Сірыйскія паўстанцы, звязаныя з «Аль-Каідай», пасля доўгіх баёў захапілі буйную авіябазу ў правінцыі Ідліб на паўночным захадзе краіны.
Паветраную базу «Абу аль-Духур» амаль два гады штурмавалі баевікі, пад кантролем якіх цяпер знаходзіцца вялікая частка правінцыі.
Паўстанцы, якія стаялі за нападам, як мяркуецца, уваходзяць у кааліцыю ісламістаў. Гэтая кааліцыя называе сябе «Арміяй перамогі» і ўяўляе сабой саюз узброеных груп, сярод якіх сірыйскае адгалінаванне «Аль-Каіды» і «Фронт Нусра».
З канца сакавіка паўстанцы захапілі некалькі гарадоў у правінцыі, уключаючы Ідліб і і Джыср-эш-Шугур.
Пасля страты кантролю над авіябазай сірыйскія вайскоўцы былі цалкам выцесненыя з правінцыі Ідліб, паведамляе Сірыйскі цэнтр маніторынгу за выкананнем правоў чалавека.





