Дзякуючы пераходу на плаваючы курс рубля ўдалося пераканаць насельніцтва, што з ім не гуляюць у гульні. Пра гэта сёння заявіў Аляксандр Лукашэнка, прымаючы з дакладам старшыню праўлення Нацыянальнага банка Паўла Калаўра.
Паводле звестак за восем месяцаў, беларусы на наяўным рынку прадалі валюты на $362 млн больш, чым купілі. Сярод юрыдычных асоб попыт на валюту перасягнуў прапанову толькі ў жніўні, гэта было звязана з неабходнасцю пагашаць валютныя крэдыты.
«Дзякуючы таму, што мы перайшлі на плаваючы курс і ні ў якім разе штучна не стрымліваем курс нацыянальнай валюты адносна іншых валют, нам усё ж такі ўдалося пераканаць насельніцтва, што мы з ім у гульні гуляць не будзем. І гэта правільна, нам трэба прытрымлівацца такой пазіцыі», - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў: «Звычайныя людзі ў нас усё могуць купіць у Беларусі за беларускія рублі».
Кіраўнік дзяржавы лічыць, што Нацбанку і ўраду не трэба звяртаць увагу на крытыку, што гучыць у іх адрас, наконт ручнога рэжыму кіравання эканомікай.
«Якое хочаце прымяняйце кіраванне, толькі б ад гэтага быў вынік — сёння не да раскошы, — сказаў ён.
— У нас наперадзе, магчыма, яшчэ больш складаныя часы, і дай бог нам вось так прайсці, як мы сёння ідзём. Сітуацыя ў свеце ад нас не залежыць. Мы павінны да яе прыстасавацца, і мы гэта павінны разумець».
У Беларусі адносна спакойная сітуацыя ва ўсіх сегментах эканомікі, у тым ліку ў валютнай сферы, стабільная і прадказальная грашова-крэдытная палітыка, канстатаваў ён. «Гэта наша шчасце. Вось гэты трэнд трэба захаваць», — падкрэсліў ён.





