Яшчэ трохі — і мы апынемся ў свеце танных рэчаў, створаных 3D-друкаркамі, і цалкам кастамізіраваных прадуктаў; дэцэнтралізаваным грамадстве доўгажыхароў, якім кіруе інтэлектуальная эліта. Але ці ж апынемся?

Пра будучыню сусветнай сацыяльна-эканамічнай сістэмы і перспектывы Беларусі стаць яе часткай Bel.biz пагаварыў з Паўлам Данейкам, генеральным дырэктарам бізнэс-школы IPM.

Фота: Вікторыя Якімава

Фота: Вікторыя Якімава

Усё будзе танна

Вы можаце ўявіць, што 1-хвілінная размова паміж Лонданам і Нью-Ёркам у 1960 годзе каштавала $60? Са з'яўленнем інтэрнэту мы апынуліся ў зусім іншай рэальнасці: званок не каштуе нічога, а трансакцыйныя выдаткі ў цэлым імкнуцца да нуля (гэта выдаткі, звязаныя з вядзеннем перамоваў, заключэннем здзелак, дамоваў і адсочваннем іх выканання — словам, усё тое, чаго не было ў Рабінзона Круза).

Рэчы стануць таннымі, у людзей зменіцца патрэба ў валоданні імі, а прадаўцы пачнуць гандляваць эфектам, а не прадметамі, з дапамогай якіх яго можна атрымаць. Праявы гэтага трэнду мы можам заўважыць ужо сёння: замест грузавога аўтамабіля прадаюцца мілі, замест пральнай машыны — пранні.

Сістэма вытворчасці будзе вымушана падладзіцца, бо, калі прадавец гандлюе рэчамі, ён зацікаўлены ў тым, каб мы іх часта мянялі, а калі таварам становяцца мілі, мяняецца і яго інтарэс: машына павінна працаваць вечна.

Гэта будзе трагедыяй для эканамістаў, таму што ўся эканоміка круціцца вакол чароўных слоў «рост ВУП». А тут выходзіць, што мы можам мець менш рэчаў, і пры гэтым жыць лепш.

Пасярэднікі больш не патрэбныя

Дзякуючы распаўсюджванню інтэрнэту, мы ўступілі ў эру краўд-эканомікі. Пасярэднікі для ажыццяўлення пакупак больш не патрэбныя, каб дамовіцца адзін з адным, нам дастаткова аб'яднацца ў сетку. Такое ўзаемадзеянне стане нармальнай практыкай для вырашэння пытанняў на розных узроўнях: выкарыстанне рэсурсаў, кантроль за палітыкамі і адміністрацыямі, якiя выконваюць замовы лакальных супольнасцяў. Мы значна знізім выдаткі на кіраванне, а гурба непатрэбных людзей і адміністрацый (многія з якіх нас раздражняюць) знікне. Гэта прывядзе да таго, што цэлы шэраг інстытутаў сучаснага капіталізму будзе трансфармаваны.

Правіць новым грамадствам будзе інтэлектуальная эліта

Распаўсюджванне інтэрнэту змяніла падыход да атрымання ведаў, павялічыўшы магчымасці тых, хто ўчора цікавіўся самвыдатам.

Сучасныя школьнікі бяруць задачу і пачынаюць шукаць тыя веды, якія дазволяць яе вырашыць. Гэта вядзе да значна больш глыбокага засваення інфармацыі і дазваляе тым, хто цікаўны і пры гэтым умее дзяліць тэкст і структураваць запыты, на галаву адарвацца ад «сярэднячкоў». Гэта трывожная рэч, таму што раней разрыў паміж «сярэднячкамі» і «выдатнікамі» быў не такім адчувальным. А зараз ён катастрафічны. Новыя выдатнікі сфарміруюць інтэлектуальную эліту — новы клас у новым грамадстве, да якога мы ідзем.

Тыя, каму цяпер 30, дажывуць да 100 гадоў

Свет будучыні будзе бяспечным. Гэта тычыцца не толькі машын, але і людзей — з кожным годам будзе з'яўляцца ўсё больш прыбораў, здольных кантраляваць стан тэхнікі і чалавечага арганізма. Гэта значыць, катастроф стане менш, як у жыцці людзей, так і тэхнагенных. Таму мае віншаванні пакаленню 80-х: яны маюць усе шанцы адсвяткаваць стагадовы юбілей! (мы гаворым аб амерыканскім і заходнееўрапейскім грамадстве зараз, вядома ж).

А цяпер давайце ўявім, як гэта памяняе жыццё. Раней мужчына ў 60 выходзіў на пенсію, у 65 сумленна паміраў, і ўсе былі шчаслівыя, больш за ўсіх — сістэма сацыяльнага забеспячэння. А зараз у 25 ты пачынаеш працаваць, у 60 выходзіш на пенсію і яшчэ 40 гадоў жывеш на ўтрыманні ў дзяржавы?!

А што будзе з інстытутам шлюбу? У 25 ажаніліся і 75 гадоў разам? Гэта даволі складана, тым больш у свеце, каштоўнасная сістэма якога непазбежна зменіцца.

Мы ўступаем у свет, дзе атамы тутэйшыя, а байты глабальныя

Мы (тут я маю на ўвазе свет) стаім на парозе тэхналагічнай рэвалюцыі ў вытворчасці, рухаць якую будуць 3D-друкаркі. Адзін аўтар добра сказаў, што тэхналогія 3D-друкарак сёння знаходзіцца ў такім жа стане, як інтэрнэт у 1995 годзе. Тады мы трацілі па 10 хвілін на загрузку карцінкі, і ніхто не мог падумаць, што праз некалькі гадоў з'явяцца сацсеткі, пошукавікі… Але ў 1995 годзе для гэтага ўжо ўсё было гатова. Прыкладна тое ж самае зараз адбываецца з 3D-друкаркамі.

3D-друкаркі дазволяць скараціць поўныя выдаткі на вытворчасць тавараў. Па-першае, таму што яны вырабляюць гатовыя прадукты, якія не патрабуюць зборкі. 3D-друкаркі — вытворчасць не на масавы рынак, а пад замову, а значыць, няма складскіх запасаў ні на ўваходзе, ні на выхадзе — гэта па-другое. І, нарэшце, фабрыкі 3D-друкарак — гэта месца, у якім можна рабіць розныя прадукты з адных і тых жа матэрыялаў. Ім усё роўна, што вырабляць, таму што галоўны прадукт — праграмнае забеспячэнне.

Як сказаў адзін мудры аўстраліец, мы ўступаем у свет, дзе атамы тутэйшыя, а байты глабальныя. І кошт, які генеруецца ў свеце, паступова ссоўваецца ў бок байтаў. Заўважыць гэты рух мы можам, зірнуўшы на легкавы аўтамабіль: да 30% яго кошту — гэта праграмнае забеспячэнне і электроніка.

Сацыяльным наступствам тэхналагічнай рэвалюцыі стане дэцэнтралізацыя сацыяльных структур, з-за павышэння значнасці лакальных вытворчасцей.

Шостай хваляй кандрацьеўскага цыклу будзе эфектыўнае выкарыстанне энергарэсурсаў

Мы маем неверагодна неэфектыўнае спажыванне энергіі, і сусветная супольнасць будзе вымушана вырашаць гэтую праблему. Лічыцца, што шостай хваляй кандрацьеўскага цыклу будзе эфектыўнае выкарыстанне энергарэсурсаў.

У гэтым кантэксце пераход на аднаўляльныя крыніцы будзе ў трэндзе ў найбліжэйшыя дзесяцігоддзі. І вось адзін з фактаў на карысць гэтай думкі. У мінулым годзе камерцыйная цана сонечнай і ветравой энергіі ў сонечным поясе штатаў была ніжэйшай, чым газу. Гэта значыць, што эфектыўнасць альтэрнатыўнай энергетыкі можа абагнаць эфектыўнасць вуглевадароду.

Другі трэнд — гэта здольнасць захоўваць энергію: будучыня за акумулятарамі Маска і іншымі тэхналогіямі, якія дазваляюць захоўваць і перадаваць невыкарыстоўваную энергію. Вядома ж, па-ранейшаму ў трэндзе застанецца зніжэнне колькасці спажыванай энергіі для дасягнення тых жа мэтаў.

Кастамізацыя будзе развівацца, таму што данесці вашу індывідуальнасць стала танна

Вынікам зніжэння трансакцыйных выдаткаў і тэхналагічнай рэвалюцыі стане поўная кастамізацыя прадуктаў. У эпоху фабрычнай вытворчасці ў Кітаі адшывалі 10 млн касцюмаў невядома для каго. Зараз мы вяртаемся да таго, што рэчы зноў будуць насіць індывідуальны характар, як у сярэднявеччы. Паглядзіце хоць бы на сучасныя легкавыя аўтамабілі — яны маюць столькі варыянтаў камплектацыі, што фактычна ператварыліся ў індывідуальныя.

Мы на парозе падаражэння даляра

Калі федэральныя рэзервовыя сістэмы ЗША падымуць працэнтныя стаўкі, даляр рэзка ўмацуецца да ўсіх асноўных валют. Нацыянальныя валюты ўсіх краін, якія здабываюць сыравіну, працягнуць падзенне, таму што сыравінныя рынкі сыходзяць у доўгую дэпрэсію.

У свеце не адбываецца нічога незвычайнага

Адзінае адрозненне эканамічнай агульнасусветнай рэальнасці сённяшняй ад учорашняй — у значным паскарэнні чарады крызісаў і змяненняў, якія адбываюцца па прычыне зніжэння трансакцыйных выдаткаў і паскарэння працэсаў. Пры гэтым цяжка сказаць, што ў свеце становіцца больш хаосу. Калі мы супаставім апошні сістэмны крызіс капіталізму ў 2007—2009 гадах, то наступствы цяперашняга крызісу на яго фоне мінімальныя.

Нарастаюць хуткасці, устойлівасць сусветнай эканомікі захоўваецца, але тэмп развіцця канфліктаў і крызісаў патрабуе зменаў.

У найбліжэйшыя гады асабліва складана будзе краінам, завязаным на рэсурсах, таму што нафта і сыравіна будуць таннець. Мы ведаем з эканамічнай тэорыі, што залежныя ад сыравіны краіны маюць няўстойлівае развіццё, таму што рынкі сыравіны цыклічныя. А з першага разу нармальна перажыць эйфарыю сыравіннай рэнты цяжка. Мабыць, ні адна краіна ў свеце, акрамя Нарвегіі, з першага разу не змагла разумна абысціся з гэтай рэнтай. Уявіце сабе сітуацыю, што вы жылі ў галечы і на вас абрынулася куча грошай. Толькі спадчынна багатыя ўмеюць распараджацца вялікімі грашыма, а калі ты раптам выскачыў — гэта складана. Таму большасць краін СНД чакае крызіс, які вымусіць іх перабудавацца. Хтосьці зможа развіць больш рэальны сектар, хтосьці — не. Гадоў праз 10 будзе новы сыравінны ўсплёск і другі шанец скарыстацца сітуацыяй разумна.

Мы памятаем узлёты арабскіх шэйхаў, калі яны скуплялі па палове Англіі (як гэта рабілі да нядаўніх часоў расіяне). А потым супакоіліся, і цяпер іх асабліва ніхто не бачыць. Не, яны не сталі бяднейшымі, проста яны сталі багатымі другі раз. І ў другі раз ім гэта ўдаецца лепш.

Усе дыскусіі ў беларускім грамадстве па-ранейшаму ідуць па парадку 90-х гадоў

Свет мяняецца, а Беларусь не, таму яна ў гэты агульнасусветны кантэкст не ўпісваецца. Усе дыскусіі ў беларускім грамадстве па-ранейшаму ідуць па парадку 90-х гадоў: прыватызаваць/не прыватызаваць — усё гэта ўчорашні дзень. У нас жа ўжо і прыватызаваць няма чаго. Дзяржаўнай уласнасці поўна, але прадаць яе нельга, таму што яна нікому не патрэбна.

А вось дыскусіі пра будучыню, якая нас чакае, у грамадстве не чуваць. Беларусаў наогул цяжка прымусіць глядзець хаця б на год наперад, не кажучы ўжо пра 10—15 гадоў.

Замест атамаў нам трэба пачаць вырабляць байты, але яны ствараюцца галавой. І калі наша краіна рэзка не зменіць структуру фінансавання навукі і адукацыі, не падыме якасць гэтых двух інстытутаў у грамадстве, то ў адкрытыя ў будучыню дзверы мы проста не зможам ўвайсці. Там будзе пароль — аб'ём ведаў. А мы гэтым паролем не валодаем. І калі мы не згенеруем эканоміку ведаў, наш лёс — фабрычнае мінулае.

ПВТ — гэта адна з найлепшых ідэй беларускай незалежнасці

У нас створаны па-сапраўднаму магутны сектар — ПВТ. Але ў нашых айцішных праектаў ёсць асаблівасць: большасць з іх ўзнікала не зусім звычайна з пункту гледжання традыцыйных падыходаў на Захадзе, хутчэй, як сяброўскія вячоркі, не патрабуючы фінансавання на першым этапе. Але гэты этап скончыўся з першымі поспехамі.

І цяпер перад сектарам стаіць задача стварэння інфраструктуры, накіраванай на падтрымку новых праектаў, а гэта акселератары, доступ да фінансавання і неверагодна складанае пытанне прававога забеспячэння.

У найбліжэйшыя гады нічога не наладзіцца, і да гэтай сітуацыі мы не гатовыя

Ключавыя галіны эканомікі краіны на пэўным этапе яе развіцця становяцца клопатам, і ад іх трэба пазбаўляцца. Азірніцеся. Швецыя 30 гадоў таму была краінай сталявараў і суднабудаўнікоў. Японія і Кітай, якія пачалі сваё развіццё на базе лёгкай прамысловасці, прыйшлі да разумення, што электроніка мае вялікую дадатковую вартасць, і перагледзелі свае прыярытэты.

Каб перайсці да вытворчасці байтаў, нам трэба правесці структурныя рэформы і пачаць развіваць паслугі, сэрвісы, ствараць складаныя электронныя прадукты. Ёсць два шляхі структурных рэформаў: ва ўмовах недахопу і лішку працоўнай сілы. У першым выпадку (зараз мы гэта назіраем у Кітаі) стымулюецца закрыццё дзяржпрадпрыемстваў, і вызваленая рабочая сіла паспяхова пераразмяркоўваецца. Але калі ў краіне існуе пастаянны лішак працоўных рук, натуральнае пераразмеркаванне немагчыма. Тады трэба ствараць сістэму сацзабеспячэння беспрацоўных і сістэму іх перакваліфікацыі і пераразмеркавання. У гэтым выпадку дзяржава не выбірае, якія прадпрыемствы закрываць і якія галіны згортваць, гэта робіць рынак. А сацыяльная сістэма дазваляе вызваленую працоўную сілу і рэсурсы пераразмеркаваць у тыя галіны, якія хутка развіваюцца. Успомнім яшчэ раз Швецыю, дзе на базе суднабудаўнічых заводаў адкрылі музеі, будынкі ўніверсітэтаў і г.д.

Упершыню за 25 гадоў мы апынуліся ва ўмовах лішку працоўнай сілы і развялі рукамі, бо мэтанакіравана стварэннем амартызатараў структурных рэформаў у нас ніхто не займаўся.

Раней мы перажывалі кароткія крызісы па паўгода, і ўсё зноў наладжвалася. Але зараз усё не так: у найбліжэйшыя гады нічога не наладзіцца, і да гэтай сітуацыі мы аказаліся не гатовыя.

Я гляджу на будучыню Беларусі са стрыманым аптымізмам

Мы зараз перажываем нармальны гістарычны працэс: ёсць магчымасці, пагрозы, шанцы… Але наколькі мы імі скарыстаемся, можна толькі меркаваць. Па маім адчуванні, дзяржапарат, які адказвае за эканамічны складнік Беларусі, дастаткова кваліфікаваны і здольны вырашаць практычна любыя задачы. Пытанне толькі ў тым, якія задачы будуць пастаўлены.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?