Сёння барысаўскі БАТЭ ў пяты раз — у пяты раз, панове — возьме старт у групавой стадыі футбольнай Лігі чэмпіёнаў. Супернікам беларусаў будзе нямецкі «Баер». Гульня пройдзе ў Леверкузэне і пачнецца ў 21.45. У Рыме згуляюць «Рома» і «Барселона».
Стартавыя матчы БАТЭ складваліся па-рознаму. Свой першы матч барысаўцы правялі сем гадоў таму, 19 верасня 2008 г., супраць мадрыдскага «Рэала» і саступілі з лікам 0:2. У наступнай гульні ў Мінску БАТЭ даў бой «Ювентусу» — 2:2.
У сезоне 2011/2012 БАТЭ пачынаў групавы раўнд матчам супраць пльзенскай «Вікторыі» ў Празе і згуляў унічыю — 1:1. А потым быў разгром ад «Барселоны» ў Мінску — 0:5.
Сезон 2012/2013 БАТЭ пачаў гасцявой перамогай над французскім «Лілем» — 1:3. Цікавы факт, што французскі клуб трэніраваў Рудзі Гарсія, які праз два тыдні прывязе ў Барысаў італьянскую «Рому». А што было ў сезоне 2012/2013, вы памятаеце. Праз два тыдні, 2 кастрычніка, БАТЭ выйграў на сваім полі ў «Баварыі» — 3:1.
А вось сезон 2014/2015 пачаўся няўдала. У першым матчы групавога раўнду БАТЭ разгромна прайграў у гасцях «Порту» — 0:6. Прычым гэта быў не канец, пасля перамогі праз два тыдні над баскскім «Атлетыкам» (2:1), БАТЭ потым двойчы разгромна саступіў данецкаму «Шахцёру» — 0:7, 0:5.





