Пасля катастрафічнага абвалу (больш як напалову) беларускага рубля ў 2011 годзе Лукашэнка паабяцаў, што да наступных (цяперашніх) прэзідэнцкіх выбараў беларусы забудуцца пра само слова «дэвальвацыя».

Сказана — зроблена: слова выкінутае з дзяржаўнай фінансавай, палітычнай, інфармацыйнай сферы.

«Валацільнасць падводзіла нас да таго, што трэба мяняць падыходы да грашова-крэдытнай палітыкі, каб абсарбаваць шокі, якія адбываюцца звонку», — сказана сёння ў заяве Нацыянальнага банка пра відавочную дэвальвацыю. Пра тое, пра што людзі, якія не з’яўляюцца супрацоўнікамі Нацбанка ці адміністрацыі Лукашэнкі, кажуць каля абменнікаў: «Проста кашмар!»

Вось што адбываецца не звонку, а ЗНУТРЫ:

сярэдні заробак яшчэ ў мінулым месяцы склаў $459. У гэтым месяцы (пры сённяшнім курсе 17 836 руб. за 1 долар) сярэдні заробак $392. За адзін месяц людзі абрабаваныя амаль на 70 долараў кожны! І гэта толькі пачатак, бо заўтра курс вырасце.

Першапачатковая ўстаноўка Лукашэнкі была: да выбараў рубель не валіць! Трымаць курс – кроў з носу! Дык чаму нашы валацілы пачалі абвал? Бо калі не абваліць рубель цяпер, дык адразу пасля выбараў будзе тое самае, што было ў 2011-м. Таму, як і тады, пастаноўлена забраць у народа (бо болей няма ў каго) зноў амаль усё, але не адразу, а часткамі. Так бы мовіць, па капеечцы.

Вось і ўся сутнасць «прынцыпова новай фінансавай палітыкі», за якую хвалілі «валацілаў» нават дэмакратычныя СМІ.

Рэжым, ягоная абслуга зноў беларусаў надурвае. Іншы народ ужо даўно б за цапы ўзяўся, каб усю гэтую набрыдзь змалаціць, а наш стаіць і рэпу чэша: «Валаціць? Не валаціць? Кажуць жа: павалачэмся ў Еўропу…»

Ну-ну.

«Пада-а-йце капе-е-ечку…»

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?