Урад і апазіцыя дасягнулі сёння згоды наконт змяненняў у міграцыйнай палітыцы, аб'явілі прадстаўнікі парламенцкіх партый на спецыяльнай прэс-канферэнцыі. Міграцыйнае ўпраўленне атрымлівае права выдаваць бежанцам часовае пасведчанне на права жыхарства тэрмінам на 3 гады замест пастаяннага. Выключэнне складуць падлеткі-мігранты, якія прыбылі ў Швецыю без суправаджэння бацькоў, а таксама сем'і з дзецьмі.

Дамоўленасці, якія складаюцца з 21 пункта, датычацца прыёму і інтэграцыі перасяленцаў. Паводле слоў міністра па пытаннях рынку працы Ільвы Юхансан, мэтай дамоўленасцей стала «навядзенне парадку ў краіне» і «зніжэнне затрат на прыём бежанцаў».

Пагадненне прадугледжвае і ўзмацненне патрабаванняў адносна даходаў тых бежанцаў, якія хочуць прывезці ў Швецыю свае сем'і. Палітыкі патрабуюць скараціць тэрміны разгляду спраў па прадастаўленні прытулку міграцыйным упраўленнем, а таксама эфектывізацыі дэпартацыі перасяленцаў, якім адмоўлена ў пасведчанні на права жыхарства. Паводле даных паліцыі, у бягучым годзе шведскія вартавыя парадку змаглі адправіць на радзіму толькі 12 працэнтаў бежанцаў, якім не дазволілі застацца ў краіне. У паліцыі проста няма часу і рэсурсаў актыўна займацца пошукам мігрантаў, якія ўцяклі ад дэпартацыі. Да таго ж 27 працэнтаў краін, напрыклад, Самалі, Афганістан, Іран, Ірак адмаўляюцца прымаць назад перасяленцаў, якіх прымусова высылаюць.

Усе муніцыпалітэты краіны без выключэння цяпер будуць абавязаны прымаць і рассяляць бежанцаў, а таксама сачыць за іх больш хуткім выхадам на рынак працы.

Партыі так і не змаглі прыйсці да адзінага меркавання наконт увядзення часовага пагранічнага кантролю, якога патрабавала Умераная кааліцыйная партыя, таму граніцы каралеўства застануцца для мігрантаў адкрытымі.

Згодна з апублікаваным раней прагнозам, у 2015-2016 гадах Швецыя з насельніцтвам 9,8 млн жыхароў прыме да 360 тыс. бежанцаў. Гэта самы вялікі паказчык у Еўропе на душу насельніцтва. Колькасць дзяцей-мігрантаў без бацькоў сярод перасяленцаў можа скласці да 73 тыс. чалавек. Але многія эксперты сумняваюцца ў сапраўднасці ўзросту гэтых падлеткаў, якія «страчваюць» дакументы пры пераходзе граніцы. Вядома, што маладым людзям да 18 гадоў лягчэй атрымаць прытулак у Швецыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?