Увечары ў пятніцу, 2 кастрычніка, у Парыжы завяршылася сустрэча «нармандскай чацвёркі» па Украіне. Перамовы працягваліся каля пяці гадзін. Пасля іх завяршэння картэжы прэзідэнтаў Расіі і Украіны пакінулі Елісейскі палац, а канцлер Германіі і прэзідэнт Францыі засталіся для размовы з журналістамі.
Франсуа Алянд заявіў, што кіраўнікі МЗС Францыі, Расіі, Украіны і Германіі сустрэнуцца для ацэнкі прагрэсу, дасягнутага пры выкананні мінскіх дамоўленасцей, у пачатку лістапада. Пры гэтым Алянд адзначыў, што рэжым спынення агню на ўсходзе Украіны ў цэлым выконваецца. Ён указаў, што мінскія пагаднення павінны быць рэалізаваны, як і прадугледжвалася пры іх заключэнні, да канца 2015 года. Разам з тым ён адзначыў, што іх выкананне будзе працягнута і пасля 31 снежня.
Алянд таксама падкрэсліў, што мясцовыя выбары ў самаабвешчаных рэспубліках ДНР і ЛНР варта перанесці. На яго думку, іх можна будзе правесці толькі пасля прыняцця ва Украіне спецыяльнага закона аб выбарах.
Новы закон неабходна абмеркаваць у рамках рабочай групы, указаў прэзідэнт Францыі. Ён заклікаў самаабвешчанае кіраўніцтва непрызнаных ДНР і ЛНР адмовіцца ад намечаных выбараў, якія не адпавядаюць законам Украіны. Новыя выбары, падкрэсліў ён, павінны цалкам адпавядаць крытэрам АБСЕ. Усім кандыдатам, паводле яго слоў, будзе прадастаўлены імунітэт на час выбараў.





