Падчас матча плэй-оф кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў БАТЭ— «Партызан» міліцыя затрымала беларускага заўзятара ў майцы з гербам «Пагоня».

«Я адсядзеў на трыбуне першы тайм. Калі быў перапынак, адышоў купіць вады, вярнуўся. А тут АМАП: «Пройдзем». Мне сказалі, што герб «Пагоня» ў нас забаронены. Мяне завялі ў аўтобус», — узгадвае Уладзімір, які ў выніку прапусціў увесь другі тайм і не пабачыў, як Міхаіл Гардзяйчук забіў адзіны гол у вароты гасцей.

Мужчына сцвярджае, што не цікавіцца палітыкай, але «Пагоню» лічыць гістарычным беларускім сімвалам. Таму і вырашыў, што футбольная гульня — самае дарэчнае месца для таго каб апрануць «крамольную», як аказалася, майку, якую яму нядаўна падарылі на Дзень нараджэння.

«Нічога жахлівага ў гэтым аўтобусе не адбывалася. Адзінае, што мяне абазвалі апазіцыянерам, — працягвае Уладзімір. —Мне патлумачылі, што прыйсці на футбол я мог з сімволікай БАТЭ альбо «Партызана». Калі б я з’явіўся ў майцы з сённяшнім дзяржаўным гербам, то мне б таксама нічога не прад’явілі. На футбол я прыйшоў з сябрамі, адзін з іх сілавік. Ён мяне забраў і прыхапіў з сабой майку. А так, мяне, як ён сказаў, пасадзілі б на суткі ў мэтах прафілактыкі».

Уладзімір паведамляе пра яшчэ аднаго хлопца, якога завялі ў аўтобус за «крамольны» шалік.

«Як сказалі амапаўцы, на шаліку было нешта «з чарцямі». Што там было менавіта, я дакладна не скажу. Гэтага хлопца павезлі на Будаўнікоў, 14 у аддзяленне міліцыі», — заканчвае аповед пра прыгоды на футболе Уладзімір.

У той жа час сілавікі не звярталі ўвагі на імперскі сцяг, што вывесілі на гасцявой трыбуне фанаты маскоўскага ЦСКА, якія прыехалі падтрымаць сербаў. У тым ліку, і гэты сімвал выкарыстоўваўся як афіцыйны ў Расійскай Імперыі. А сённяшнія яго прыхільнікі — найчасцей асобы ультраправых поглядаў — выступаюць за пашырэнне межаў сучаснай Расіі з уключэннем туды Беларусі, Украіны. Грамадская арганізацыя FARE (Футбол супраць расізму ў Еўропе), якая супрацоўнічае з УЕФА, лічыць гэты сімвал правакацыйным.

Падчас гульні БАТЭ-Партызан ля імперскага сцяга круціліся супрацоўнікі ў цывільным з рацыямі, але выстаўляць прэтэнзіі прыезджым фанатам ніхто не стаў. Замест гэтага сілавікі пераключыліся на сваіх, хоць і «Пагоня», і бел-чырвона-белы сцяг з'яўляліся дзяржаўнымі сімваламі ў пачатку 1990-х.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?