Работа па ўстараненні абмежавальных бар'ераў у Еўразійскім эканамічным саюзе (ЕАЭС) ідзе млява. Такое меркаванне выказаў сёння журналістам у Сочы старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч.
Адну з прычын існуючага стану спраў Міхаіл Мясніковіч звязвае з адсутнасцю парламенцкага вымярэння еўразійскай інтэграцыі. «Вялікія надзеі мы звязваем з актывізацыяй работы ў гэтым напрамку з боку Еўразійскай эканамічнай камісіі, — сказаў ён. — Сігналаў актыўнай, напорыстай работы пакуль няма».
Паводле слоў Міхаіла Мясніковіча, наяўнасць разнастайных бар'ераў і абмежаванняў у рамках ЕАЭС стрымлівае развіццё гандлю як на ўсёй еўразійскай прасторы, так і паміж Беларуссю і Расіяй. «Чаканні, якія былі ў сувязі са стварэннем ЕАЭС, нельга дэвальваваць», — падкрэсліў спікер Савета Рэспублікі.
Устараніць усе бар'еры ў ЕАЭС можна на працягу года-паўтара, адзначыў Міхаіл Мясніковіч.
Сёння ў Сочы адкрыўся II Форум Беларусі і Расіі, ён прадоўжыць сваю работу па 18 верасня. У пленарным пасяджэнні форуму прымуць удзел амаль 350 прадстаўнікоў заканадаўчай і выканаўчай галін улады дзвюх краін, рэгіёнаў, кіраўнікі прамысловых прадпрыемстваў і бізнес-супольнасцей Беларусі і Расіі.





