Фрагмент пакунку. Фота: Discreet
З 1 верасня ў Беларусі забароненыя ўкраінскія жаночыя гігіенічныя пракладкі і сурвэткі розных марак. Пра гэта паведамляе прэс-служба Міністэрства гандлю.
Забарона распаўсюджваецца на жаночыя гігіенічныя пракладкі на кожны дзень Discreet DEO Waterlily plus, Discreet Deo Вясновы брыз, Discreet Air Multiform, Discreet Deo Water Lily Multiform, а таксама Naturella Ultra Normal, Naturella Camomile Normal, Naturella calendula вытворчасці кампаніі «Проктэр энд Гембл» (Украіна).
Выяўлена, што пракладкі не адпавядаюць гігіенічным патрабаванням па вадародным паказніку (pH).
Акрамя іншага, з 1 верасня ў краіну нельга ўвозіць і прадаваць сродак для ўнітазаў «Туалетный утёнок 5 в 1» вытворчасці кампаніі «СК Джонсан» (Украіна).
Забарона закранула і папяровыя сурвэткі «Ruta» вытворчасці ПАО «ВГП» (Украіна), «Silken» вытворчасці OOO «ДАРПАК» (Украіна). У іх парушаныя органалептычныя паказнікі (афарбоўванне воднай выцяжкі).
Нагадаем, што з 9 мая гэтага года гігіенічныя пракладкі Discreet вытворчасці «Проктер энд Гембл» (Украіна) забаранілі на тэрыторыі Расіі. Тады Беларусь збіралася не дапусціць іх рээкспарт і ўзмацніць кантроль і нагляд за абаротам украінскіх пракладак і тампонаў ў Беларусі.





