Неўзабаве пасля таго, як спарахнелы астрог саўка канчаткова разваліўся, мой любімы савецкі паэт Іосіф Бродскі напісаў свой самы скандальны верш.

Твор называўся «На отделение Украины» і прадэманстраваў, што Бродскі, на сваім самым глыбінным узроўні, заўсёды быў цаглінкай той самай турмы, з якой некалі з такім трыумфам збег. Там ёсць шмат крыўднага, у гэтым вершы, але я працытую наступныя радкі:

Скажем им, звонкой матерью паузы метя, строго:
скатертью вам, хохлы, и рушником дорога.
Ступайте от нас в жупане, не говоря в мундире,
по адресу на три буквы на все четыре…
стороны. Пусть теперь в мазанке хором Гансы
с ляхами ставят вас на четыре кости, поганцы.

Доўгі час памфлецік быў тэмай палкіх спрэчак філолагаў, узнікла нават добра задакументаваная версія пра тое, што Бродскі вершыка не пісаў ці пісаў, але кпіў сам з сябе. Але потым з’явілася вось гэтае відэа , пасля якога спрачацца болей не прынята. Цяпер Бродскі на сцягах самых адданых рускіх чарнасоценцаў. Захар Прылепін піша на сваім сайце: «Бродскі – відавочны ксенафоб і дазваляе сабе здзекавацца з асобных народаў ды цэлых рэлігій. Бродскі – імперыяліст і мілітарыст… Натуральна, ён жа нармальны рускі пісьменнік, са шмат якімі тыповымі закідонамі».

Так, выявілася, што Бродскі быў «нармальны рускі пісьменнік». Быць «нармальным рускім» сёння — значыць нараспеў, прымружыўшы вочы, чытаць: «Гой ты, рушник-карбованец, семечки в потной жмене! Не нам, кацапам, их обвинять в измене». Зразумела, ёсць цяпер і «ненармальныя рускія» кшталту Уліцкай, Быкава ці Сарокіна, кнігамі якіх зачытваецца мая генерацыя, але размова не пра іх.

Чаму ў Дзень незалежнасці Украіны я вырашыў згадаць Бродскага? Справа ў тым, што я — беларус. І кожны радок, уключна з уступам пра Карла Дванаццатага, можа быць распаўсюджаны на забытую гісторыю той краіны, у якой я пішу.

Мы таксама ваявалі з Расіяй. Мы таксама з ёй сябравалі. Яна таксама ніколі не прабачыць нам калі мы сыдзем. Прычым крыўдна будзе не толькі Прылепіну, але і якому-небудзь лібералу, які не праміне бабахнуць з амерыканскай універсітэцкай трыбуны пра «бульбашоў». Імперыялізм кшталту камп’ютарнага вірусу – завядзі размову пра Парашэнку, і амаль кожны рускі ператворыцца ў агента Сміта.

Так павялося, што апошнім часам маёй краінай прынята тыкаць у вочы Кіеву. Маўляў, сядзелі б ціхенька, не чапалі б Янука, жылі б як беларусы. Вось нейкі мой суайчыннік, і, паміж іншым, таксама пісьменнік, піша ў «Ізвесціях» што «Кіеву варта вучыцца ў Мінска», там ёсць пра Лядовыя палацы ды «БелАЗы». Марна палемізаваць з гэтым артыкулам па сутнасці, як наогул ёсць бясплённым марнаваннем часу спрэчка з чалавекам, які напісаў вось такі раман пра тое, як «зажыва палілі ні ў чым не вінаватых людзей». Усім, хто хоча паразважаць пра цуд беларускай вытворчасці, раю зрабіць адзін эксперымент: прайсці на тэрыторыю завода «Гарызонт», некалі гонару нацыянальнай прамысловасці. Днямі мяне туды занесла ў адну з фірмаў, што займаюцца рамонтам тэлефонаў, і ўзнікла адчуванне, што я трапіў у закінуты савецкі бункер, пасярод якога стаяць дапатопныя станкі, на якіх добра было б рабіць танк, а не звыштонкую электронную тэхніку.

А што да «вежы Газпраму», «сімвала сяброўства Беларусі ды Расіі, увасаблення правільнага выбару, зробленага…», дык гляньце вось тут і зразумейце, што ніякага правільнага выбару няма да таго моманту, пакуль Беларусь не стане часткай Расіі.

Я вельмі люблю сваю краіну. Але я не вельмі разумею, з чаго складаецца яе існая незалежнасць.

Свята, што адзначаецца ў ліпені, прысвечанае вызваленню ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, якія цяпер Беларусі не пагражаюць ні ў якім выглядзе. У 1991-м з СССР Беларусь выйшла не таму, што балела, не таму, што вельмі прагнула нацыянальнага вызначэння, а таму што СССР здох. За беларускую незалежнасць было заплачана літоўскай крывёю – страляніна ля тэлевежы ў Вільні справакавала працэсы, якія скончыліся тым, што давялося аддзяляцца. Алесь Адамовіч пра гэта пісаў: Беларусь, Вандэя перабудовы.

Пры ўсёй сваёй семантычнай блізкасці, свабода і незалежнасць не тоесныя паняцці.

Свабода можа не мець аб’екта, выключна суб’ект. Незалежнасць патрабуе таго, ад чаго ты незалежны. І вось аб’ектам беларускай незалежнасці ёсць Другая сусветная вайна, што скончылася 70 гадоў таму. Святкуючы яе, мы з асалодай пастулюем сваю залежнасць ад Расіі, якая дае нам танныя газ, нафту ды крэдыты. Цяпер Расіі цяжка, і Беларусь ляціць у бездань разам з суседкай. Бездань у нас адна на дваіх. Трэба быць калумністам «Ізвесцій», каб гэтага не бачыць.

Аб’ектам украінcкай незалежнасці з’яўляецца савок і наогул сістэма падпарадкавання, выбудаваная вакол Расіі ў 1917-м. Тая вайна, якая ідзе на ўсходзе, – па сутнасці, працяг страляніны ля віленскай тэлевежы. Дэ-факта толькі цяпер, у 2013-2015-м, Украіна і пачала набываць рэальную незалежнасць. Тое, што перажывае гэтая краіна, – калька з цяжкасцяў, праз якія прайшла Літва ў 1991-м. Калі думаеце, што было лёгка, прачытайце пра ўсе тыя маленькія дэталькі, напрыклад, пра тое, як друкаваліся першыя незалежныя грошы Літвы і як краіны, пад ціскам адной вялікай дзяржавы, адна за адной адмаўляліся ад кантракту на выраб літаў.

Цяпер цяжка. Але хаця б зразумела. Мяне заўсёды ўражвалі людзі, здольныя адмовіцца ад дабрабыту ў абмен на ідэі, у якія вераць. Так, пасіянарнасць вельмі нагадвае вар’яцтва, але менавіта яна нарэшце і вядзе да стварэнне нацыі.

Украіне спатрэбілася дваццаць гадоў, каб завяршыць працэс, які пачаўся ў 1991-м. І мне хочацца верыць, што яшчэ праз дваццаць гадоў пытанне пра нацыянальнае самавызначэнне прыйдзе і ў галовы беларусаў. Магчыма, развод удасца завершыць без той вялікай сваркі, якая ідзе ў нас пад бокам. Але апошнім часам мне здаецца, што богам незалежнасці з’яўляецца не Юпіцер, а Марс.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?