У пятніцу Чэхія ўспамінае 47-ю гадавіну ўварвання войскаў краінаў Варшаўскай дамовы ў Чэхаславаччыну ў 1968 годзе.
У цэнтры Прагі ўсталявалі некалькі адзінак вайсковай тэхнікі, якая мусіла нагадваць пра падзеі 1968 году. Побач з машынамі — стэнды з фотаздымкамі і плакатамі «Рускія, вяртайцеся дадому».
Як адзначаюць карыстальнікі сацыяльных сетак, плакаты выклікалі абурэнне расійскіх турыстаў.
«На адным са стэндаў хтосьці асадкай напісаў: «Не ганіце на рускіх! Рускія за мір. Добрае забыліся. Памятаеце толькі дрэннае??»
У 11 гадзінаў дня палітыкі і грамадзкасць ўшанавалі памяць ахвяр тых падзей каля будынка Чэскага радыё, дзе ў жніўні 1968 года загінулі некалькі няўзброеных дэманстрантаў.
У другой палове дня на Вацлаўскай плошчы прайшоў музычны хэпэнінг з удзелам розных музыкаў, а людзі змаглі таксама паглядзець гістарычныя фатаграфіі таго часу.
Войска пяці краін Варшаўскай дамовы перасеклі дзяржаўныя межы Чэхаславакіі ў ноч на 21 жніўня 1968 года. Тым самым была гвалтоўна спыненая спроба рэфармацыі ў гэтай краіне.