаны з пытаннямі абароннай сферы. У Макея ж проста такі мандат.

Кааперацыя з Украінай у вайсковай сферы магла быць выгаднай Беларусі. Нашы ўлады не хаваюць, што хацелі б пераняць нейкія пункты супрацоўніцтва ў абароннай галіне, што засталіся пасля спынення супрацоўніцтва Украіны і Расіі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?