Расейскі часопіс «Форбс» апублікаваў сёлетні рэйтынг найбагацейшых жанчын Расіі. На першым месцы — Алена Батурына, жонка былога мэра Масквы Лужкова.

На другім — Наталля Луцэнка, якая нарадзілася ў Беларусі і пачынала тут свой бізнэс.

Наталля Луцэнка разам з мужам Аляксандрам валодае ГК «Содружество» («Садружнасць»). Асноўныя напрамкі бізнэсу гэта гандаль кармамі і лагістыка. «Форбс» ацэньвае маёмасць Луцэнка ў $550 млн. Дарэчы, ў мінулым годзе Наталля была толькі на 4 месцы рэйтынгу з $325 млн.

«Содружество-Соя» — найбуйнейшы алейна-экстракцыйны завод у Расіі. Належыць ГК «Содружество». Фота ІТАР_ТАСС

«Содружество-Соя» — найбуйнейшы алейна-экстракцыйны завод у Расіі. Належыць ГК «Содружество». Фота ІТАР_ТАСС

Наталля і яе муж Аляксандр Луцэнка пачыналі бізнэс у 1994 годзе ў Мінску. Яны гандлявалі кармамі і кармавымі дабаўкамі, пазней купілі некалькі птушкафабрык ў Расіі і Украіне. Потым — завод па вытворчасці бялкова-вітамінных дабавак у Даніі.

На пачатку 2000-х ад гэтых актываў Луцэнкі пазбавіліся. Яны заняліся вытворчасцю кармоў для жывёлагадоўлі і пабудавалі тры алейнаэкстракцыйныя заводы ў Калінінградскай вобласці. На сённяшні дзень ГК «Садружнасць» — найбуйнейшы ў Расіі пастаўшчык соевых бабоў і вытворца раслінных алеяў, у тым ліку соевага. Заводы размешчаныя ў Расіі, Даніі і Бразіліі. «Садружнасць» таксама развівае лагістычны бізнэс: будуе тэрміналы для перавалкі сельгаспрадукцыі (у прыватнасці, у Калінінградзе валодае тэрміналам для перавалкі трапічных раслінных алеяў). У «Садружнасці» некалькі прычалаў глыбакаводнага тэрмінала ў Калінінградзе, які дазваляе адначасова апрацоўваць шэсць судоў з грузаабаротам да 70.000 т раслінных алеяў і збожжавых грузаў у суткі.

Ва ўласнасці «Садружнасці» знаходзіцца найбуйнейшы ў Расіі парк спецыялізаваных чыгуначных вагонаў. У 2012 годзе японскі трэйдар Mitsui & Co. набыў 10% акцый групы, ацаніўшы яе ў 2,2 млрд. даляраў. 90% застаецца ў Аляксандра і Наталлі Луцэнкаў.

ГК «Садружнасць» мае гандлёвы бізнэс у Беларусі («Імпэкссервіс»), з'яўляючыся адным з найбуйнейшых пастаўшчыкоў кармоў для беларускага аграпрамысловага комплексу. Яго ўзначальвае брат Наталлі Луцэнка.

Яшчэ адна даччыная кампанія холдынгу «Белагратэрмінал» у 2012—2013 гадах набыла дзве пляцоўкі ў Віцебскай і Гродзенскай вобл. для будаўніцтва буйных агралагістычных тэрміналаў. У 2011 годзе «Садружнасці» была адведзеная тэрыторыя ў Лідзе для будаўніцтва алейнаэкстракцыйнага завода.

У 2013 годзе «Форбс» упершыню ўключыў сузаснавальніка групы Аляксандра Луцэнку ў сусветны рэйтынг мільярдэраў.

У дакументах IFC (Міжнароднай фінансавай карпарацыі), датаваных 2007 годам, ён і яго жонка названыя грамадзянамі Беларусі.

У лютым 2015 «Садружнасць» ўрачыста адкрыла новую штаб-кватэру ў Люксембургу. У сакавіку 2015 Аляксандр Луцэнка стаў генеральным дырэктарам кампаніі — Стэфан Фрапе, які займаў гэты пост, падаў у адстаўку. Выручка кампаніі ў 2014 годзе склала $ 2,7 млрд (рост 34%).

У Наталлі і Аляксандра двое дзяцей. Іх дачка Алена ўваходзіць у раду дырэктараў групы, якую ўзначальвае Аляксандр Луцэнка.

Дарэчы, па інфармацыі таго ж «Форбс», падчас жнівеньскага абвалу фондавых рынкаў больш за ўсіх з расійскіх мільярдэраў страціў менавіта Аляксандр Луцэнка (77 месца ў рэйтынгу расійскага «Форбс»). Часопіс паведамляе, што Луцэнка страціў $233 млн і, паводле дадзеных на 25 жніўня, яго маёмасць складала $983 млн.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?