Размовы аб тым, што ў Лучаі (Пастаўскі раён) паставяць помнік Міхалу Клеафасу Агінскаму, чуліся даўно. Нават яны ўжо і падзабыліся… А тут, раптам, дадаючы здымкі гістарычных будынкаў на сайт radzima.org, бачу здымак, які падпісаны «Праект помніка Агінскаму». То бок, гэта ўжо не тое што размовы, а намеры, якія ўжо ўвасобленыя ў макет.

Самы лепшы спосаб спраўдзіць інфармацыю – патэлефанаваць тамтэйшаму ксяндзу Мікалаю Ліпскаму, які паступова, пакрысе, пераўтварае прыкасцельную тэрыторыю, а разам з тым і Лучай у такі турыстычны брэнд, як «Паланэз над блакітнымі азёрамі». Лучаю пашанцавала з ксяндзом! Можна сказаць – мясцовы ўраджэнец (з Шаркоўшчыны). Штораз арганізоўвае ў сваёй парафіі розныя фэсты, а на культурніцкую праграму запрашае ТОПавых беларускіх музыкаў. Хто тут толькі не быў! А Андрусь Такінданг і гурт «Рэха» тут лезьве не «прапісаліся», прыязджаюць па некалькі разоў на год! Лявон Вольскі адзначыўся, музыкант віртуоз Зміцер Корсак, Зміцер Вайцюшкевіч, Зміцер Бартосік, Таццяна Матафонава…

– А што ўжо макет помніка Агінскаму ёсць у інтэрнеце?– ператытвае ксёндз Мікалай. — Аператыўна! Няхай бы так аператыўна дапамагалі шукаць спонсараў, – жартуе ксёндз Мікалай. — Так! Цяпер ідзе працэс узгаднення устаноўкі помніка. Яго адкрыццё прымеркавана на 13 верасня.

Сёлета – 250-я ўгодкі з дня нараджэння кампазітара.

Ці наведваў, насамрэч, Міхал Клеафас Агінскі Лучай? Тут можна задаць і падобнае пытанне: ці быў у Глыбокім Францішак Скарына? То тады зноў — пытанне на пытанне: А як ён ехаў з Полацка на Вільню! Іншай жа дарогі на Вільню, як праз Глыбокае, няма. Дарэчы, на гэтай жа дарозе – Альгердавым шляху – таксама і Лучай! То бок, гіпатэтычна, і Міхал Клеафас Агінскі са свайго маёнтка Залессе на Смаргоншчыне, мог, цягам дня (сутак) даехаць да Лучая.

праект помніка М.К.Агінскаму

праект помніка М.К.Агінскаму

А што там у Лучаі? У Лучаі – касцёл святога Тадэвуша. Фундатарамі касцёла былі Тадэвуш і Эльжбэта Агінскія. Касцёл змураваны ў 1766—1777 гг. Эльжбета Агінская (з Пузынаў), наогул – слынная асоба на Беларусі-Літве. Заснавала астранамічную абсерваторыю ў Вільні і падтрымлівала яе матэрыяльна. Знакаміты паэт Адам Міцкевіч ўвасобіў Э. Пузыну ў сваёй паэме «Пан Тадэвуш». Адзін з герояў твору — пан Падкаморы — наступным чынам распавядаў пра часы свайго навучаньня ў Віленскай езуіцкай акадэміі:

«Я сам у курсе Астранамічных ведаў быў у бурсе Галоўнай школы ў Вільні. Там за сродкі Пузынінай, багатай патрыёткі, Мы мелі тэлескоп (усе выдаткі Былі збалансаваны за падаткі З двухсот двароў халопскіх — з рук у рукі), Падтрымлівала пані храм навукі».

Палац Мастоўскіх у Лучаі. Не захаваўся. Малюнак Ул. Скрабатуна.

Палац Мастоўскіх у Лучаі. Не захаваўся. Малюнак Ул. Скрабатуна.

Партрэт Эльжбэты Агінскай доўгі час знаходзіўся ў Лучайскім касцёле. Цяпер ў Віцебскім мастацкім музеі (1992). Нажаль, да нашага часу, пасля вайны, не дайшоў шыкоўны лучайскі палац Мастоўскіх, якога так цяпер не хапае Лучаю!

Партрэт Эльжбэты Агінскай, які да 1992 года захоўваўся ў лучайскім касцёле св. Тадэвуша.

Партрэт Эльжбэты Агінскай, які да 1992 года захоўваўся ў лучайскім касцёле св. Тадэвуша.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?