Тут у 1514 годзе кароль Жыгімонт І наладзіў жалобнае набажэнства па загінулых героях падчас Аршанскай бітвы. Двух блізкіх да сябе ваяроў — Станіслава Аарона ды Станіслава Ніскоўскага пахавалі пад сценамі велічнага гайнаўскага касцёла. Кароль моцна дапамог яму, але з абавязкам, «каб у памяць подзвігу пад Воршай пробашчы штомесяц правілі адну імшу аб Нараджэнні Найсвяцейшай Панны Марыі са згадкай імёнаў двух Станіславаў, што ў бітве палеглі».

Праз год і пяць стагоддзяў на тым месцы — толькі курган з двума крыжамі. Спадарыня Караткевіч і актывісты ўсклалі да іх кветкі.

— Мясцовыя жыхары расказалі, што славуты касцёл разбурылі ў апошнюю вайну: тут быў апорны пункт гітлераўцаў… А «дабілі» яго ўжо мясцовыя ўлады ў 1960-х — папросту зруйнавалі… Крыжы тыя, дарэчы, пастаўлены не з ініцыятывы чынавенства – гэта справа рук неабыякавых грамадзян, для каго паняцці памяці, гісторыі, гонару і годнасці, патрыятызму не проста зацёртыя словы, – пракаментавала Таццяна Караткевіч. — Але ж літаральна ў пяці метрах ад крыжоў я знайшла ў сметніку помнік капітану медыцынскай службы Чырвонай арміі Казлову Фёдару Фёдаравічу, што загінуў у 1944-м… Дзякуй Богу, крыжы цэлыя, але чаму гэткае стаўленне да помніка? Побач жа вялікая мясцовая школы з выдатным краязнаўчым музеем, непадалёк і сельсавет, дый райвыканкам у дзясятку кіламетраў. І ніхто не бачыць гэтай абыякавасці…

Дзень вайсковай славы Беларусі — і пад крыжам Аршанскай бітвы з маскоўскімі захопнікамі, і пад зоркай аперацыі «Баграціён» з фашысцкімі «звышлюдзьмі». Гэта — адно цэлае. Непарушнае. Як гонар і годнасць.

…Другі букет кветак Таццяна Караткевіч усклала да помніка тым амаль 200 жыхарам Гайны, якія загінулі за Бацькаўшчыну ў другую сусветную. Як два Станіславы ў бітве пад Воршай.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?