У фэйсбуку з'явілася старонка ад імя ўдзельніка прэзідэнцкай кампаніі. На ёй, сярод іншага, апублікаваныя прапановы «па адраджэнні беларускай мовы».

«Рэаліі такія, што цяпер на беларускай мове размаўляе менш за 1% насельніцтва Беларусі, — гаворыцца на старонцы. — Можна вылучыць пэўнае саслоўе грамадзян, якое выкарыстоўвае дадзеныя абставіны як інструмент у сваёй палітычнай барацьбе супраць існуючай дзяржаўнай сістэмы. Дадзеная катэгорыя грамадзян, якая раней за свае дзеянні па законе называлася ворагамі народа, цяпер чамусьці называецца апазіцыяй або «свядомымі».

На думку аўтара, у заняпадзе беларускай мовы вінаваты не Аляксандр Лукашэнка, а апазіцыя. «Не сакрэт, што большая частка апазіцыі, заклапочаная заняпадам беларускай мовы, з'яўляюцца грамадзянамі з так званай «картай паляка», што таксама не выпадкова. За іх дзеяннямі адгадваецца жаданне перавесці беларускую мову з роднай кірыліцы на заходнюю (польскую) лацінку».

Аўтар прапануе свой шлях адраджэння мовы: «Аднаўленне спрадвечных лінгвістычных кодаў і першароднага выгляду ад Францыска Скарыны, да збродлівага саюза з Польшчай пад назвай Рэч Паспалітая».

Што да Рэчы Паспалітай, то там, піша аўтар, «по сути, была проведена постепенная полонизация, которая однако, закончилась восстанием нашего национального героя Кастуся Калиновского против панства и польской интервенции».

«Трэба будзе перакласці ўсю літаратуру з сучаснай беларускай мовы (засмечанай рознага роду трасянкай) на спрадвечную беларускую мову ад Францыска Скарыны», — падсумоўвае аўтар.

Пазней удзельнік прэзідэнцкай кампаніі абверг публікацыю як фэйк.

Мікалай Улаховіч у каментары TUT.BY назваў «бруднай і нядобрай справай» і «палітычнай правакацыяй», старонку, якая з'явілася ў фэйсбуку і на якой публікаваліся заявы нібы ад яго імя.

Варта адзначыць, што «Наша Ніва» прасіла Мікалая Улаховіча пракаментаваць факт з'яўлення старонкі ў Фэйсбуку, як толькі пра яе стала вядома. Першы раз ён падняў слухаўку і адмовіўся гаварыць, спаслаўшыся на тое, што ён на нарадзе. Пасля ж ён чатыры разы не адказаў на тэлефанаванні.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна