Хто пра аб’ектыўнае і бясспрэчнае, а я пра сваё асабістае, пра сумневы і прадчуваньні. Лірыка, адным словам.

Мінулыя месяцы для многіх былі часам спрэчак і роздуму пра сваё месца ў палітычным жыцьці краіны і лёсе нацыі. Кожны дзень мы выходзім з хаты на падворак і чухаем патыліцу, глядзячы на тое бязладзьдзе, што апанавала нашу зямлю. «Гэта чужое бязладзьдзе, мы ігнаруем яго!», – кажуць адныя і годна праходзяць міма. «Няхай бязладзьдзе накінецца на нас, мы будзем байкатаваць яго цаной уласнага жыцьця!» – кажуць другія. «Трэба прынамсі паспрабаваць прыбрацца на падворку», – кажуць трэція.

1. Спрычыненым да лёсу краіны і нацыі я ўсьвядоміў сябе задоўга да зьяўленьня тут прэзыдэнта. Ясна, што ён стаўленік Масквы, Лубянкі, КГБ, але найперш ён – наступства тых памылак і паразаў (некаторыя кажуць – слабасьці), якія дапусьцілі нашы дэмакратычныя сілы, мы ў маім разуменьні. Да ўлады прыйшоў «ня наш» кандыдат, мы прайгралі.

Але ў нас адна краіна, адна нацыя і адна гісторыя. Таму гэта – наш прэзыдэнт, інакш – якія мы маем падставы яго, чужога, скідаць? Я не грамадзянін Масквы, Лубянкі і КГБ, каб мяняць аднаго стаўленіка на іншага. Я грамадзянін Беларусі і гэта дае мне права мяняць (прынамсі імкнуцца да гэтага) прэзыдэнта Беларусі.

Для малодшых беларусаў панятак «ня наш прэзыдэнт» фармуе цэлы шэраг наступных – ня нашы выбары, ня наша дзяржава, ня наша краіна. І калі ўлада заганяе выбарцаў на ўчасткі, яна робіць гэта ня столькі таму, што так выгадна Лукашэнку (што ня факт), колькі таму, што так выгадна дзяржаве і краіне, што даказвае «состоятельность» гэтай краіны і ўлады ў сьвеце. Пустыя ўчасткі ствараюць карціну тэрыторыі, дзе няма толкам ніякай дзяржавы.

2. На папярэдніх выбарах я галасаваў за Пазьняка, Ганчарыка, Мілінкевіча і Някляева. Асэнсаваньне прыходзіла пасьля. І кожнага разу мне рабілася сорамна за свой выбар. Сорамна, бо мая гатовасьць абараніць свой голас, нават цаной жыцьця, аказвалася незапатрабаванай найперш маімі ж кандыдатамі і іх камандамі.

Ніводзін з папярэдніх кандыдатаў не сьцьвярджаў важнасьці чалавека для ўлады, ня ставіў на першае месца асобу. Гэта заўсёды была вайсковая рыторыка, і я не задумваўся, наколькі яна была беспадстаўнай. Словы і справы Караткевіч выклікаюць у мяне нашмат большы давер, хоць бы таму, што яна заклікае прыбраць падворак, а не стаіць у паставе лідэра нацыі і ня сыпле каменныя словы. Людзкасьці – вось чаго так бракуе ў Беларусі і беларускай палітыцы ад часоў яе стварэньня ў пачатку 1990-х. Караткевіч у гэтым сэнсе прэцэдэнт. Для мяне гэта нашмат важней, чым тое, хто за ёй стаіць, хто плаціць і чым гэта ўсё скончыцца. Я буду галасаваць за чалавечную рыторыку. Калі ў Беларусі зьявіцца ўлада з чалавечнай рыторыкай, усё астатняе даробім мы, грамадзяне. Мне здаецца, я не дарую сабе, калі ўпершыню не прагаласую за такую рыторыку, бо іншага шанцу можа й ня быць. І гэта будзе першы выпадак, калі мне ня будзе сорамна перад сабой за ўласны выбар, чым бы ўсё ні скончылася.

3. Ясна, што калі я прагаласую за Караткевіч, мой голас запішуць за Лукашэнку. Калі я не прыйду, будзе тое самае. Толькі ў другім выпадку я не пакіну шанцу камусьці ў выбарчай камісіі зрабіць па-іншаму. Разумею, што там сядзяць спрэс слугі рэжыму, але яны людзі і грамадзяне Беларусі, а не дзераўляныя урфінджусы. І магчымасьць перамен закладзеная ў іх ніяк ня менш, а можа і больш, чым у кожным іншым. Камень точыць кропля ўдзелу, а ня кропля ігнору ці байкоту.

Ніхто ня ведае, што здарыцца 11 кастрычніка. Я маю нядобрае прадчуваньне. Цёмныя хмары над задубелай плошчай… І тое, што я прагаласую за прамень сьвятла ў гэтым беспрасьветным царстве – першая для мяне ў найноўшай гісторыі і адзіная магчымая сатысфакцыя споўненага грамадзянскага абавязку.

Мне падабаецца жыцьцё, у якім больш сьвятла, чым цемры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?