Прэзідэнцкія выбары 2015 года даўно не маюць адкрытых пытанняў. Няма інтрыгі для выбаршчыкаў, актывістаў, палітыкаў, журналістаў ні ў Беларусі, ні за яе межамі. У чаканні дня галасавання наведвальнікі сацыяльных сетак спаборнічаюць у саркастычным прагнозе вынікаў «выбараў». Па іроніі, удзельнікі гульні аддаюць мінімум 80% галасоў дзейнаму кіраўніку і такім чынам працягваюць справу некалі скандальнай песні «Саня останется с нами» ад Rockerjocker.

Застаецца адно пытанне, на якое яшчэ трэба дачакацца адказу. І гэтае пытанне можа быць ключавым ува ўсёй камбінацыі з супярэчлівым кандыдацтвам Таццяны Караткевіч. Што скажа Караткевіч пра вынікі выбараў?

Для ўлады яна не з’яўялецца пагрозай — ні сёння, ні патэнцыйна. Пры гэтым сама Караткевіч і яе штаб катэгарычна адмаўляюцца ад выхаду з гонкі. А Дзмітрыевым спалена столькі мастоў з апазіцыйнымі структурамі.

Паказальна, як Дзмітрыеў выкручваецца ў тым, як патлумачыць палітычную прыналежнасць Караткевіч. Для ўнутрыбеларускай аўдыторыі ён імкнецца выбудаваць дыстанцыю ад «апазіцыйнага гета». Аднак тады якія палітычныя сілы насамрэч прадстаўляе Караткевіч?

У інтэрв’ю «Беларускаму партызану» 2 верасня Дзмітрыеў аддзяляе Караткевіч ад апазіцыі: «БНФ сышоў, гэта была апошняя апазіцыйная партыя, якая падтрымлівала Караткевіч афіцыйна […] мы цяпер не будзем звязаныя па руках ні радыкальнай рыторыкай БНФ, ні адмоўным іміджам апазіцыйных партый».

Аднак напярэдадні дня галасавання ў інтэрв’ю «СБ. Беларусь сегодня» 7 кастрычніка Дзмітрыеў гаворыць пра Караткевіч зноў як прадстаўніка апазіцыі: «А пра сітуацыю ў апазіцыі нядаўна пачуў: Караткевіч здолела зрабіць тое, что не маглі да яе, — стала фактычна адзіным кандыдатам ад дэмакратычных сілаў і аб’яднала з іх не проста гаворача-грымячых, а працаздольную частку…»

«Гавары праўду» і ўлада будуць настойваць на тым, што Таццяна Караткевіч усё ж з'яўляецца прадстаўніком апазіцыйных сілаў. Яе ацэнка вынікаў выбараў будзе прадстаўленая рэжымам як супольная пазіцыя апазіцыйных сілаў, а гэтае значыць,што выбары будуць лічыцца дэмакратычнымі і справядлівымі.

Такім чынам, упершыню з 1994 года вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі могуць быць прызнаныя законнымі кандыдатам, якая выдае сябе за «адзінага прадстаўніка дэмапазіцыі».

Юрый Варонежцаў, адзін з рэгіянальных лідараў «Гавары праўду», на сваёй старонцы ў Фэйсбуку 7 кастрычніка заявіў, што «сэнс байкоту ва ўмовах сучаснай Беларусі заключаецца ў тым, каб у выніковым пратаколе Ярмошынай яўка склала не 120 працэнтаў, а ўсяго толькі 102». Такім чынам ён прызнаў, што падлік галасоў будзе сфальсіфікаваны, аднак яго больш клапоціць эфект байкоту, чым удзел у злачынстве.

Дык што, выходзіць, «Гавары праўду» праз свайго кандыдата Таццяну Караткевіч асэнсавана саўдзельнічае ў крымінальным злачынстве — фальсіфікацыі выбараў — калі пагаджаецца браць удзел у загадзя сфальсіфікаваным галасаванні і свядома намагаецца прыцягнуць выбарцаў да галасавання?

Калі на выбарах 2001, 2006, 2010 гадоў галасы не лічылі, але была альтэрнатыва ў выглядзе моцных апазіцыйных кандыдытаў, то выбары 2015 года адметныя тым, што ўпершыню пасля прэзідэнцкіх выбараў1994 года праўдзівай альтэрнатывы сярод кандыдатаў не будзе. У гэтым сэнсе прэзідэнцкія выбары 2015 года проста не маюць аніякага сэнсу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?