«Быць у крыві — гэта зусім іншае», — дадае ён. — «У Беларусі байкот выбараў немагчымы», а крытыка апазіцыі для кампаніі «Гавары праўду» ідзе толькі на карысць, — упэўнены Андрэй Дзмітрыеў. — Мы цяпер ня звязаныя ні радыкальнай рыторыкай БНФ, ні іміджам апазіцыі», — кажа ён.

Некалькі актывістаў кампаніі «Гавары праўду» праводзілі дзень ведаў 1 верасня ў Вільні. Разам з сацыёлагамі і экспертамі яны працягваюць абмяркоўваць, як праводзіць выбарчую кампанію Таццяны Караткевіч. На радзіме для многіх «Гавары праўду» канчаткова ператварылася ў праект КДБ, але кіраўніка кампаніі Андрэя Дзмітрыева гэта не моцна палохае. Дзмітрыеў распавёў Паўлу Шарамету, у чым сэнс удзелу Таццяны Караткевіч у прэзідэнцкай кампаніі і чаму яму важна дайсці да канца прэзідэнцкай гонкі, нягледзячы на абвінавачванні ў супрацоўніцтве са спецслужбамі.

«Узнікае адчуванне, што ад вас ужо адвярнуліся усе ў беларускай апазіцыі — асобныя лідары, цэлыя партыі. Вы ператвараецеся ў пракажоных беларускай апазіцыі. На што Вы асабіста і ваша кампанія «Гавары праўду» у гэтай сітуацыі разлічваеце?» — спытаўся Ў Андрэя Дзмітрыева Павел Шарамет.

«Па-першае, я б не казаў занадта гучных слоў. Гэта выбары — эмоцыі б'юць праз край і кожны хоча, каб менавіта на яго звярнулі ўвагу, таму кажа такія рэчы, якія, у яго разуменні, зачэпяць медыі, і ўсе пачнуць пра гэта пісаць.

У 2010 годзе, калі мы ўспомнім, была тая ж самая сітуацыя: усе казалі, што ГП — гэта спараджэнне пекла, якое пекла і фінансуе, а потым выдатна фармавалі кааліцыі і працавалі. Таксама будзе і гэтым разам», — мяркуе Дзмітрыеў.

«Тое, што адбываецца, гэта нармальны палітычны працэс, — кажа ён. — Нашы паплечнікі па дэмакратычнай кааліцыі [міжволі] дапамагаюць Таццяне зрабіць так, каб грамадства бачыла яе не як прадстаўніка той апазіцыі, якую беларусы не любяць з-за пастаянных сварак, а як новы, альтэрнатыўны твар.

Напрыклад, рашэнне БНФ выйсці з кампаніі шкодзіць рэпутацыі самога БНФ, але дазваляе Таццяне сказаць, што яна не рэпрэзентуе апазіцыйныя партыі, але з'яўляецца альтэрнатывай цяперашняй уладзе».

«Тое, што зрабіў Аляксей Янукевіч, гэта мужны крок: ён ахвяраваў сваёй рэпутацыяй і рэпутацыяй партыі, каб Караткевіч стала чыстым кандыдатам без негатыву, які цягнецца шлейфам за апазіцыйнымі партыямі», — мяркуе Дзмітрыеў.

«БНФ сышоў, гэта была апошняя апазіцыйная партыя, якая падтрымлівала Караткевіч афіцыйна. Але пры гэтым БНФ дапамог сабраць подпісы, г.зн. галоўная задача выкананая — подпісы ёсць. Зараз пачынаецца агітацыя, калі трэба казаць аб праграме, аб нейкіх сваіх кроках, і мы цяпер не будзем звязаны па руках ні радыкальнай рыторыкай БНФ, ні негатыўным іміджам апазіцыйных партый», — цешыцца Дзмітрыеў.

«Актыў БНФ з намі застанецца, — упэўнены ён. — Мы таксама будзем выступаць пад бел-чырвона-белымі сцягамі. Мы ўсё роўна будзем казаць пра беларускую мову, толькі ў больш мяккім фармаце. Мы кажам пра неабходнасць не дапусціць расійскіх вайсковых баз у Беларусі. Толькі зараз мы можам спакойна казаць так, каб пачула большасць беларусаў».

«Важна тое, што факт адбыўся, — даказвае Дзмітрыеў. — У дэмакратычных сіл ёсць кандыдат і, хочуць яны таго ці не хочуць, але для большасці грамадства Таццяна Караткевіч будзе кандыдатам дэмакратычных сіл. І сёння прэзідэнцкая кампанія становіцца выбарам паміж Лукашэнкам і Караткевіч, бо астатніх кандыдатаў ніхто не будзе ўспрымаць сур'ёзна. І задача заключаецца ў тым, як мабілізаваць пад Караткевіч як мага больш людзей».

На думку Дзмітрыева, апазіцыя ўсё адно не магла б кампаніі Караткевіч дапамагчы.

Што да словаў Уладзіміра Някляева, які назваў Дзмітрыева агентам КДБ, Андрэй адказаў так: «Мне шкада, што хтосьці пераканаў Някляева ці ён сам сябе пераканаў менавіта ў такой версіі падзей. Яна, магчыма, многае для яго тлумачыць, але з'яўляецца абсалютна памылковай. Але адказваць цяпер — то накідваць на наш традыцыйны вентылятар, а ён хутка зламаецца ад таго багацця дзярма, які на яго ўжо накідалі.

Усе гэтыя пытанні мы будзем вырашаць пасля 11 кастрычніка. Але зараз усе нашы маленькія рэсурсы трэба сканцэнтраваць на тым, каб дзяўбсці народ дзеля пераменаў. Усё, што я чую ад людзей, якія не ўваходзяць у кола апазіцыі, гэта толькі стома ад сварак і ўзаемных абвінавачванняў паміж лідарамі. Беларусам ужо ўсё роўна, хто там агент ці не агент ўнутры апазіцыі, яны хочуць, каб хоць хтосьці штосьці зрабіў.

«Вы ўвесь час кажаце пра 11 кастрычніка, пры гэтым я ўпэўнены, самі выдатна разумееце, што нічога прынцыпова не зменіцца і ніхто не зможа перашкодзіць Лукашэнку перамагчы на выбарах. Лукашэнка стане прэзідэнтам, як бы ні прагаласаваў беларускі народ, бо ніхто не зможа пракантраляваць вынікі гэтага галасавання. І што зменіцца пасля 11 кастрычніка? Вы будзеце несці ўсю паўнату маральнай адказнасці за легітымізацыю дыктатуры», — запярэчыў Дзмітрыеву Павел Шарамет.

«Ні ў адным з крытэраў АБСЕ няма пункта аб абавязковым удзеле апазіцыі ў выбарах. Выбары — гэта палітычнае рашэнне палітычных партый. Для Еўропы з пункту гледжання не палітыкі, а закона Цярэшчанка, Гайдукевіч і Улаховіч — дакладна такія ж апазіцыянеры, як Лябедзька, Калякін, Саннікаў і Статкевіч. З фармальнага пункту гледжання закона яны ўсе балатуюцца супраць Лукашэнкі.

Калі АБСЕ будзе прытрымлівацца літары закону, то ім будзе ўсё роўна — падстаўныя ці не падстаўныя: подпісы сабралі, зарэгістраваліся, правялі кампанію, прайгралі.

Калі не будзе ў спісе Караткевіч, то я ўпэўнены, што падлік галасоў будзе такім сумленным, якім не быў ніколі ў Беларусі за апошнія гадоў 15. І што мы потым будзе казаць: «Ой, мы памыліліся»? У «Гавары праўду» ужо даўно іншая стратэгія», — кажа Дзмітрыеў.

«У Беларусі няма байкоту. Яго нельга арганізаваць, немагчыма правесці», — мяркуе ён.

«Другая відавочная рэч: легітымізацыя ўлады адбываецца двума шляхамі і яны не звязаныя з выбарамі. Першы шлях — гэта грошы Расіі. І другое — гэта падзеі ва Ўкраіне. Пазіцыя Лукашэнкі па Украіне легітымізуе яго для Еўропы значна больш, чым усе разам узятыя апазіцыянеры. Бо Еўропа хоча, каб Лукашэнка заставаўся ў пазіцыі паміж Расіяй і Украінай, а не сышоў у бок Масквы ў гэтым пытанні.

І чым мацнейшым будзе голас Караткевіч, тым выяўней мы зможам паказаць Еўропе, што за Лукашэнку стаіць не 85% беларусаў, а значна менш. Чым больш галасоў набярэ Караткевіч, тым больш у нас шанцаў казаць Еўропе, што мы хочам. Калі апазіцыя праігнаруе цяперашнія выбары, то ў яе не будзе магчымасці нешта патрабаваць ад Еўропы. Тады апазіцыя застанецца ў такім жа разабраным стане, у якім ён ёсьць і гэта, сапраўды, стане легітымізацыяй рэжыму», — кажа Дзмітрыеў.

«Мы не ведаем, які сцэнар быў і ёсць ва ўлады, і ніхто не ведае, як яна вырашыць пашыхтаваць гэтую шахматную дошку», — кажа Дзмітрыеў.

«Мы не ведаем, колькі ёй [Караткевіч] дадуць [напішуць] галасоў, але значна важней, колькі за яе прагаласуюць», — кажа Дзмтрыеў.

«Ва ўмовах нарастання крызісу, калі кіраўнік краіны ў гадзінніку за 15 тысяч еўра заклікае нас купляць беларускае, калі нам распавядаюць байкі, чым мацнейшы у нас будзе альтэрнатыўны голас, тым больш шанцаў на поспех нашага ціску», — уважае Дзмітрыеў.

«Ва ўмовах дыктатуры, ва ўмовах аўтакратыі перамогай проста з'яўляецца відавочнае ўзмацненне альтэрнатыўных сілаў. Ўзмацненне да такой ступені, што іх пачынаюць слухаць», — думае ён.

«Палітыка — гэта эфектыўнае рашэнне задач у зададзеных магчымасцях. У гэтых умовах наша задача — максімальна ўзмацніцца. Сёння ніхто не можа сказаць, у 2017 годзе рэжым абрынецца ці не, бо Расія пачне абвальвацца. Наша задача — быць максімальна гатовым да любых пераменаў. Чым мацнейшы наш голас, тым больш мы гатовыя».

«Калі вы кажаце пра аўтарытэтных, то ў Беларусі няма аўтарытэтных палітыкаў, — мяркуе Дзмітрыеў. — Для людзей Караткевіч у бюлетэні будзе значна аўтарытэтнейшай, чым усе астатнія лідары, якія ігнаруюць выбары і ў бюлетэні не знаходзіцца. Гэта аксіёма палітыкі», — лічыць ён.

«Караткевіч цяпер, падабаецца вам гэта ці не падабаецца, — аптымальны кандыдат у гэтай сітуацыі. Яна не палохае людзей, якія заклапочаныя сваімі праблемамі, але пры гэтым проста баяцца за сваё жыццё», — кажа Дзмітрыеў.

«Някляеў і Статкевіч заклікалі людзей выйсці на Плошчу. Вы як да гэтага ставіцеся?» — запытаўся Ў Дзмітрыева Шарамет.

«Скажу вам шчыра, у мяне асабіста пакуль няма разумення, як нам правільна правесці 11 кастрычніка, — адказаў Дзмітрыеў. — З аднаго боку, людзі маюць права на мірны пратэст. З іншага боку, гледзячы на тое, што адбываецца ва Украіне і на неадэкватную пазіцыю рускіх, разумею, што і ўнутры беларускай улады ёсць група цалкам неадэкватных людзей, якія гатовыя на любую правакацыю, я не ведаю, што рабіць.

Мы б выйшлі як мірныя людзі, а супраць нас зладзілі б правакацыю. І тады мы ўсе будзем не ў дзярме, як вы нас палохаеце, а ў крыві. У дзярме быць не страшна, можна ісці далей і даказваць людзям сваю рацыю. А быць у крыві — гэта зусім іншае.

Мы будзем думаць над 11 кастрычніка», — сышоў ад адказу Дзмітрыеў.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?