Тэатр юнага гледача 1 чэрвеня вярнуўся ў «родны» будынак па адрасе Энгельса, 26. Абноўленая сцэна адкрылася пасля шасці сезонаў рэстаўрацыі. Дырэктар тэатра Ігар Варонін расказвае пра новы этап развіцця тэатра з пачаткам новага, 60-га сезона.

У новай зале 323 месцы — толькі крышку менш, чым было. Будынак тэатра захаваў свой знешні выгляд, але абноўлены ўсярэдзіне. Рэпертуар ТЮГ хоча запоўніць творамі сучасных беларускіх аўтараў, ад малых спектакляў сысці да маштабных і шматгапланавых.

Акрамя абноўленага галоўнага будынка тэатр атрымаў і новы адміністрацыйна-вытворчы комплекс, новыя асобныя буфеты для гледачоў і супрацоўнікаў.

На другім паверсе тэатра запрацуе музычная гасцёўня, дзе перад спектаклем і ў антрактах будуць граць маладыя музыкі з каледжа Глінкі і іншых навучальных устаноў. У бакавых фае будуць праводзіцца экспазіцыі дзіцячых малюнкаў, у тым ліку па матывах пабачаных дзецьмі спектакляў.

Разам з тым тэатр плануе запусціць на адным з тэлеканалаў адукацыйна-выхаваўчую праграму пра тэатр, уласныя праекты «Здароўе і культура» і «Чатыры сезоны».

Тэатр юнага гледача 6 сезонаў жыў у сціснутых умовах, сцвярджае мастацкі кіраўнік Уладзімір Савіцкі, ад чаго пацярпела як якасць і маштаб спектакляў, так і ўласна трупа.

Паводле яго слоў, тэатр страціў пакаленне гледача: многія і не ведаюць, дзе тэатр знаходзіцца. Цяпер асноўная задача, як бы то банальна не гучала, стварэнне высокаякасных спектакляў як для самай маладой аўдыторыі, так і для падлеткаў. Тэатр спадзяецца павялічыць маштаб спектакляў і іх мнагапланавасць, ладзіць спектаклі, у якіх будзе задзейнічаны практычна ўвесь персанал і новыя магчымасці сцэны.

З тэатра сёлета знялі патрабаванне па запаўняльнасці залі, дырэкцыя спадяецца, што такі параметр не вернецца і ў наступныя гады.

Мастацкі кіраўнік спадзяецца, што дзеці і бацькі будуць ісці на спектаклі па ўласным жаданні (і з асалодай), а не заганяцца школамі. Таксама, як адзначае дырэктар, тэатр хацеў бы прывабіць навучэнцаў прафтэхвучэльняў — рэдкіх гасцей тэатраў.

Балазе, спектаклі тэатра заўсёды запатрабаваныя. Беларуская мова (а на ёй пастаўленыя амаль усе спектаклі) не выклікае неразумення бацькоў ці дзяцей.

Да таго ж, у тэатры прыдумалі сродкі для знаёмства дзяцей з тэатральнай мовай, выдалі адмысловы слоўнічак для тых, хто ўпершыню трапіў у беларускі тэатр.

А састарэлыя ці незвычайныя словы, што пасуюць спектаклям па атмасферы і гучанні, але могуць быць незнаёмыя гледачу, «запакаваныя» ў такі кантэкст, дзе не могуць быць незразумелымі. Для гасцей з замежжа тэатр можа выкарыстоўваць і бягучы радок з перакладам.

Новы, ужо 60-ы сезон у гісторыі тэатра, адкрыецца «Сіняй птушкай» Марыса Метэрлінка. Рэжысёр-пастаноўшчык — Уладзімір Савіцкі.

«Сіняя птушка» разлічаная на гледача ад 10 год, але, як лічыць дырэктар тэатра, можа быць зразумелая і цікавая і маладзейшаму гледачу.

Надалей у афішы — «Зацюканы апостал», «Дарога на Віфліем», «Царэўна-жабка», «Крыху пяшчоты», «Тэдзі», «Шытая лялька Рэгедзі Эн» і «Кот у ботах». Тэатр дзеліць рэпертуар на спектаклі для самых маленькіх, «цудоўныя гісторыі і казкі» для старэйшай аўдыторыі і даволі дарослыя вечаровыя паказы, некаторыя з якіх разлічаныя на ўзрост ад 18 год (апошніх пакуль толькі пяць — тэатру хацелася б больш).

Да новага года плануецца сярод іншага «Чараўнік Ізумруднага горада», пасля — «Дон Кіхот» паводле Булгакава, у красавіку-маі — «Дзікае паляванне караля Стаха». Цалкам пабачыць афішу можна на сайце тэатра.

У праграме магла б з’явіцца і «Цаляначка», але спектакль арыентаваны на механізацыю, што не атрымалася «праштурхнуць» у рэканструкцыю. Магчыма, спектакль з’явіцца на сцэне, але ў перапрацаваным варыянце. Магчыма, у арсенале тэатра ў хуткім часе з’явіцца і музычны спектакль, амаль мюзікл паводле казкі «Жабкі і чарапаха» Уладзіміра Караткевіча. «Сіняя птушка» ж задзейнічае магчымасці механізацыі і самой трупы па максімуму.

Штатная структура тым часам патрабуе папаўнення. На сёння ў тэатры працуюць 217 чалавек, з іх 45 акцёраў. Дырэкцыя спадзяецца павялічыць штат яшчэ на два дзясяткі чалавек, у тым ліку шукае маладых акцёраў. Патрэбныя і спецыялісты па відэаадлюстраванні, але такіх у Беларусі мала і тэатральнай зарплатай зацікавіць іх цяжка. Запрошаныя рэжысёры будуць з’яўляцца ў тэатры, але дырэкцыя найперш хоча запрашаць майстроў, якія змогуць не толькі паставіць спектаклі, але і правесці сваеасаблівыя майстар-класы для акцёраў. Тэатр хацеў бы мець спонсарскія праграмы, але, як адзначае дырэктар, ёсць цяжкасці: багатыя кампаніі ўжо маюць падапечных.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?