Добры дзень, «Наша Ніва»!

Вельмі добра, што ты ў нас ёсць. Кожны чацвер грэеш нам сэрцы. Мы пенсіянеры-настаўнікі: Курмель Марыя Міхайлаўна — біёлаг (1949 г.н.) і Гаўрылкевіч Лявон Іосіфавіч — гісторык (1949 г.н.). Працавалі з 1971 года да выхаду на пенсію ў Вішнеўскай школе. Выхавалі і далі вышэйшую адукацыю пяці сынам. Маем 8 унукаў. Так што жыццё пражылі, як кажуць у народзе, «ні зра».

Вельмі любім класічную беларускую літаратуру: Багдановіча, Быкава, Барадуліна, Коласа, Купалу, Караткевіча. Чытаем зімой па вечарах адзін аднаму любімыя старонкі. І самі пакрышку пішам вершы і мініяцюры.

Усяго вам добрага. Беражыце сябе!

Марыя Курмель

Лес

Я люблю наш прыгожы лес,
Твор прыроды самы чароўны,
Сосны стромкія да нябёс
І чарнічнік багаты, роўны.

На ўскрайку раскідзісты дуб,
Стукат дзятла ляснога дзесьці,
Спеў птушыны на шмат галасоў
І вавёрку, што скача па вецці.

Я знайду ў ім утульны куток,
Грыбоў, ягад збяру багата.
І напоўніцца сэрца святлом.
Лес для нас, што родная хата.

Беражыце, шануйце яго,
Ад пажараў ліхіх і растраты.
Хай красуецца праз вякі
Твор прыроды самы выдатны.

Лявон Гаўрылкевіч

Мініяцюра

Самая
страшная
хвароба
чалавека —
гэта не рак, не СНІД,
а лянота.

***

Ад рэдактара. Дзякуй за цёплыя словы і шмат добрых вершаў. Добрага здароўя вам, і хай Ваша сям’я будзе шчаслівым узорам не толькі Вашым унукам, але і праўнукам, і суседзям. На такіх, як вы, свет трымаецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?