фота Аляксандра Васюковіча, Tut.by
Візавыя цэнтры па ўсёй краіне спынілі прыём дакументаў ад кліентаў і часова прыпынілі працу. Прычына — у новых правілах правядзення валютных аперацый, прынятых Нацбанкам. Гэты дакумент сёння ўступіў у сілу. Сярод іншага ён забараняе пасярэднікам браць з кліентаў консульскі збор у еўра або ў далярах, як гэта было раней. Усе разлікі — толькі ў беларускіх рублях.
«Зараз мы не прымаем дакументы. Справа ў тым, што сёння ўступіла ў сілу новая пастанова Нацыянальнага банка, і візавыя цэнтры цяпер не маюць права прымаць консульскі збор ад кліентаў у замежнай валюце. Цяпер гэта пытанне вырашаецца», — тлумачаць у візавым цэнтры Літвы ў Мінску.
Такую ж інфармацыю паведамляюць кліентам і ў даведачных службах візавых цэнтраў Іспаніі і Грэцыі. Іх філіялы прыпынілі прыём дакументаў па ўсёй краіне.
У Нацыянальным банку пацвердзілі, што з гэтага часу візавыя цэнтры могуць прымаць ад кліентаў толькі рублі. Якім чынам яны будуць разлічвацца з пасольствамі і дзе возьмуць для гэтага валюту — партнёры павінны дамовіцца паміж сабой самастойна.
Раней візавыя цэнтры прымалі ад кліентаў сэрвісны збор за свае паслугі ў рублях, а консульскі збор — у замежнай валюце. Зараз усе разлікі ў далярах і еўра забароненыя.
Пры гэтым самі дыпламатычныя і іншыя афіцыйныя прадстаўніцтвы замежных дзяржаў могуць прымаць да разліку валюту.





