Фота БелаПАН
Вярхоўны суд пакінуў без задавальнення скаргу Цярэшчанкі на адмову ў рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты.
Рашэннем Вярхоўнага суда скарга на дзеянні Цэнтрвыбаркама аб адмове Віктару Цярэшчанку ў рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты пакінутая без задавальнення.
Як паведаміла прэс-сакратар ВС Юлія Ляскава, сам Цярэшчанка падчас абвяшчэння рашэння ў судзе не прысутнічаў.
Падчас даследавання пісьмовых доказаў па справе ў Вярхоўным судзе 16 верасня высветлілася, што многія з падпісных лістоў за Цярэшчанку не былі завераныя членамі ініцыятыўнай групы. Акрамя таго, у шэрагу лістоў подпісы былі пастаўленыя выбаршчыкамі ня ўласнаручна, не супадаюць пашпартныя дадзеныя тых, хто падпісаўся з пашпартнымі дадзенымі рэальных людзей, прысутнічаюць дадзеныя несапраўдных дакументаў, дадзеныя памерлых асоб. Сярод адрасоў выбаршчыкаў фігуруюць неіснуючыя дамы і кватэры. Таксама частка дадзеных аб выбаршчыках занесеная машынапісным спосабам.
Цярэшчанка сёння заявіў у судзе, што яго падставілі сябры ініцыятыўнай групы.
Цэнтрвыбаркам на пасяджэнні 10 верасня адмовіў Цярэшчанку ў рэгістрацыі. Сам Цярэшчанка на паседжанні не прысутнічаў. У дні праверкі подпісаў ён знаходзіўся ў аддзяленні пульманалогіі 3-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска. Туды прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта быў дастаўлены 28 жніўня з ранішняй дзелавой сустрэчы ў сталічнай кавярні «Грунвальд». Цярэшчанка сцвярджаў, што яго атруцілі маркоўным сокам, прычым наўмысна. Але не ўлады (ім, па словах Цярэшчанкі, гэта нявыгадна), а нейкая «трэцяя сіла», якая «можа быць ўнутраная, а можа быць і знешняя».





