Жыхар Дзятлава прайграў грошы і інсцэніраваў іх крадзеж. 

Як паведамляе УУС Гродзенскага аблвыканкама, у пачатку жніўня ў міліцыю паступіла паведамленне аб крадзяжы з кватэры. Мужчына знаходзіўся на працы, а тым часам зламыснік пранік у дом. Ён перавярнуў уверх дном усю кватэру, знайшоў 2.120 долараў ЗША і 9.350.000 рублёў, якія і ўкраў. 

Падчас расследавання стала з'яўляцца цікавая інфармацыя пра пацярпелага. Паводле слоў яго знаёмых, з якімі гутарылі следчыя, стала вядома, што мужчына быў не супраць пагуляць на гульнявых аўтаматах.

Праўда, пры асабістай гутарцы з супрацоўнікамі міліцыі ён наогул адмаўляў наяўнасць у сябе гульняманіі. Аднак высветлілася, што жыхар Дзятлава сапраўды спускаў грошы на гульнявых аўтаматах, і напярэдадні знаходзіўся ў Гродне ў адным з гульнявых клубаў, дзе і прайграў буйную суму грошай. 

Каб пазбегнуць папрокаў з боку жонкі і бацькоў, мужчына вырашыў інсцэніраваць крадзеж.

Ён сам перавярнуў усе рэчы ў доме, разбіў тэлевізар і адчыніў акно на кухні. Затым адправіўся на працу, а пасля прыйшоў дамоў, патэлефанаваў бацькам, пасля чаго звярнуўся ў міліцыю. 

Справа распачата на падставе артыкула 401 КК (заведама лжывае паказанне).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?