Паважаная рэдакцыя!

Карыстаюся Вашай прапановай паведамляць пра выпадкі парушэння правоў, нясправядлівасці і г.д. Што праўда, у маім выпадку нават найшырэйшы розгалас па СМІ не прывядзе да выпраўлення сітуацыі асабіста для мяне, але, магчыма, мой адмоўны досвед паслужыць іншым.

Гаворка ідзе пра пошук працы праз агенцтвы. Тэма дастаткова гарачая. Знайсці працу, асабліва ў правінцыі, вельмі няпроста, шукаюць многія. Вось і я шукаў. І павёўся на вельмі просты, празрысты падман.

У інтэрнэце шмат зваблівых абвестак пра рабочыя месцы з харошай зарплатаю і — што для мяне важна — з жыллём і вахтаваю працаю. Але «мы агентство, услуга платная, заключаем договор с полной предоплатой і ведём вас до полного трудоустройства, без варіантов».

Скажу адразу, заплаціць за паслугу не шкада, але і паслугі не атрымаеш. Канкрэтны прыклад — мая дамова №440 ад 9 ліпеня 2015 года з «частным предпріятіем «Стартгарант» (калі меркаваць па квітанцыі аплаты, бо так яны сябе называюць «едіный центр вакансій»), што месціцца ў Мінску на Першамайскай, 18. Пакуль агентка з прыгожым імем Яня хацела залучыць мяне ў кліенты, то бок атрымаць перадаплату, яна і сама набірала мой мабільны нумар, клікала. А як салодка «пела» — «да у нас более ста крупных кампаній, да не вопрос — мы за неделю найдём вам место, іменно такое, как в рекламе, с вахтой і жільём, іные варіанты даже і не обсуждаются». І ўсё умомант перамянілася, варта было толькі дамову заключыць і заплаціць.

А зараз увага ўсім, хто не хоча патрапіць на гэты лахатрон кідалаўскі. У дамове няма гаворкі пра працаўладкаванне — толькі інфармацыйныя паслугі: цягам месяца агенцтва абяцае два разы на тыдзень даваць інфармацыю, тэлефоны магчымых працадаўцаў. У маім выпадку гэта звялося да таго, што ў аўторак-чацвер мне званілі — альбо і не званілі, даводзілася самому набіраць, — паведамляючы два-тры тэлефоны. Сярод гэтых тэлефонаў трапляліся нумары іншых платных кадравых агенцтваў (!) — заплаціў за тое, каб мяне адаслалі заключаць новую платную дамову інфармацыйнага абслугоўвання!

Трэцяя частка тых, каму я тэлефанаваў, была вельмі здзіўлена: адкуль вы ўзялі гэты нумар? Бывалі адказы, што, маўляў, набор на працу даўно закончаны, прынамсі, да таго часу, як «Яня Вячеславовна соізволіла» мне прыслаць нумар.

Словам, тры тыдні я абзвоньваў некалькі дзясяткаў нумароў, абсалютна ўпустую — ніякага намёку на магчымасць працаўладкавацца па рэкламе, з жыллём і вахтаю, а потым «выканаўца Старт-Гарант» і ўвогуле забыў пра маё існаванне, хаця нават месяц на інфармацыйнае абслугоўванне па дамове яшчэ не закончыўся.

Хачу папярэдзіць тых, хто шукае працы і звяртаецца да салодкагалосых сірэн па інтэрнэт-рэкламе. Не вядзіцеся на абяцанкі, чытайце прапанаваную дамову. І ведайце, што ў найлепшым выпадку гэтыя платныя інфармацыйныя агенцтвы працуюць для жыхароў Мінска — працоўныя месцы сапраўды ёсць, але трэба мець жыллё, гэта раз, і жыць у горадзе пастаянна, гэта два.

Так што патраціце грошы, час, нервы і застаняцеся ля разбітага карыта. І нават калі б тут існаваў суд: што можна патрабаваць? «Шукалі інфармацыю? Вам яе давалі? Вашы праблемы…»

І далей будуць у інтэрнэце закідваць вуду на наіўных: «работа! вахта! жытло іншагароднім! аплата 15 млн адразу пасля вахты!»

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?