На БТ адбыліся тэледэбаты паміж кандыдатамі на прэзыдэнта. Лукашэнка і Гайдукевіч не прыйшлі.

Паводле чыста суб’ектыўнага меркаваньня, ніхто з удзельнікаў дэбатаў не пакінуў нейкага надзвычай яркага ўражаньня.

Відавочна, што, напрыклад, Тацяна Караткевіч шмат ужывала хатнія загатоўкі, тэмы і аргумэнты — экспромтаў амаль не было. Плюс, відавочна, яна баялася сказаць нешта «непапраўнае», падставіцца — і таму вострыя геапалітычныя пытаньні проста абмінала (што, магчыма, становіцца адметнасьцю яе кампаніі). Ніхто з удзельнікаў дэбатаў не нарадзіў нейкіх яркіх фразаў, афарызмаў (як гэта было ў 2010 годзе), якія запамінаюцца і ўваходзяць у гісторыю.

Бадай, выключэньнем тут можа лічыць наступную дасьціпную і вострую фразу Караткевіч — «Мужчыны заўсёды любяць перабольшваць, асабліва што тычыцца іхніх вынікаў». (Памятаю, як Тацяна зрабіла паўзу, якбы разважаючы — але, відаць, вырашыла, не разьвіваць гэтую тэму далей).

У сваім уступным слове Караткевіч даволі жорстка выказалася наконт нядаўніх словаў Лукашэнкі пра «стабільнасьць». «Яму можа і няважныя цэны і заробкі.. А нам важныя», — сказала кандыдатка. Выглядала даволі ўпэўнена, не забывала на жэстыкуляцыю. Свае пытаньні Ўлаховічу і Алегу Гайдукевічу Караткевіч задала па-беларуску. Ва Ўлаховіча спытала, чаму ён аддаў палякам Максіма Багдановіча.

Улаховіч, бадай, упершыню гэтак выразна і дакладна падкрэсьліў сваю прарасейскасьць: «Я не хачу так рэзка выступаць супраць улады. Крызіс мы перажывем толькі разам з Расеяй. Толькі пры адзінстве трох брацкіх народаў — Беларусі, Украіны і Расеі — мы можам нешта даказаць НАТО і Эўразьвязу».

Алег Гайдукевіч некалькі разоў настойліва даказваў гледачам, што Караткевіч — гэта тая самая апазыцыя, «якая 20 гадоў спрабуе разбурыць краіну». «Яна хаваецца за мірнымі пераменамі, але калі вы яе выбярыце, то будзе хаос» — заявіў сын кандыдата Сяргея Гайдукевіча.

Калі ўявіць цалкам недасьведчанага ў палітыцы гледача, які карыстаецца толькі зьнешнім уражаньнем, то чыста візуальна, магчыма, найбольш выйгрышна выглядаў якраз Алег Гайдукевіч — ён гучаў даволі напорыста, агрэсіўна, эмацыйна.

Усьлед за сваім бацькам Алег Гайдукевіч таксама «асьмеліўся» пахваліць Лукашэнку: «Я не баюся гэта сказаць, дзякуй нашаму прэзыдэнту за ўмацаваньне сувэрэнітэту!»

У цэлым нельга сказаць, каб нехта адназначна падвысіў свой імідж дзякуючы гэтым дэбатам. Гэта ня тая рэч, якую заўтра будуць абмяркоўваць на кухнях і ў завадзкіх курылках.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?