Фота: rw.by

Фота: rw.by

На афіцыйным інтэрнэт-прадстаўніцтве прэзідэнта Украіны з’явілася «Петыцыя па справе выкарыстання беларускай мовы замест расейскай у кантактах з Рэспублікай Беларусь, у прыватнасці на Укрзалізніцы [украінскай чыгункі — НН]». Аўтар петыцыі — украінскі журналіст польскага паходжання Якуб Логінаў.

У петыцыі аўтар прапануе рабіць паведамленні пра рух цягнікоў да або з Беларусі па-беларуску, стварыць беларускамоўную версію старонкі украінскай амбасады ў Беларусі, дадаваць беларускамоўныя апісанні на этыкетках тавараў, што экспартуюцца ў Беларусь.

Каб Украіна афіцыйна разглядзела петыцыю, пад ёй маюць падпісацца 25 тысяч чалавек. Пакуль падпісаліся толькі тры дзясяткі чалавек. Петыцыя была пададзеная 7 верасня, на збор подпісаў на момант публікацыі засталося 90 дзён.

У петыцыі аўтар адзначае, што Беларусь змагаецца з моўна-культурнай дамінацыяй Расіі, беларуская мова трывае вялікі ціск, а краіна — русіфікацыю. На думку аўтара, адраджэнне беларускай мовы ёсць не толькі пытаннем зберажэння культуры, але і дзяржаўнай бяспекі як Беларусі, так і Украіны.

Тым часам сайт беларускай амбасады ва Украіне мае толькі адну моўную версію — па-руску. Пра рух украінскіх цягнікоў на вакзале абвесткі не робяцца па-ўкраінску. Беларускія тавары, што пастаўляюцца ва Украіну, павінны мець інфармацыю на этыкетках па-ўкраінску.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?