Лятучы ўніверсітэт разам з вядомым культуролагам і гісторыкам мастацтва Сяргеем Харэўскім запрашае выправіцца 6 верасня ў чарговае навуковае падарожжа ў пошуках «трэцяе беларускае праўды».

Маршрут падарожжа: Мінск — Магілёў — Мсціслаў — Пустынкі — Мазалава — Ануфрыева

Гэтым разам нашае навуковае падарожжа ў пошуках «трэцяе беларускае праўды» завядзе нас туды, адкуль над Беларуссю ўзыходзіць Сонца. Нас чакае сустрэча з легендарнай Мсціслаўскай зямлёю, краем, што ляжыць на самай усходняй мяжы, дзе сівая даўніна паснула ў велічных курганах.

Там нарадзілася багата выбітных людзей, якія ўславілі родны край: першадрукар Пётар Мсціславец, гісторык Адам Ганоры Кіркор, архелолагі Міхась Ткачоў і Алег Трусаў, падарожнікі і грамадскія дзеячы Мікалай Судзілоўскі і Аляксандр Эстрын, пісьменнік Максім Гарэцкі і архітэктар Леў Вітан-Дубяйкоўскі, мастакі Абрам Маневіч і Ізраіль Басаў, пра якіх мы павядзем свае гутаркі.

Як сталася, што некалі багацейшы край стаўся краем нашае зямлі? Чаму мсціслаўцаў называюць «недасекамі»? Якія археалагічныя адрыцці былі зробленыя тут? І, урэшце, якія цуды тут здараліся? Пра гэтае і шмат што іншае будуць нашыя развагі.

Тамсама мы ўбачым старажытныя манастыры XIV-XVIII стагоддзяў — у Пустынках, дзе цурчыць святая крыніца, а нядаўна адкрыўся нерукатворны абраз Хрыста Збаўцы, а таксама ў Мазалаве і Сяльцы, агледзім шматлікія помнікі даўніны ў самім старажытным Мсціславе: старадаўнія цэрквы, касцёлы ды сінагогі. Святыя крыніцы і возера Святое, здабыткі гісторыі і культуры, родныя мясціны літаратараў, гісторыкаў, мастакоў чакаюць нас.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна