У адной з баранавіцкіх суполак з'явіўся допіс ад расіянкі Ганны Алёхінай — тая распытвае ў чытачоў пра ўмовы жыцця ў горадзе, пра дзіцячыя садкі.

Прычына яе цікавасці палягае ў тым, што яе мужу-авіятэхніку з Курска прапанавалі перавесціся служыць у Баранавічы ў расійскі авіяполк. 

Расійскі знішчальнік СУ-30. Базу такіх самалётаў Расія хоча размясціць у Беларусі. Фота «Коммерсант.ru»

Расійскі знішчальнік СУ-30. Базу такіх самалётаў Расія хоча размясціць у Беларусі. Фота «Коммерсант.ru»

У перапісцы з журналістам «Нашай Нівы» жанчына расказала пра меркаваны пераезд падрабязней. 

«Ідзе набор у расійскі полк, хутчэй за ўсё ён будзе ў Баранавічах, — напісала Ганна, — мужу прапанавалі ехаць туды служыць. Праўда, пакуль нам нічога толкам не патлумачылі, сказалі ж толькі ўчора».

Жанчыну цікавяць жыллё ў горадзе, цэны і перспектывы працаўладкавання для жанчын з расійскім грамадзянствам. 

«У нас тут [у Курску] проста ўсё ўладкавана — і праца ёсць, і жыллё, і машына. Вельмі вагаемся, ці варта пераязджаць», — падсумавала расіянка.

Таксама Ганна сказала, што гаворка ідзе не пра звычайную камандзіроўку.

«Калі б была кароткая камандзіроўка, то нашае меркаванне і не пыталі б — паслалі і ўсё. А гэта поўны перавод, на сталое месца жыхарства. Як я чула, для расійскіх вайскоўцаў ужо будуюць жыллё», — таксама напісала жанчына. 

Дарэчы, у Баранавічах сапраўды нядаўна ўзвялі некалькі шматпавярховікаў у раёне г.зв. «Ваеннага гарадка».

Апроч таго, нядаўна Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю беларускім недзяржаўным СМІ заяўляў, што расійская вайсковая прысутнасць у Беларусі нязначная.

«На нашай тэрыторыі дзве абсалютна мірныя ваенныя базы. База ў Баранавічах — там напэўна тры чвэрці нашых людзей служаць. База ў Ганцавічах — можна сказаць інжынерная высокатэхналагічная станцыя, якая вядзе кантроль за пускам ракет. Яны могуць атакаваць Украіну? Не. Самалёты я ў іх прасіў: «Дайце ці прадайце «па дзяшоўцы» дзясятак самалётаў. Чэмпіянат свету мне трэба ў плане бяспекі забяспечыць. Яны сказалі, што могуць тры самалёты даць. Я кажу: «Добра, адзін ваш лётчык і два нашых». Я не ведаю, нясуць яны зараз дзяжурства ці не. Па-мойму, яны ўбылі сёння. Самалётаў расійскіх у нас тут няма».

У той жа час планы па размяшчэнні ў Баранавічах расійскага авіяпалка агучваліся яшчэ ў 2013 годзе. Тады Сяргей Шайгу, знаходзячыся з візітам у Мінску, заявіў аб намеры Расіі стварыць у Беларусі авіябазу да 2015 года. Ішла гаворка пра размяшчэнне там 24 знішчальнікаў.

Відаць, што расіяне не адступаюць ад плана. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?