Раскопкі на месцы першапачатковага размяшчэння Лаўрышаўскага манастыра. Фота сайта zviazda.by

Раскопкі на месцы першапачатковага размяшчэння Лаўрышаўскага манастыра. Фота сайта zviazda.by

Пры правядзенні археалагічных раскопак у Навагрудскім раёне (Гродзенская вобласць) знойдзеная рэдкая матрыца-пячатка другой паловы XIII стагоддзя. Археалагічная экспедыцыя праводзілася ў ліпені на месцы першапачатковага размяшчэння Лаўрышаўскага манастыра — аднаго з самых старажытных у Беларусі. 

Як паведаміў БелаПАН гісторык удзельнік экспедыцыі Тэльман Маслюкоў, пры раскопках быў выяўлены невялікі прадмет, які пры палявой апрацоўцы знаходак папярэдне вызначылі як каменны брусок.

Ён быў узяты ў калекцыю для навуковага вывучэння. Пры далейшым даследаванні прафесар Сяргей Рассадзін выявіў, што на тарцы бруска выразаны надпіс. Матрыца-пячатка вырабленая са сланцавага каменю. 

Расшыфроўку надпісу выканала спецыяліст у галіне эпіграфікі Іна Калечыц. Яна вызначыла, што характар надпісу ўласцівы для XII—XIV стагоддзяў.

Надпіс на пячатцы спалучае грэчаскую і старажытнарускую мовы і расшыфраваны як «Святая пустынь».

Сёлета ў маі ў Полацку была знойдзеная пячатка ХІІ стагоддзя, якая належала Ефрасінні Полацкай (але не матрыца, а адбітак). Таму, на думку Калечыц, гэты год у беларускай археалогіі па знаходках можна лічыць і годам пячатак.

Доктар гістарычных навук Сяргей Рассадзін

Доктар гістарычных навук Сяргей Рассадзін

Доктар гістарычных навук Сяргей Рассадзін у каментарыі БелаПАН нагадаў пра значнасць Лаўрышаўскага манастыра, які пры князю Войшалку быў палітычным цэнтрам нашых зямель.

Пячатак вядома даволі шмат на старажытнарускіх землях, але гэта не самі пячаткі, а адбіткі. «Штэмпеляў, якімі рабіліся адбіткі на свінцы і іншых матэрыялах, практычна не было. І вось у Лаўрышаве матрыца-пячатка знойдзеная. Спецыялісты зараз чытаюць легенду пячаткі, гэта нялёгкая справа. Не толькі на Русі, але і Еўропе Сярэднявечча былі, напэўна, максімум некалькі дзясяткаў матрыц-пячатак. Цяжка прыгадаць, каб нешта падобнае было на Старажытнай Русі, не гаворачы пра тэрыторыю Беларусі», — падкрэсліў Рассадзін.

Знаходку ён назваў каштоўнасцю нацыянальнага маштабу, якая атрымае адпаведнае захаванне. Магчыма, у канцы года пячатка будзе выстаўленая ў Нацыянальным музеі гісторыі.

Раскопкі на месцы першапачатковага размяшчэння Лаўрышаўскага манастыра. Фота сайта novychas.info

Раскопкі на месцы першапачатковага размяшчэння Лаўрышаўскага манастыра. Фота сайта novychas.info

Раскопкі ў Лаўрышаве плануецца працягнуць.

«Мы абіраем тэму, помнік, а потым тэма і помнік нас вядуць, вызначаюць наш кірунак. Таму зараз абарваць раскопкі у Лаўрышаве мы проста не маем маральнага права. Мы пакрысе зразумелі сапраўднае значэнне гэтага помніка, хаця яго спрабавалі прынізіць, неяк замаўчаць, паставіць пад сумнеў, але помнік гаворыць сам за сябе, у тым ліку і гэтай знаходкай», — падсумаваў доктар гістарычных навук.

Знаходкі з раскопак на месцы першапачатковага размяшчэння Лаўрышаўскага манастыра. Фота сайта novychas.info

Знаходкі з раскопак на месцы першапачатковага размяшчэння Лаўрышаўскага манастыра. Фота сайта novychas.info

Заснавальнікамі манастыра ў XIII стагоддзі былі Войшалк (сын Міндоўга), вялікі князь Літоўскі ў 1264—1267 гадах, і святы прападобны ігумен Елісей Лаўрышаўскі. У ХІІІ—ХІV стагоддзях манастыр быў летапісным цэнтрам краіны. У 1329 годзе ў манастыры было створанае рукапіснае Лаўрышаўскае Евангелле — помнік беларускага кнігапісання, што зараз знаходзіцца ў Кракаве, у прыватнай бібліятэцы-музеі Чартарыйскіх.

Даследаванні праводзіла археалагічная экспедыцыя, якая складалася з валанцёраў. Раскопкамі кіраваў прафесар кафедры гісторыі Беларусі і паліталогіі факультэта інфармацыйных тэхналогій БДТУ Сяргей Рассадзін. Археалагічныя раскопкі праходзілі пяць гадоў. За гэты час быў знойдзены падмурак манастыра, бытавыя рэчы, кераміка, кафля, манеты, якія дазваляюць датаваць культурны пласт.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?