Кандыдат у прэзідэнты Таццяна Караткевіч адправіла ў склад Цэнтрвыбаркама ў якасці свайго прадстаўніка намесніка старшыні Партыі БНФ Ігара Лялькова.
Згодна з артыкулам 33-1 Выбарчага кодэкса пасля рэгістрацыі кандыдаты ў прэзідэнты маюць права накіроўваць у склад ЦВК свайго прадстаўніка ў якасці члена камісіі з правам дарадчага голасу.
Ігар Лялькоў мае вопыт працы як член ЦВК з правам дарадчага голасу: падчас парламенцкіх выбараў 2012 года ён працаваў у гэтай якасці як прадстаўнік Партыі БНФ, паведамляе прэс-служба партыі.
«У першую чаргу праца ў Цэнтрвыбаркаме дазваляе браць удзел у разглядзе скаргаў, ставіць пытанні на парадак дня і мець доступ да ўсіх матэрыялаў, якія разглядаюцца Цэнтральнай камісіяй», — прыводзіць прэс-служба каментарый Лялькова.
Усё гэта, паводле слоў Лялькова, дае магчымасць атрымліваць інфармацыю аб парушэннях заканадаўства, якія робяць выбары ў Беларусі несумленнымі і несвабоднымі.
Ігар Лялькоў заклікаў усіх удзельнікаў выбарчага працэсу, у тым ліку назіральнікаў і радавых выбаршчыкаў, «актыўна і аператыўна рэагаваць на ўсе парушэнні, на выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу каманды Лукашэнкі, на прымус да датэрміновага галасавання». Па ўсіх гэтых фактах трэба «абавязкова падаваць скаргі і ў Цэнтрвыбаркам, і ў тэрытарыяльныя камісіі», падкрэсліў намеснік старшыні Партыі БНФ.