Пасля двухдзённага перапынку візавыя цэнтры Літвы, Іспаніі, Грэцыі, Даніі, Харватыі і Венгрыі па ўсёй Беларусі адновяць работу ў пятніцу з 9 раніцы. Консульскі і сэрвісны збор ад кліентаў яны будуць прымаць толькі ў беларускіх рублях, а не ў валюце, як гэта было раней.
фота Аляксандра Васюковіча, Tut.by
Цэннік на свае паслугі візавыя цэнтры кампаніі VFS Global па-ранейшаму выстаўляюць у валюце, але цяпер пералічваюць яго ў рублі: консульскі збор — па курсе БСБ Банка, сэрвісны — па курсе Нацбанка на дзень падачы дакументаў.
Кошт паслуг візавых цэнтраў VFS Global для грамадзян Беларусі
Краіна | Консульскі збор | Візавы збор |
Літва | 60 еўра | 20 еўра |
Іспанія | 4 150 расійскіх рублёў | 28 еўра |
Грэцыя | 4 500 расійскіх рублёў | 28 еўра |
Данія | 4 000 расійскіх рублёў | 37 еўра |
Харватыя | 60 еўра | 35 еўра |
Венгрыя | 60 еўра | 22 еўра |
Візавы цэнтр Латвіі кампаніі «Поні Экспрэс» па-ранейшаму не працуе.
У сераду, 16 верасня, візавыя цэнтры па ўсёй краіне спынілі прыём дакументаў ад кліентаў і часова прыпынілі працу. Прычына — у новых правілах правядзення валютных аперацый, прынятых Нацбанкам. Дакумент забараніў пасярэднікам браць з кліентаў консульскі збор у еўра або ў доларах, як гэта было раней, і абавязаў праводзіць усе разлікі толькі ў беларускіх рублях.





