Журналіст «Нашай Нівы» пабачыў у дзяржаўных кнігарнях Мінска серыю сшыткаў, выкананых у гістарычнай стылістыцы: на вокладцы — Міндоўг, Барбара Радзівіл, Павел Сапега, Францыск Скарына.
Падпісаныя гістарычныя дзеячы па-беларуску.
Павел Сапега браў удзел у кампаніі супраць Маскоўскай дзяржавы 1609—1611 гг. па вяртанні Смаленска. Падчас аблогі страціў руку. З імём Паўла Сапегі звязаныя легенды Гальшанскага замка.
«Гэтыя сшыткі з'явіліся ў продажы сёлета, перад навучальным годам», — сказала прадавачка ў адной з крам і адзначыла, што попыт на іх ёсць.
У друкарні-вытворцы «Нашай Ніве» паведамілі, што мара пра серыю сшыткаў з гістарычнымі асобамі выспявала ў іх даўно, але ажыццявіць яе атрымалася толькі цяпер.
Першапачатковы наклад патрыятычных сшыткаў — 5 тысяч. Іх распаўсюдам займаецца Белкніга і «Белсаюздрук».
Малюнкі для сшыткаў малявала мастачка Ірына Зелянеўская.





