Пра працу ў моргу, «кодэкс гонару», пра рэакцыю людзей на прафесію і незвычайныя просьбы блізкіх нябожчыка — у інтэрв'ю Край.бай расказала доктар-патолагаанатам Вілейскага міжраённага аддзела Мінскага абласнога патолагаанатамічнага бюро 29-гадовая Марыя Каркотка.

— Марыя, калі Вы вырашылі, што будзеце патолагаанатамам?

— Мне заўсёды былі цікавыя даследаванні і лабараторныя работы. Я паступіла ў медыцынскі універсітэт і першапачаткова хацела стаць псіхіятрам. На трэцім курсе мы вывучалі паталагічную анатомію, і калі прыйшла ў навуковы гурток, зразумела — гэта маё.

— Успомніце сваю першую практыку. Якія эмоцыі адчувала маладая дзяўчына на першым ускрыцці?

— Я праходзіла інтэрнатуру ў патолагаанатамічным бюро ў Бараўлянах. Мне пашанцавала: я была адзіным інтэрнам, таму ўся ўвага дасведчаных дактароў дасталася мне. Ужо ў першы дзень практыкі трэба было ўскрыць труп. Гэта было маё баявое хрышчэнне. Не, страху не было. За шэсць гадоў вучобы ва ўніверсітэце я пабачыла не адзін дзясятак памерлых. У момант першага ўскрыцця мне было цікава, таму што я выступала ўжо не ў якасці гледача, а як доктар.

— Ускрываючы труп, ці думаеце Вы пра ўзрост нябожчыка?

— Заўсёды шкада маладых. У маёй практыцы былі такія выпадкі: ускрывала маладую жанчыну і хлопца. Вельмі цяжка маральна. У такія моманты я думаю пра тое, як перажываюць іх сваякі, і перажываю разам з імі. Уражанні застаюцца надоўга.

— А як расслабляецеся?

— Звычайна адпачываю дома, люблю вязаць, гляджу фільмы. Вельмі ўражваюць артхаусныя карціны дацкага рэжысёра Ларса фон Трыера. Яго фільмы мяне сапраўды расслабляюць, прымушаюць пра многае задумацца, ужыцца ў ролю герояў.

— Якія эмоцыі адчувае доктар-патолагаанатам пры ўскрыцці цела?

— Страх, хваляванне і іншыя пачуцці — у працэсе іх няма. Яны ўласцівыя абывацелю, калі той кажа, ці думае аб гэтай прафесіі. Для патолагаанатама цела памерлага — матэрыял даследавання. І задавальненне ад працы заключаецца не ў тым, каб пакапацца ў органах, а ў тым, каб вывучыць цячэнне хваробы ад з'яўлення і да канчатковага выніку. А калі ў працэсе ўскрыцця або даследавання выяўляецца рэдкая хвароба, цікавасць да прафесіі падвойваецца.

— Практычна кожны дзень Вы сустракаецеся з людзьмі, забітымі горам. У нейкай ступені яны чакаюць ад Вас суцяшэння. Вы шкадуеце людзей?

— Я адчуваю, калі людзі перажываюць шчыра. Некалькі месяцаў таму жанчына раптоўна памерла пасля аперацыі. Яе муж вельмі моцна плакаў. Убачыўшы яго стан, я не змагла стрымаць слёз, таму што раней ніколі не бачыла, каб мужчыны так плакалі.

Разам з тым, былі моманты, калі паводзіны блізкіх нябожчыка мяне здзіўлялі. Аднойчы прыехалі сваякі памерлага і сталі дзяліць паміж сабой, хто забярэ яго цела з морга і, адпаведна, атрымае грошы на пахаванне. Паўстала адчуванне, што для іх у той момант грошы былі важней…

А вось яшчэ адзін выпадак, пасля якога таксама застаўся непрыемны асадак. Калі жанчына памерла, яе сын быў у турме. Яго адпусцілі, каб пахаваць маці. Прыйшоў да нас і, пагражаючы, стаў патрабаваць пасведчанне аб смерці. У выніку кінуў маці і з'ехаў без дакумента, а жанчыну хавала дзяржава.

— З чаго складаецца працоўны дзень патолагаанатама?

— У прадстаўленні абывацеля патолагаанатам — «мяснік» ў крывавым фартуху, які толькі і займаецца тым, што ўскрывае трупы. Гэта стэрэатып. На самай справе ўскрыццё займае ў нашай працы толькі 5%. Патолагаанатам з'яўляецца паўнавартасным удзельнікам лячэбна-дыягнастычнага працэсу. Мы даследуем аперацыйны і біяпсійны матэрыял хворых пацыентаў, у тым ліку фрагменты ўнутраных органаў і тканак. Даём заключэнне, напрыклад, злаякасная ў пацыента пухліна або дабраякасная, і ўжо на падставе гэтага дактары прызначаюць адпаведнае лячэнне. У працэсе даследавання секцыйнага матэрыялу таксама вывучаем тканкі, фрагменты органаў, каб зрабіць заключэнне пра прычыну смерці.

Вось так выглядае матэрыял для біяпсійнага даследавання

Вось так выглядае матэрыял для біяпсійнага даследавання

— Ці ёсць у дактароў-патолагаанатамаў нейкія прынцыпы, «кодэкс гонару»?

— Напрыклад, мы ніколі не ўскрываем цела сваякоў і людзей, якіх добра ведалі пры жыцці. Ёсць яшчэ адно правіла: ставіцца да памерлага з павагай, як да жывога чалавека.

— Ці даводзілася выконваць незвычайныя або дзіўныя просьбы сваякоў памерлага?

— Аднойчы рабілі пажылой жанчыне манікюр. Калі я працавала ў Слуцку, сваякі папрасілі накруціць валасы памерлай на бігудзі. Многія просяць надзець на памерлага пярсцёнкі або завушніцы. Былі ў нашай практыцы і дзіўныя просьбы. Аднойчы ў нас прасілі пазногці і ваду, якой абмывалі нябожчыка. Тыя, хто прасілі пазногці, растлумачылі, што збіраюцца лячыць сваяка ад алкагалізму.

— Ці палохае Ваша прафесія новых знаёмых, калі тыя даведваюцца, кім Вы працуеце?

— У людзей розная рэакцыя: дарослыя ў асноўным рэагуюць спакойна, а вось моладзь звычайна не хавае эмоцый: «Як ты ў моргу працуеш?!» Некаторыя сваякі да гэтага часу ставяцца да маёй працы скептычна. Я заўсёды кажу людзям: каб зразумець патолагаанатама, трэба быць патолагаанатамам. У некаторых калег з-за прафесіі нават не наладжвалася асабістае жыццё. Калі іх пасіі даведваліся, кім яны працуюць, адразу ж спынялі з імі адносіны.

Мой муж мяне разумее. Ён таксама медык — хірург, таму мая прафесія яго не палохае.

— Ці не ўзнікала ў Вас жадання перакваліфікавацца, напрыклад, на тэрапеўта?

— Адназначна — ніколі. Я не вельмі люблю камунікаваць з пацыентамі. Калі мы размяркоўваліся, многія аднакурснікі былі шакаваныя маім выбарам, не разумелі, як я вырашылася пайсці ў такую прафесію. Але, праз час, калі папрацавалі дактарамі, змянілі сваё меркаванне, таму што цяпер ім даводзіцца дзяжурыць па начах, працаваць у выходныя, не хапае часу на дзяцей, адпачынак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?