Пісьменьнік Уладзімер Арлоў пералічыў прычыны нэрвовага стаўленьня Аляксандра Лукашэнкі да Сьвятланы Алексіевіч: «Я лічу, што такая нэрвовая рэакцыя ўладаў на атрыманьне Сьвятланай Алексіевіч Нобэлеўскай прэміі выклікана некалькімі чыньнікамі.

Па-першае, насуперак неаднаразовым заявам Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што нашыя пісьменьнікі нічога ня вартыя — маўляў, другую «Вайну і мір» не напісалі — высьвятляецца, што беларускія літаратары могуць дасягнуць вельмі высокага ўзроўню.

Па-другое, Сьвятлана Алексіевіч належыць не да Саюзу пісьменьнікаў Беларусі, якім кіруе генэрал Чаргінец, а да незалежнага Саюзу беларускіх пісьменьнікаў — арганізацыі, якая лічыцца ўладамі выразна апазыцыйнай.

Па-трэцяе, Сьвятлана Алексіевіч ніколі не хавала сваіх дэмакратычных поглядаў. Зразумела, што Нобэлеўская прэмія ніякім чынам на яе перакананьні не паўплывала, яна гаворыць пра тое, што не прымае цяперашнюю сытуацыю ў Беларусі».

Уладзімер Арлоў выказаў спадзеў, што ва ўладаў хопіць розуму не рабіць варожыя крокі ў бок пісьменьніцы Алексіевіч.

«Наадварот — цяпер момант, калі дзяржаўныя выдавецтвы павінны азадачыцца друкам яе твораў, чаго не было ўжо апошнія чвэрць стагодзьдзя. Абавязкова павінны быць выдадзеныя пераклады яе твораў на беларускую мову — тым больш, што на іх ёсьць вялікі попыт. Я таксама спадзяюся, што ня будзе адмененае рашэньне пра вяртаньне твораў Сьвятланы Алексіевіч у школьную праграму. Улады павінны зразумець, што посьпех Сьвятланы — агульнанацыянальны, што прэмія атрыманая ня толькі ёй, але і ўсёй нашай краінай, што беларускі Нобэль павышае аўтарытэт усёй Беларусі. Пакуль жа сваімі заявамі прэзыдэнт дэманструе неразуменьне такіх элемэнтарных рэчаў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?