У выхадныя дні прагназуецца цёплае без ападкаў надвор'е, паведаміў начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Дзмітрый Рабаў.

«Халаднаваты перыяд жніўня заканчваецца. Пачынаецца паступовае пацяпленне, кульмінацыя якога прыпадзе на выхадныя. Да канца тыдня ападкаў не чакаецца. На фоне пераменнай воблачнасці арктычнае паветра пачне прагравацца», — паведаміў сіноптык. 

У суботу дзённая тэмпература складзе плюс 22—27°С, ноччу і раніцай плюс 7—14°С, месцамі плюс 5—6°С. У нядзелю паветра яшчэ больш прагрэецца і складзе плюс 23—28°С, «вось толькі ранішнікі застануцца халаднаватымі — на світанні плюс 6—13°С, месцамі да плюс 15°С», адзначыў Рабаў. 

У Мінску малавоблачна, без ападкаў. Тэмпература паветра: у суботу ноччу плюс 10—12°С, днём плюс 23—25°С, у нядзелю ноччу плюс 9—11°С, днём плюс 24—26°С.

«У пачатку наступнага тыдня новых сенсацый не чакаецца — пад уплывам вобласці павышанага ціску надвор'е застанецца камфортным і ўмерана цёплым.

Пераважная дзённая тэмпература складзе ў панядзелак плюс 23—28°С, у аўторак плюс 24—29°С. І па-ранейшаму надвор'е будзе сухім», — паведаміў Рабаў.

Ён таксама адзначыў, што «пажаранебяспечнае і гідралагічнае становішча застаецца складаным, і паляпшэння найбліжэйшым часам чакаць не даводзіцца».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?