Наведванне рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Альманскія балоты» з 25 жніўня для замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія часова знаходзяцца і часова пражываюць у Беларусі, будзе каштаваць сем базавых велічынь.

Гэта вынікае з рашэння Столінскага райвыканкама №1428 ад 29 лiпеня 2015 года, якое апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Плата ўводзіцца на падставе ўказа нумар 337 ад 21 ліпеня 2015 года «Аб пытаннях наведвання заказніка». Пры гэтым у 2016 годзе плата ўзрасце і складзе ўжо дзесяць базавых велічынь (адна базавая цяпер Br180 тыс.).

«Унясенне платы праводзіцца адначасова ў раённы бюджэт на разліковы рахунак 3600226002419 філіяла нумар 121 адкрытага акцыянернага таварыства «ААБ Беларусбанк» г.Пiнска, МФА 150501854, УНП 200676206, назначэнне плацяжу 05520», - адзначаецца ў дакуменце.

Кантроль за выкананнем рашэння ўскладзены на Столінскую інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, дзяржаўную прыродаахоўную ўстанову «Заказнікі рэспубліканскага значэння «Сярэдняя Прыпяць» і «Альманскія балоты», дзяржаўную лесагаспадарчую ўстанову «Палескі лясгас», дзяржаўную лесагаспадарчую ўстанову «Столінскі лясгас» і Пінскі пагранічны атрад.

Раён Альманскіх балот папулярны ў збіральнікаў ягад, якія прыходзяць з тэрыторыі Украіны. Як паведамлялася, у ліпені 2011 года жыхарам каля дзясятка ўкраінскіх вёсак, што знаходзяцца паблізу граніцы, па рашэнні Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі было дазволена збіраць лясныя ягады і грыбы на беларускай тэрыторыі. Адпаведны дакумент быў падпісаны непасрэдна на граніцы кіраўнікамі пагранведамстваў Беларусі і Украіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?