Міністэрства культуры накіравала ў Мінгарвыканкам некаторыя рэкамендацыі, якія гарадскім уладам прапаноўваецца ўлічыць пры правядзенні работ у раёне Асмолаўкі, паведаміў на прэс-канферэнцыі 13 жніўня ў Мінску намеснік міністра культуры Аляксандр Яцко. 

Асмолаўкай называюць два кварталы, што ў межах вуліц Максіма Багдановіча, Кісялёва, Камуністычнай і Куйбышава.

Гэта пасляваенны раён, быў пабудаваны ў 1940—1950-я гады. Архітэктар Асмалоўскі праектаваў гэтыя кварталы ў якасці жылля для вышэйшага кіраўніцтва штаба Беларускай ваеннай акругі.

На думку старшыні Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры (БДТАПГіК) Антона Астаповіча, Асмолаўку можна разглядаць як самы першы спальны раён Мінска, які быў забудаваны па дастаткова прафесійных тыповых праектах, у якім дамы ўтвараюць камерны горадабудаўнічы ансамбль. 

Паводле слоў Яцко, міністэрства разгледзела пытанне па Асмолаўцы пасля звароту грамадзян і запытаў з Мінгарвыканкама. Ведамства, у сваю чаргу, пацікавілася меркаваннем адносна каштоўнасці раёна ў Нацыянальнай акадэміі навук. 

«Канешне ж, пэўную цікавасць з архітэктурна-будаўнічага пункту гледжання гэты раён сабой уяўляе, — сказаў чыноўнік. — Іншае пытанне — тэхнічны стан гэтых дамоў і пытанне развіцця названай тэрыторыі. Міністэрства культуры звярнулася ў Мінгарвыканкам з прапановай усё-такі звярнуць увагу на гэтыя перадумовы пры праектаванні і прыняцці рашэння па гэтым раёне. Хоць фармальна ні ён, ніводная з яго складаючых частак не з'яўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю». 

Праблему захавання Асмолаўкі як комплекснага помніка горадабудаўніцтва яшчэ ў 2007 годзе ўздымаў галоўны эксперт рэспубліканскай дзяржаўнай экспертызы Іван Жураўлёў. З падобнымі прапановамі ў 2008—2012 гадах выступала і БДТАПГіК. У апошнія гады лёсам сталічнага раёна патурбаваліся і мясцовыя жыхары. Так, каля года таму пад зваротам у Мінкультуры і гарвыканкам падпісалася больш за тысячу чалавек, якія заклікалі ўлады правесці капітальны рамонт раёна, каб ён стаў гістарычным цэнтрам сталіцы. 

Тым не менш вясной гэтага года адзін з двухпавярховых будынкаў у Асмолаўцы быў выкуплены прадзюсарскім цэнтрам «Спамаш», як сцвярджалася, для рэканструкцыі. Аднак будынак знеслі, а на яго месцы цэнтр плануе ўзвесці трохпавярховы будынак.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?