Добрыя навіны з Беларусі прыходзяць рэдка, але ў мінулыя выходныя Аляксандр Лукашэнка памілаваў шэсць палітычных зняволеных.

Для памілаваных, якія адбывалі шматгадовыя тэрміны за пратэсты супраць аўтакратыі ў Беларусі, гэта стала прынамсі палёгкай, якую віталі мясцовыя дэмакраты і міжнародная супольнасць.

Лукашэнка назваў сваю пастанову актам «гуманізму». Аднак гэта быў старанна вылічаны ў часе тактычны ход для таго, каб дамагчыся прыхільнасці Еўрапейскага Звязу падчас росту ўнутранага і геапалітычнага ціску.

Пытанне ў тым, ці зможа ён дамагчыся поспеху гэтым разам.

Лукашэнка ніколі не саромеўся душыць і саджаць у турму палітычных апанентаў. 

Найбольш вядомы з іх, Мікалай Статкевіч, балатаваўся на прэзідэнцкіх выбарах у снежні 2010 года, і, калі вынікі галасавання былі сфальсіфікаваныя для таго, каб забяспечыць перавыбранне Лукашэнкі, стаў на чале мірнай масавай акцыі пратэсту. Паліцыя жорстка разагнала дэманстрацыю і арыштавала блізу 700 мітынгоўцаў.

Статкевіч і яшчэ больш за сорак актыўных дэмакратаў атрымалі шматгадовыя турэмныя тэрміны на паказальных працэсах. З тых часоў гэтыя вязні сумлення пакрысе выходзілі на волю, але толькі пасля таго, як вымушана падпісвалі зневажальныя прашэнні аб памілаванні.

Статкевіч і яшчэ пяцёра, выпушчаныя з турмы ў мінулыя выходныя, цвёрда адмаўляліся пісаць прашэнні, выклікаючы тым самым гнеў Лукашэнкі.

Схаваны матыў гэтай пастановы, аднак, відавочны.

Узяцце палітычных закладнікаў ніколі не было для Лукашэнкі толькі сродкам прымусіць замаўчаць сваіх крытыкаў. Яны, болей, заўсёды служылі «валютай» у ягоных стасунках з ЕЗ. Лукашэнка вызваляе іх кожны раз, калі патрэбнае пацяпленне стасункаў з Захадам.

Гэта зазвычай адбываецца, калі галоўны фундатар Лукашэнкі — Расея — павялічвае свой палітычны ціск ці зніжае фінансаванне. Так было пасля 2008 года, калі расейская вайна супраць Грузіі стала недвухсэнсоўным знакам рэваншызму Крамля, што несла патэнцыйную пагрозу для беларускай дзяржаўнасці.

Гэта таксама адбылося, калі праз сусветны фінансавы крызіс Беларусь апынулася ў цяжкім эканамічным становішчы. Лукашэнка тады вызваліў траіх палітвязняў і, у сваю чаргу, атрымаў шчодрыя міжнародныя крэдыты і запрашэнне далучыцца да ініцыятывы ЕЗ «Усходняе партнёрства».

Сёння сітуацыя наўдзіў падобная.

У геапалітычным плане вайна Расеі супраць Украіны вельмі выяўна паказала, наколькі далёка пойдзе Крэмль для сцвярджэння сваёй сфэры ўплыву на постсавецкай прасторы. Каб гарантаваць сабе хоць нейкую бяспеку, Лукашэнка пільна мае патрэбу ў аднаўленні супрацоўніцтва з Еўропай пасля доўгіх гадоў ізаляцыі.

Такім чынам, ягоныя дыпламаты былі адпраўленыя ў сталіцы ЕЗ з пасланнем, якое абвяшчала, што, улічваючы паводзіны Пуціна, Лукашэнка сапраўды з'яўляецца меншым злом. Затым дзверы ў Мінску расчыніліся для палітыкаў ЕЗ, экспэртаў і лабістаў, у спадзяванні, што геапалітычная стабільнасць адсуне на задні план правы чалавека і дэмакратыю.

Эканамічна Беларусь пацярпела ад адначасовых вострых спадаў у Расеі і Украіне, яе першым і трэцім значнасцю гандлёвых партнёрах.

Узровень экспарту знізіўся. ВУП скарачаецца ўпершыню з 1997 года. Са студзеня беларускі рубель страціў больш за траціну сваёй вартасці, а восеньскія пазыковыя выплаты пацягнуць за сабой небяспечнае памяншэнне золатавалютных запасаў.

Між тым, ахвота, і, магчыма, жаданне Расеі даваць Беларусі фінансавую падтрымку не бязмежныя. З адсутнасцю іншых крыніц, Беларусь глядзіць у бок Захаду ў пошуках гатоўкі. Для гэтага, аднак, трэба пакласці канец палітычнай ізаляцыі краіны.

У самой Беларусі набліжаецца кастрычніцкае «пераабранне» Лукашэнкі. Там ён сапраўды не будзе мець праблем з пяццю паслухмянымі кандыдатамі ад кіраванай апазіцыі.

Замест гэтага яму давядзецца турбавацца аб простых беларусах, якім ён зазвычай істотна падвышаў заплату перад выбарамі. Зрабіць гэта цяпер з пустым скарбам цяжка.

Замест гэтага Лукашэнка пазіцыянуе сябе ў якасці адзінага гаранта незалежнасці і стабільнасці для беларусаў. Ён выдатна разумее, што гэта будзе выглядаць больш пераканаўча, калі місія назіральнікаў АБСЕ станоўча ацэніць вынік блізкіх выбараў.

Лукашэнка, безумоўна, чакае, што неяк акупіцца гасціннасць, выяўленая ім пры правядзенні ў Менску перамоў (хоць і бясплённых) аб крызісе ва Украіне.

Прасцей кажучы, ён ізноў шукае прызнання і грошай на Захадзе.

Ці памятае ЕЗ, да чаго прывяла яго спроба зблізіцца з беларускім рэжымам у 2008 годзе? Яшчэ да канца 2010 года Лукашэнка прамантачыў атрыманыя ад Захаду сродкі, вярнуўся пад крыло Пуціна і ўзяў у закладнікі новых палітычных зняволеных — апошнія з якіх выйшлі на волю ў мінулыя выходныя.

Калі Еўропа не выявіць цвёрдасці ў некаторых пытаннях, яна рызыкуе трапіцца на той самы кручок.

Па-першае, Еўропа павінна прызнаць, што ў той час як гэтыя шэсць палітычных зняволеных былі памілаваныя, Менск актыўна шукае ім «замену».

Тры моладзевыя актывісты, арыштаваныя за графіці «Беларусь мае быць беларускай», якія фактычна мала адрозніваюцца ад афіцыйнай прапаганды, атрымалі тыя ж абвінавачванні ў «хуліганстве», за якое сядзелі чацвёра з надоечы вызваленых.

Гэта новая справа ў распрацоўцы павінна аслабіць энтузіязм усіх у ЕЗ, хто мяркуе, што цяпер сама пара для паўторнага збліжэння з беларускім урадам.

Па-другое, ЕЗ ужо даўно патрабуе не толькі вызвалення палітвязняў, але і іх поўнай рэгабілітацыі. Апошняя ўмова не была выкананая ні ў выпадку вызваленых у мінулыя выходныя, ні ў выпадку каго-небудзь з тых, хто быў асуджаны, пасаджаны ў турму і вызвалены пасля 2010 года.

Ва ўсіх гэтых пытаннях ЕЗ павінен заставацца верным сваім першапачатковым умовам аднаўлення ўзаемадзеяння з беларускім урадам.

Наступным крокам ЕЗ павінен стаць пераход да поўнага набору умоў, сфармуляваных пачынаючы з 2006 года для нармалізацыі стасункаў з Беларуссю. Сюды ўваходзяць свабодныя выбары, СМІ, грамадзянская супольнасць, незалежная судовая сістэма і свабода сходаў для працоўных і прадпрымальнікаў.

Звядзенне гэтых патрабаванняў да безумоўна важнага пытання вызвалення палітычных зняволеных толькі расцягвае гульню ў ката і мыш, у якую Беларусь навучылася так па-майстэрску гуляць з ЕЗ.

Па-трэцяе, АБСЕ павінна быць дазволена назіраць за прэзідэнцкімі выбарамі ў кастрычніку 2015 з звычайнымі прыхільнасцю і сумленнасцю. Вельмі імаверна, будзе ажыццяўляцца палітычны ціск з мэтай паслаблення крытыкі выбарчага працэсу альбо з боку тых, хто імкнецца узнагародзіць Лукашэнку за праведзеныя ў Менску перамовы аб Украіне, альбо тых, хто шукае магчымасці збліжэння з геапалітычных прычына, з нацыянальных інтарэсаў ці для бізнэс-сувязяў.

Ні адзін з гэтых матываў не павінен падважыць прынцыповасць АБСЕ ў назіранні за выбарамі.

Нарэшце, аб фінансавай дапамозе не можа быць і гаворкі. Эканамічныя беды Беларусі ідуць знутры: яны з'яўляюцца вынікам безгаспадарчасці, адсутнасці структурных рэформаў, залежнасці ад замежных субсідый і злоўжывання ўладай.

Ніводзін з папярэдніх крэдытных пакетаў і грантаў, перададзеных Беларусі, не прычыніўся да глыбокіх або трывалых эканамічных змен. Яны толькі дапамаглі забяспечыць выжыванне рэжыму Лукашэнкі.

Вызваленне шасці палітычных зняволеных у Беларусі можна толькі вітаць. Тым не менш, наўрад гэта можна ўважаць за прыкмету лібералізацыі закасцянелай аўтакратыі Аляксандра Лукашэнкі.

Рэакцыя Еўропы была ў найлепшым выпадку асцярожнай. І небеспадстаўна. Калі пільнавацца прынцыповай пазіцыі гэтым разам, то можна ўнікнуць зробленых у мінулым палітычных памылак Еўропы, якія заўсёды прычыняліся да большага, а не меншага ліку ахвяр палітычных рэпрэсій.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?