У Гродне адкрыўся Музей турэмнага побыту, перадае БелТА. Ён размясціўся ў самым цэнтры горада на рагу вуліц Кірава і Урыцкага ў непасрэднай блізкасці ад гарадзенскай турмы №1.

У аднапавярховым гістарычным будынку, які належыць турме, некалі былі жылыя пакоі і кабінет начальніка турмы.

Музей у дзень адкрыцця асвяцілі святары абедзвюх канфесій.

Экспазіцыя музея распавядае пра гісторыю турмы і пакарання з часоў ВКЛ і да нашага часу. Асобныя часткі прысвечаны супрацоўнікам і кіраўнікам папраўчай установы, іншыя — асаблівасцям побыту арыштантаў, цяжару турэмнага жыцця, вядомым асобам, якія ў розны час адбывалі пакаранне ў Гродне.

Сярод іх Напалеон Орда, Браніслаў Тарашкевіч, Паўліна Мядзёлка, Фелікс Дзяржынскі, Тамаш Грыб, Зміцер Дашкевіч, Мікалай Аўтуховіч… Апошніх, праўда, пакуль не згадваюць.

Гродзенская турма — найстарэйшая выпраўленчая ўстанова на тэрыторыі Беларусі. Яна размяшчаецца на тэрыторыі езуіцкага калегіума, які ўяўляе сабой архітэктурны комплекс: манастыр, калегіум, аптэку, бурсу, бібліятэку і гаспадарчыя памяшканні. У часы ВКЛ гродзенскіх арыштантаў ўтрымлівалі ў вязніцы Старога замка, пазней — у турме ў будынку гарадской ратушы. Пасля вайны 1812 года ў Гродне на тэрыторыі калегіума было распачата будаўніцтва турэмнага замка, а першых зняволеных перавялі сюды ў 1820 годзе. Ужо ў гэты час тут размяшчаліся камеры для простага люду і тры сакрэтныя камеры для асабліва небяспечных злачынцаў. Пазней будынак турмы зведаў некалькі перабудоў. Падчас Вялікай Айчыннай вайны некалькі бомбаў ўпалі на турму, разбурыўшы адзін з найстарэйшых карпусоў.

Некалькі гадоў таму гарадзенскія ўлады ўздымалі пытанне аб неабходнасці вынасу турмы з горада. Аднак, як паведаміў начальнік турмы Уладзімір Шаблінскі, пытанне пра закрыццё турмы і пераносе яе з горада на сёння цалкам закрыта. Турму пераносіць з Гродна не будуць.

Сімвалічную стужку перарэзалі намеснік міністра ўнутраных спраў Віктар Дубавец, начальнік Дэпартамента выканання пакаранняў МУС Сяргей Дарошка і намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Юрый Шулейка.

Сімвалічную стужку перарэзалі намеснік міністра ўнутраных спраў Віктар Дубавец, начальнік Дэпартамента выканання пакаранняў МУС Сяргей Дарошка і намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Юрый Шулейка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?