Амэрыканскі вытворца зброі Spike's Tactical прапануе на рынку штурмавую вінтоўку Crusader («Крыжак»), хрысціянскія сімвалы і цытаты на якой, па меркаванні прадаўца, будуць замінаць ісламістам выкарыстоўваць гэтую зброю.
З аднаго боку на вінтоўцы выява шчыта з крыжам, падобным да крыжа каталіцкіх духоўна-рыцарскіх ардэноў, на другім — цытата з Бібліі. «Блаславёны Госпад, мая Скала, Які рыхтуе мае рукі да вайны, мае пальцы да бітвы», — напісана лазерам на ствольнай каробцы.
Некаторыя арганізацыі, якія выступаюць у абарону ісламскай меншасці ў ЗША, раскрытыкавалі Spike's Tactical, заявіўшы, што гэта толькі маркетынгавы ход, які мае за мэту скарыстацца з прапаганды нянавісці і гвалту.
«Мы хацелі зрабіць так, каб гэтую зброю ніколі не маглі выкарыстоўваць ісламскія тэрарысты, каб забіваць нявінных людзей ці пашыраць свае радыкальныя планы», — сказаў прадстаўнік кампаніі-вытворцы Бен Томас, ветэран войнаў у Іраке і Афганістане.
Калібр аўтамата, які, відавочна, зроблены на базе амэрыканскага карабіна AR-15, — 5,56 мм. Канструкцыя дазваляе выкарыстоўваць шырокі шэраг прыцэлаў і розных тактычных прыладаў.





