28-30 кастрычніка 2015 года Пасольства Швецыі пры падтрымцы Рады па культуры Швецыі ладзіць у Мінску і Віцебску цыкл сустрэч з выбітнай дзіцячай пісьменніцай Юяй Вісландэр, аўтаркай сусветна вядомай серыі казак пра Маму Му і Крумкача.

Падчас сустрэчаў шведская пісьменніца пазнаёміць маленькіх чытачоў з новай кніжкай «Мама Му ў басейне», якая пабачыла свет па-беларуску дзякуючы супольным намаганням перакладчыцы Надзеі Кандрусевіч і выдавецтва «Логвінаў». Падарункам для дзетак стане таксама выступ лялечнага тэатрыка «Лямцавая батлейка», які прапануе сваю версію новай кніжкі пра прыгоды незвычайнай кароўкі і яе вясёлага сябра крумкача. Завершыць мерапрыемства невялічкі майстар-клас, на якім дзеткі самі зробяць сувенірчык на памяць пра цікавае знаёмства. Сустрэчы адкрые Пасол Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь Марцін Оберг, а напрыканцы кожны, хто пажадае, зможа ўзяць аўтограф у Юі Вісландэр і сфатаграфавацца з яе цудоўнымі персанажамі.

Расклад мерапрыемстваў:

  • 28 кастрычніка ў 11.30 – Сустрэча Юі Вісландэр з чытачамі, выступ «Лямцавай батлейкі» ў Мінскай абласной бібліятэцы імя А.С. Пушкіна (вул. Гікала, 4). Уваход вольны
  • 28 кастрычніка ў 17.00 – сустрэча са студэнтамі Цэнтра шведскіх даследаванняў (вул. Інтэрнацыянальная, 11a, офіс 27)
  • 30 кастрычніка ў 16.00 – Круглы стол «Перспектывы развіцця дзіцячай літаратуры ў Беларусі» ў кнігарні «Логвінаў» (пр-т Незалежнасці, 37а)
  • 30 кастрычніка ў 18.00 — Сустрэча Юі Вісландэр з чытачамі, выступ «Лямцавай батлейкі» ў Галерэі сучаснага мастацтва «Ў» (пр-т Незалежнасці, 37а). Уваход вольны

Віцебск

  • 29 кастрычніка ў 15.00 – Сустрэча Юі Вісландэр з чытачамі, выступ «Лямцавай батлейкі» ў Віцебскім дзіцячым доме (вул. Свідзінскага, 9)
  • 29 кастрычніка ў 17.30 — Сустрэча Юі Вісландэр з чытачамі, выступ «Лямцавай батлейкі» ў Бітлз-клубе «Паддашак» (вул. Кастрычніцкая, 11). Уваход вольны

Юя Вісландэр — вядомая шведская дзіцячая пісьменніца, сябра Шведскай дзіцячай акадэміі. Яе кнігі пра Маму Му і Крумкача былі перакладзеныя больш чым на 30 моваў свету. У 2012 годзе выдавецтва «Мастацкая літаратура» распачала друкаваць па-беларуску серыю кніг пра Маму Му. Першай выйшла кніга «Мама Му чытае»,а ў 2013-2014 гадах свет пабачылі яшчэ тры яе кніжкі: «Мама Му прыбірае», «Мама Му будуе дамок» і «Мама Му, Крумкач і Каляды». Цяпер у выдавецтве «Логвінаў» рыхтуецца да выхаду пятая кніга «Мама Му ў басейне», якая мусіць з'явіцца да прыезду Юі Вісландэр у Беларусь. Дарэчы, беларускія чытачы ўжо раней мелі магчымасць пазнаёміцца з кнігамі шведскай пісьменніцы «Малы і мядзведзік» і «Малы і Білан» па-беларуску.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0