Фота: МЗС
Беларусь зацікаўлена ў разліках з Украінай у нацыянальных валютах. Аб гэтым заявіў сёння журналістам міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей па выніках перагавораў са сваім украінскім калегам Паўлам Клімкіным.
«Мы зацікаўлены ў тым, каб разлікі праводзіліся паміж нашымі суб'ектамі гаспадарання ў грыўнях, таму што, наколькі мне вядома, нашы асобныя прадпрыемствы маюць на сваіх рахунках украінскую валюту і ўкраінскія прадпрыемствы маюць беларускую валюту», — сказаў Уладзімір Макей.
«Таму, я лічу, гэта нармальны працэс, калі мы будзем разлічвацца паміж сабой у нацыянальных валютах. Але гэта ўжо справа суб'ектаў гаспадарання», — адзначыў міністр.
Паводле яго слоў, аб гэтым ішла размова на пасяджэнні змешанай беларуска-ўкраінскай міжурадавай камісіі. «Лічу, што мы можам падтрымаць гэты працэс», — сказаў кіраўнік МЗС Беларусі.





