Атрад Добраахвотніцкага ўкраінскага корпуса «Правы сектар» (ДУК ПС) увойдзе ў склад украінскай «Альфы» — найбольш элітнага падраздзялення спецпрызначэння Службы бяспекі Украіны, паведаміў камандзір 5-га асобнага батальёна ДУК ПС з пазыўным «Чорны».
Такім чынам байцы будуць лічыцца афіцыйнымі ўдзельнікамі Антытэрарыстычнай аперацыі, атрымаюць легальную зброю, заробак, медыцынскую дапамогу, перадае hromadske.tv.
Адбор добраахвотнікаў і фармаванне атрада будзе доўгім і жорсткім — аж да 6 месяцаў. Усе пройдуць псіхалагічныя тэсты, дэтэктар хлусні, мусяць быць несудзімымі, інтэлектуальна і фізічна здольнымі.
«Чорны» кажа таксама, што байцы ДУК ПС могуць добраахвотнікамі ісці ў адзінкі Збройных сіл Украіны. Адзіная структура з якой «Правы сектар» не вядзе перамоваў пра легалізацыю — гэта Міністэрства ўнутраных спраў. Па ягоных словах, гэта прынцыповае рашэнне прынятае з прычыны невыканання МУС патрабавання пра правядзенне поўнага расследавання падзей на Майдане.





