Міністэрства інфармацыі неабходна скасаваць. Такую заяву зрабіла кандыдат у прэзідэнты Беларусі Таццяна Караткевіч 16 верасня ў Мінску на тэматычным пікеце па праблеме забеспячэння свабоды слова і сродкаў масавай інфармацыі. 

Пікет прайшоў каля кінатэатра «Масква», недалёка ад будынка, у якім размяшчаецца Міністэрства інфармацыі. «Сёння мы нездарма сабраліся каля Міністэрства інфармацыі. Гэта лішняя структура, яе трэба скасаваць. СМІ павінны рэгістравацца заяўным прынцыпам, каб не было далей штрафаў, арыштаў і пераследаў фрылансераў. Таксама лічу, што нельга блакаваць інтэрнэт-сайты без рашэння суда», — заявіла Караткевіч. 

Яна назвала 16 верасня знамянальнай датай, бо ў гэты дзень 20 гадоў таму было створана грамадскае аб'яднанне «Беларуская асацыяцыя журналістаў» (БАЖ). «Арганізацыя існуе гэтулькі ж, колькі знаходзіцца ва ўладзе Лукашэнка, — сказала Караткевіч. — Мы гаворым пра тое, што ўлада павінна змяняцца мірна, а журналісцкая арганізацыя — наша пятая ўлада — павінна пашыраць рады прафесіяналаў, пазітыўна ўплываць на развіццё грамадства». 

Паводле слоў кандыдата ў прэзідэнты, «у краіне павінна быць свабода слова, а журналісты мець свабодны доступ да інфармацыі, каб зрабіць дзяржаву адкрытай, зразумелай і даступнай для грамадзян». 

Сёння грамадства не павінна падзяляцца на левых і правых, беларускамоўных і рускамоўных, праўладных і непраўладных, лічыць Караткевіч. «Не павінны падзяляцца і журналісты. Думаю, усім час сесці за круглы стол — праўладным і незалежным журналістам, а таксама чыноўнікам, якія сёння ўплываюць на медыяпалітыку ў краіне», — сказала яна. 

Паводле слоў Караткевіч, на пікет былі запрошаныя міністр інфармацыі Лілія Ананіч, а таксама старшыні Беларускага саюза журналістаў (саюза журналістаў, які падтрымлівае палітыку ўлад) Анатоль Лемяшонак і БАЖ Андрэй Бастунец. У выніку на акцыю прыйшоў толькі Бастунец.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?