Іх засталося толькі чацвёра. На іх глядзіць уся краіна. У іх роўныя магчымасці. Што яны могуць прапанаваць нацыі? Чым падкупіць насельніцтва?.. Цалкам магчыма, такая застаўка магла б быць у якой-небудзь з тэлеперадач пра беларускія прэзідэнцкія выбары 2015 года.

Аднак, на жаль, праўда толькі ў тым, што, сапраўды, кандыдатаў засталося ўсяго чатыры: старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч і Беларускай патрыятычнай партыі Мікалай Улаховіч, актывістка руху «Гавары праўду» Таццяна Караткевіч і цяпер ужо 21 год дзейны кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка.

Чым адрозніваецца цяперашняя кампанія ад іншых? Што будзе «хаваць піпл»? Хто з'яўляецца сцэнарыстамі выбараў-2015? Гэтыя і іншыя пытанні задалі суаўтару кнігі «Выпадковы прэзідэнт», шэф-рэдактару газеты «Народная Воля» Святлане Калінкінай.

— Мне здаецца, цяперашнія выбары прынцыпова адрозніваюцца ад папярэдніх кампаній. Раней, усё ж такі, у людзей былі нейкія ілюзіі, надзеі на тое, што хоць Лукашэнку і абвесцяць прэзідэнтам, але ўлада ўлічыць настроі народа і хоць неяк зменіцца ў лепшы бок.

Сёння ж ніякіх надзей і ілюзій у людзей няма. Нават тая частка электарату, якая збіраецца ісці на выбары, не падтрымлівае ні Лукашэнку, ні апазіцыю.

Чаму яны тады ідуць? Многія лічаць, што гэта грамадзянскі абавязак. Але больш за ўсё, мне здаецца, людзі пойдуць 11 кастрычніка на выбарчыя ўчасткі для таго, каб прагаласаваць за мір, за тое, каб не было вайны. Прапаганда — расійская і беларуская — зрабіла сваю справу: людзі напалоханыя, што ў нас можа здарыцца ўкраінскі сцэнар.

Таму, мне здаецца, гэта першыя выбары, калі ў большасці людзей ёсць разуменне, што выбары ў нашай сённяшняй сітуацыі нічога вырашыць не могуць.

— У гэтым палітычным сезоне зноў былі пікеты, зноў луналі партыйныя, нацыянальныя і дзяржаўныя сцягі. Але не ўсе кандыдаты з чацвёркі засвяціліся па поўнай праграме на пікетах па зборы подпісаў. Вы верыце, што ўсе яны (за выключэннем Аляксандра Лукашэнкі — тут асобная, як гаворыцца, песня) сабралі неабходную колькасць подпісаў?

— Я перакананая, што калі палітыкі не збіралі подпісы на адкрытых пікетах, калі мы — журналісты — тэлефанавалі і пыталіся ў прэтэндэнтаў: дзе вы сёння будзеце збіраць подпісы (на пікетах, пакватэрна), а нам нічога выразнага (большасць штабоў) не маглі адказаць, то можна зрабіць выснову: падача ў выбаркамы подпісаў — гэта вялікая махінацыя.

Больш за тое, тое, што пазней назіральнікам у выбарчых камісіях не далі магчымасці праверыць подпісы, тое, што правяраецца толькі нейкая асобная колькасць подпісаў — гэта заганная практыка, якая дазваляе «маляваць» любую колькасць подпісаў любому з палітыкаў. Мы ніколі не даведаемся, хто неабходныя 100 тысяч подпісаў насамрэч сабраў, а хто здаў «ліпу». Логіка мне падказвае, што людзі, якія не збіралі подпісы грамадзян у пікетах, іх не маглі сабраць.

— У канцы збору подпісаў прэтэндэнты ў кандыдаты Сяргей Калякін і Анатоль Лябедзька заявілі, што іх ініцыятыўныя групы не сабралі подпісы. Яны адмовіліся займацца «маляваннем» і выйшлі з прэзідэнцкай гонкі. Як можна ахарактарызаваць іх дзеянні: слабасць, палітычная імпатэнцыя, моцная грамадзянская пазіцыя?

— Прызнаюся: калі даведалася, што Калякін і Лябедзька адмовіліся здаваць у выбаркамы несабраныя подпісы, не захацелі нешта маляваць, я папрасіла ў Бога прабачэння за тое, што я і пра Калякіна, і пра Лябедзьку вельмі дрэнна думала з-за іх удзелу ў гэтай кампаніі. Я, шчыра кажу, думала пра іх горш, чым на самай справе атрымалася.

На мой погляд, першапачаткова было зразумела, што нельга было ўцягваць людзей у несумленную гульню. Я маю на ўвазе людзей, якія ў гэтай краіне яшчэ шукаюць справядлівасць, а менавіта да іх апелявалі і Калякін, і Лябедзька. І калі лідары «Справядлівага свету» і АГП сталі збіраць подпісы, то ўсё паказвала на тое, што яны будуць удзельнічаць у гэтай кампаніі па поўнай праграме. Мне тады здалося, што іх пазіцыя амаральная.

Калі ж я даведалася, што яны ўсё ж вырашылі адмовіцца ад падачы подпісаў (я цяпер не кажу, па якіх сапраўдных прычынах яны гэта зрабілі), то зрабіла выснову: гэта вельмі правільная, сумленная і маральная пазіцыя. Гэта тое, чаго даўно не было ў беларускай апазіцыі.

Мала таго, што ў нас Лукашэнка ўвесь час шулерствам розным займаецца — ад абяцання вялікіх заробкаў, даступных кватэр, іншых выгод, да абвінавачванняў людзей, як ён кажа, «народца», ва ўсіх бедах краіны, дык яшчэ і апазіцыя падхапіла гэтую эстафетную палачку.

Мне здаецца вельмі важным, каб апазіцыя займала заўсёды сумленную маральную пазіцыю і была слушнай і шчырай з людзьмі. Тады яна можа разлічваць на поспех. Усякае шулерства мы бачым у дзеяннях улады. А калі і апазіцыя займаецца гэтым — гэта выклікае раздражненне і недавер. Але самае горшае, гэта выклікае апатыю людзей да самой магчымасці нешта змяніць да лепшага ў гэтым жыцці.

— «Атручванне» Цярэшчанкі, спробы Раманоўскай зарэгістравацца з менш чым 800 подпісамі — дэтэктыў і камедыя. Вам так не здаецца?

— Мне гэтая кампанія нагадвае працэс па стварэнні нейкага серыяла. Садзяцца творчыя людзі і пачынаюць думаць: вось тут можна абвастрыць, вось тут — меладраму падкінуць, а тут — наогул выкінуць аднаго з герояў. Складаецца такое ўражанне, што пішацца «жвачка», якую «піпл» будзе «хаваць». А як яшчэ прыцягнуць увагу да гэтых выбараў, калі вынік ужо загадзя вядомы?

Нават калі былі б хоць нейкія супастаўныя з Лукашэнкам кандыдаты, выйграць немагчыма. Што ўжо казаць пра цяперашнія ўмовы, калі «альтэрнатыўшчыкаў» ніхто не ведае? А калі ведаюць кандыдатаў, тыпу Гайдукевіча, то — не з самага лепшага боку…

Я бачу сёння, што ў людзей проста мозг кіпіць ад пошуку ідэй, як падагрэць цікавасць да гэтых выбараў, бо інтрыгі няма, акцёры дрэнныя, задумка дрэнная, сцэнар абсалютна прадказальны.

— Хто, на вашу думку, піша сцэнар гэтых выбараў?

— Сцэнары выбараў пішуцца ў нас ва ўладзе. Апазіцыя, на жаль, займаецца высвятленнем адносін паміж сабой — хто лепшы, хто горшы. Але нават сёння можна казаць аб тым, што тая частка апазіцыі, якая адмовілася ўдзельнічаць у выбарах, паступіла правільна. Гэта нармальная стратэгія — мы гатовы ўдзельнічаць толькі ў адкрытых, дэмакратычных выбарах.

— Пагаворым пра кандыдатаў. Для вас быў сюрпрыз, што менавіта гэтыя трое аказаліся «канкурэнтамі» Лукашэнкі?

— Калі шчыра, то мне не дзіўна, што ўдзельнічае Улаховіч. Беларуская патрыятычная партыя існуе ў краіне як фантом. Аднак, калі толькі трэба запоўніць выбарчыя камісіі лаяльнымі да ўлады людзьмі, тут як тут з'яўляецца БПП. Зрэшты, калі Аляксандру Лукашэнку трэба было стварыць бачнасць канкурэнцыі (не сур'ёзнай, зразумела, а фармальнай) на гэтых выбарах, то чаму не той жа Улаховіч?

Мабыць, такую ж ролю — ролю спарынг-партнёра — грае і Сяргей Гайдукевіч. Хоць, на нейкай стадыі ў іх з уладай прайшло ўзаеманепаразуменне, астыла каханне — бо на ўсіх апошніх выбарах яго партыя не мела значных перамог. Але, мабыць, цяпер спатрэбіўся нават ён.

Прызнаюся, што мне не зразумелая толькі пазіцыя Таццяны Караткевіч, з астатнімі ўсё ясна.

— Вось вы кажаце пра БПП, што яна патрэбна. Але ёсць жа і іншыя партыі, аб якіх становіцца вядома якраз падчас выбараў. З Гайдукевічам, сапраўды, усё зразумела. Але Улаховіч — гэта чый праект?

— Я думаю, што Улаховіч, гэта цалкам беларуская фігура. На маю думку, ён павучальна пакажа ўзровень падтрымкі «Рускага свету» ў нас у краіне.

— Добра, што можна чакаць ад гэтай чацвёркі, складаецца такое ўражанне, што нам, журналістам, прыйдзецца пісаць толькі пра Караткевіч. Бо іншыя нават не змаглі сур'ёзна засвяціцца ў працэсе збору подпісаў?

— Не ведаю. Шчыра. Мне чамусьці здаецца, што галоўныя тэксты мы будзем пісаць ўжо пасля выбараў. Мне, да прыкладу, цікава, хто з кандыдатаў прызнае перамогу Лукашэнкі сумленнай і справядлівай на зусім транспарэнтных выбарах, якіх, зразумела, у нас няма.

— Каманда Таццяны Караткевіч спрабуе мабілізаваць пратэстны электарат. Спрабуе зрабіць яе адзіным дэмакратычным кандыдатам на гэтых выбарах. Атрымаецца?

— Мне здаецца, што сёння Караткевіч знаходзіцца ў такой ролі, якую адыгрывае Улаховіч. Яе вынікі ўлады будуць паказваць як узровень падтрымкі апазіцыйных настрояў. Я баюся, што працэнты ўзроўню яе падтрымкі (тое, што будзе адлюстравана ў афіцыйных пратаколах) будуць супастаўныя з вынікамі Улаховіча. Магчыма, у Таццяны будзе крышачку больш, як у больш сімпатычнага чалавека, як у жанчыны, як у больш прыгожай асобы ў беларускай палітыцы.

Каманда Караткевіч, заклікаючы прыхільнікаў пераменаў прыйсці на выбары, не можа даць адказ на галоўнае пытанне: а навошта?

Вы збіраецеся перамагчы? Не. Вы ўпэўненыя, што будуць лічыць галасы? Не. Вы лічыце, што Аляксандр Лукашэнка адумаецца, паглядзіць на лічбы Караткевіч і паедзе да папы Рымскага каяцца, што ён няправільна сябе паводзіў ўвесь гэты час, быў на цёмным баку? Не.

Калі ў краіне няма выбараў, то не пачуюць ні Караткевіч, ні Статкевіча, ні Лябедзьку, ні Калінкіну … Ці пачуюць толькі тое, на што будзе дадзена каманда пачуць. Таму, будучы на месцы Таццяны Караткевіч, я б знялася з выбараў.

Можа быць, правяла б агітацыйную кампанію на тэлебачанні, у дзяржаўных друкаваных СМІ, але потым абавязкова б знялася. У імя ідэі, што апазіцыя адзіная, што яна дзеля агульнай мэты можа прыцішыць свае амбіцыі ў гадзіну «Х», што яна можа думаць пра вялікае галоўнае, а не пра дробнае і другаснае.

— У працяг тэмы … У дэмакратычнай супольнасці Таццяну Караткевіч заклікаюць зняцца з гэтых выбараў. Аргументы зразумелыя. На вашу думку, апазіцыя здолее гэта зрабіць, дайсці да розуму яе каманды?

— Я вельмі спадзяюся на лепшае. Не хочацца верыць у тое, што сённяшні праект «Гавары праўду!» і, адпаведна, праект «Кандыдат Таццяна Караткевіч» — гэта цалкам распрацоўка КДБ. Але, на мой погляд, відавочна: калі гэта сапраўды так, калі з Таццяны зрабілі такую падтанцоўку Лукашэнку, то, вядома, яна не здымецца. Калі ж гэтыя абвінавачванні толькі чорны піяр нядобразычліўцаў, то Таццяна павінна зняцца, бо на перамогу яна не можа разлічваць, пра што, дарэчы, сама і заяўляе.

А вось дыскрэдытаваць апазіцыю яе ўдзелам да канца атрымаецца на 100%. Але, паўтаруся, хочацца верыць, што Таццяна ўсё-такі зробіць прыгожы і высакародны ўчынак. Скажа: я правяла кампанію, але, паважаныя выбаршчыкі, я не магу вас падманваць, гэта не выбары, таму дзякуй, што вы знаходзіцеся на светлым баку — я застаюся разам з вамі.

— Нядаўна Інфармацыйна-аналітычны цэнтр пры прэзідэнце агучыў лічбы падтрымкі Аляксандра Лукашэнкі. Як да іх ставіцца: улада ўжо агучыла лічбы, якія Лідзія Ярмошына абвесціць раніцай 12 кастрычніка?

— ІАЦ у момант разбіў усе надзеі многіх наіўных беларусаў на тое, што ў гэтую кампанію ўлада будзе гуляць па дэмакратычных правілах, што ў гэтым годзе не будзе нейкіх шалёных адсоткаў падтрымкі дзейнага прэзідэнта.

Гаворачы ж пра лічбы, агучаныя цэнтрам, то яны сведчаць толькі аб адным: людзі жывуць у нейкім залюстроўі, бо такія лічбы проста не-маг-чы-мы! Што перашкаджае ўладам напісаць рэальную падтрымку — да прыкладу 55—60%? Гэтага дастаткова шмат для прэзідэнта, які кіруе краінай ужо больш за 20 гадоў. Ёсць жа навука! Гэта выбаршчыка можна падмануць, але навуку нельга.

Але мы бачым, што такія прыземленыя лічбы ўладу не задавальняюць. Ёй зноў патрэбна элегантная перамога, таму лічбы будуць пісаць вялікія, аспрэчваюць усю сацыялагічную навуку.

Ні ў адной краіне свету не бывае такой велізарнай падтрымкі — ні рэлігійных дзеячаў, ні зорак шоу-бізнэсу.

— А што скажыце аб яўцы выбаршчыкаў?

— Сёння гэта галоўны галаўны боль улады. 30 або 70% прагаласавала за Лукашэнку — гэтага назіральнікі не ўбачаць, а вось колькі людзей прыйшло на выбарчыя ўчасткі, можна палічыць, што называецца, па галовах.

На мой погляд, кампанія ігнор выбараў пачалася занадта позна. Але, у прынцыпе, калі нават цяпер тлумачыць людзям, чаму не трэба ісці на выбары, што прапануе апазіцыя, то шанцы на маральную перамогу ёсць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?