29 кастрычніка 1992 г. Вярхоўны Савет Беларусі прыняў цікавую пастанову. Яна называлася «Аб прапанове групы грамадзян па правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму». Пастанова заслугоўвае таго, каб прывесці яе цалкам: «У сувязі з парушэннямі ініцыятыўнай групай па правядзенні рэферэндуму артыкулаў 11 і 13 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб народным галасаванні (рэферэндуме) у Рэспубліцы Беларусь» адхіліць на падставе артыкула 14 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб народным галасаванні (рэферэндуме) у Рэспубліцы Беларусь» прапанову групы грамадзян Рэспублікі Беларусь аб правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму з фармулёўкай пытання: «Ці лічыце Вы неабходным правядзенне восенню 1992 выбараў у вышэйшы орган дзяржаўнай улады Рэспублікі Беларусь на аснове Закона «Аб выбарах народных дэпутатаў Беларусі», праект якога ўнесены апазіцыяй БНФ у Вярхоўным Савеце, і ў сувязі з гэтым датэрміновы роспуск цяперашняга Вярхоўнага Савета?».

За невялічкім тэкстам пастановы крыецца цэлая эпапея, якая магла прывесці да таго, што першы рэферэндум у незалежнай Беларусі мог адбыцца ўжо ў канцы 1992 г., а ягоныя вынікі — да кардынальнага развароту ў развіцці краіны. Аднак усё па парадку.

З чаго пачыналася?

Як вядома, у першай палове 1990-х гг. адным з цэнтральных суб’ектаў палітычнага жыцця краіны была парламенцкая апазіцыя Беларускага Народнага Фронту.

У перыяд 1990—1995 гг. апазіцыя БНФ мела прадстаўніцтва ў Вярхоўным Савеце XII склікання. Неўзабаве пасля пачатку працы парламента дэпутацкая група БНФ пачала ўсё часцей казаць пра недзеяздольнасць Вярхоўнага Савета, засілле ў ім камуністычных кансерватараў, якія ніколі не адважацца ні на якія рэформы, а, больш за тое, зробяць усё для рэстаўрацыі старых парадкаў.

Карыкатура з урадавай газеты «Рэспубліка» на ідэю БНФ арганізаваць рэферэндум аб роспуску Вярхоўнага Савета і правесці датэрміновыя парламенцкія выбары.

Карыкатура з урадавай газеты «Рэспубліка» на ідэю БНФ арганізаваць рэферэндум аб роспуску Вярхоўнага Савета і правесці датэрміновыя парламенцкія выбары.

Як паказаў час, адносна малалікая (27—30 чалавек) дэпутацкая група БНФ была не ў стане процістаяць парламенцкай большасці, якая з упартасцю блакавала ўсялякія ініцыятывы апазіцыі. Таму дэпутацкая група вырашыла пайсці радыкальным шляхам: змесці Вярхоўны Савет з палітычнай арэны з дапамогаю такой працэдуры як рэферэндум. Адпаведная заява з’явілася ў парламенцкім выданні «Народная газета» 21 снежня 1991 г.

Фармальным повадам для абвяшчэння ініцыятывы рэферэндуму стала тое, што падчас абмеркавання парадку дня 8-й сесіі Вярхоўнага Савета ўсе прапановы дэпутацкай групы былі адхілены. Напрыклад, дэпутаты адмовіліся разглядаць законапраект апазіцыі аб выбарах, што ўводзіў прапарцыянальна-мажарытарную сістэму і істотна скарачаў колькасць дэпутатаў, і праект пастановы «аб забароне палітычных арганізацый, структур і груп, якія грунтуюцца на антычалавечых поглядах і вучэннях», бо пад яе, у першую чаргу, падпадалі камуністы.

Вось урывак з гэтай заявы: «…Калі б на Беларусі быў дэмакратычны, а не наменклатурна-камуністычны Вярхоўны Савет, не было б той нястачы і бяды, якая стварылася цяпер. Наш працавіты народ бязьвінна пакутуе з-за бяздарнасці і непаслядоўнасці цяперашняга, выбранага пры камуністычным рэжыме кіраўніцтва. Гэтае кіраўніцтва сваім бяздзеяннем і неадпаведнымі паводзінамі прывяло да разбалансавання таварнага рынку, да масавага вывазу тавараў з Беларусі, да пагаршэння жыцця. Яно не падрыхтавала ўвядзенне нацыянальнай валюты, не вырашыла пытанне з савецкім войскам, як гэта зрабіла Украіна, не праводзіць незалежнай дзяржаўнай палітыкі, не ўмацоўвае дзяржаўнага суверэнітэту. Апазіцыя Беларускага Народнага Фронту прыступае да ўтварэння Ініцыятыўнага камітэта па правядзенні ўсебеларускага рэферэндуму аб адстаўцы ўрада і датэрміновых выбарах у Вярхоўны Савет рэспублікі. Мы спадзяёмся на падтрымку Народнага Фронту, дэмакратычных партыяў, арганізацыяў, рабочых страйкамаў, незалежных прафсаюзаў, працоўных калектываў, усіх жыхароў Беларусі.

Скончылася цярпенне. Вычарпаны ўсе магчымасці. Настае час рашучых дзеянняў. Дэпутацкая апазіцыя БНФ заклікае рыхтавацца да іх, бо стала зразумела, што ніхто не дапаможа беларускаму народу, калі не дапаможа народ сабе».

Апазіцыя лічыла, што час для рэферэндуму спрыяльны: бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» сталі дзяржаўнымі сімваламі, а Савецкі Саюз быў распушчаны паводле Белавежскіх пагадненняў.

Карыкатура з камуністычнай газеты «Мы и время» на ідэю БНФ арганізаваць рэферэндум аб роспуску Вярхоўнага Савета і правесці датэрміновыя парламенцкія выбары.

Карыкатура з камуністычнай газеты «Мы и время» на ідэю БНФ арганізаваць рэферэндум аб роспуску Вярхоўнага Савета і правесці датэрміновыя парламенцкія выбары.

Снежаньская заява парламенцкай апазіцыі ўяўляла з сябе першы рэальны крок да падрыхтоўкі рэферэндуму, пры дапамозе якога апазіцыя разлічвала ў 1992 г. пашырыць доступ да палітычнай улады альбо нават атрымаць яе.

Пры гэтым БНФ імкнуўся быць адзіным выразнікам ідэі рэферэндуму, а таму раўніва ставіўся да ўсялякіх альтэрнатыў у гэтым пытанні. Таму не дзіўна, што ў адмысловым паведамленні Управы БНФ (студзень 1992 г.) крытыкавалася ідэя стварэння блока «Новая Беларусь», на якую павінны былі легчы матэрыяльна-тэхнічныя пытанні, звязаныя з рэферэндумам. Стварэнне такога блока, сцвярджалася ў паведамленні, выглядала, ні больш ні менш як «рэанімацыя неабальшавіцкага лозунга «кансалідацыі», усеагульнага штучнага адзінства, патрэбнага наменклатуры дзеля захавання ўлады».

Ініцыятыва стварэння гэтага блока належала аднаму з заснавальнікаў БНФ Міхасю Ткачову, які разышоўся з кіраўніцтвам Фронту пасля альтэрнатыўнага шэсця ў Мінску 7 лістапада 1990 г. і распачаў новы праект — Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады (БСДГ). Ткачоў быў упэўнены, што «Новая Беларусь» будзе больш гнуткай, чым БНФ. У прыватнасці, ставілася задача наладжвання сувязей «Новай Беларусі» з афіцыйнымі прафсаюзамі. Нягледзячы на папрокі з боку БНФ, БСДГ, як сцвярджаў Ткачоў, вылучыла грошы на збор подпісаў за рэферэндум (гл.: Ткачоў М. Паходня. — Мн.: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1994. — С. 12)

Фармальна справа ўскладнялася тым, што дзейная на той час канстытуцыя БССР 1978 г. не прадугледжавала датэрміновага роспуску Вярхоўнага Савета праз рэферэндум.

Тым не менш, 11 студзеня 1992 г. была створана ініцыятыўная група па зборы подпісаў за правядзенне рэферэндуму. Заява аб стварэнні групы і фармулёўка пытання былі накіраваны ў Цэнтральную выбарчую камісію (ЦВК) 14 студзеня 1992 г. Пытанне гучала так: «Ці лічыце Вы неабходным датэрміновы роспуск Вярхоўнага Савета і правядзенне ўвосень 1992 г. выбараў у прафесійны парламент Рэспублікі Беларусь на падставе дэмакратычнага закона, унесенага апазіцыяй БНФ у Вярхоўным Савеце?».

Кіраўніком ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў стаў актывіст БНФ Уладзімір Анцулевіч.

13 лютага 1992 г. адбылася сустрэча прадстаўнікоў ініцыятыўнай групы з кіраўніцтвам Цэнтрвыбаркама. У выніку пытанне было зарэгістравана, але істотна перафармулявана: «Ці лічыце Вы неабходным правядзенне ўвосень 1992 г. выбараў у вышэйшы орган дзяржаўнай улады Рэспублікі Беларусь на падставе Закона «Аб выбарах народных дэпутатаў Беларусі», праект якога ўнесены апазіцыяй БНФ у Вярхоўным Савеце, і ў сувязі з гэтым датэрміновы роспуск цяперашняга Вярхоўнага Савета?».

Такім чынам, з новай фармулёўкі знікла згадка аб прафесійным парламенце, бо такі інстытут улады не быў прапісаны ў Канстытуцыі 1978 г.

Рэгістрацыі пытання, якая стала пэўнай нечаканасцю для кіраўніцтва рэспублікі і для кіраўніка Вярхоўнага Савета Станіслава Шушкевіча, спрыяла і суб’ектыўная сітуацыя: адсутнасць старшыні ЦВК.

19 верасня 1991 г. гэту пасаду пакінуў Міхаіл Лагір, а новы старшыня — Аляксандр Абрамовіч (за яго выказалася прадстаўніца БНФ Галіна Сямдзянава) — быў абраны парламентам 12 сакавіка 1992 г.

Карыкатура ў дэмакратычнай газеце «Выбар» ў падтрымку ідэі БНФ арганізаваць рэферэндум аб роспуску ВС і правесці датэрміновыя парламенцкія выбары.

Карыкатура ў дэмакратычнай газеце «Выбар» ў падтрымку ідэі БНФ арганізаваць рэферэндум аб роспуску ВС і правесці датэрміновыя парламенцкія выбары.

Ідэя рэферэндуму ўзрушыла грамадства, падштурхнула да той ці іншай рэакцыі прадстаўнікоў практычна ўсіх палітычных сіл. Так, Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што неабходная колькасць — не менш 350 тыс. — подпісаў будзе сабрана. Гэты дэпутат, выступаючы ў лютым 1992 г. на Шклоўскай раённай сесіі мясцовых саветаў заявіў, што «не собирается защищать Верховный Совет», але тут жа прапанаваў пачаць праводзіць тлумачальна-прапагандысцкую працу супраць рэферэндуму сярод насельніцтва. Па словах А. Лукашэнкі, трэба трымаць уладу, а не сядзець у акопах.

4 сакавіка 1992 г. была прынята супольная заява Прэзідыуму Вярхоўнага Савета і Савету Міністраў Беларусі, скіраваная супраць рэферэндуму. У заяве сцвярджалася, што датэрміновы роспуск Вярхоўнага Савета не вырашыць набалелых пытанняў.

Супраць ініцыятывы апазіцыі БНФ выступіў і асабіста Старшыня Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч, які на першым пасяджэнні 9-й сесіі 11 сакавіка 1992 г. прапанаваў рэарганізаваць і аптымізаваць структуру парламента: «Рэферэндум усё загубіць, не дасць узмацніцца таму станоўчаму, што напрацавана. Рэферэндум замарудзіць рэформы ў самы адказны момант, наступіць сапраўдны параліч улады. Рэарганізацыя — вось сродак паляпшэння работы Вярхоўнага Савета».

У сувязі з рэферэндумам урадавыя колы ўсвядомілі, што ім неабходна мець у Вярхоўным Савеце моцную групу падтрымкі, якая процістаяла б апазіцыі БНФ і спрыяла зацвярджэнню законаў і пастаноў, неабходных кіраўніку ўрада Вячаславу Кебічу і яго атачэнню.

11 сакавіка 1992 г. дэпутат Генадзь Казлоў на адкрыцці 9-й сесіі парламента склікання зачытаў заяву наступнага зместу: «Мы, группа депутатов Верховного Совета, считаем, что

единственным реальным выходом из нынешней ситуации является сохранение политической стабильности в республике, укрепление исполнительной власти, консолидация всех сил, всех социальных слоев на основе интересов народа. Приоритет экономики над политикой. Не революция, а эволюция. Разумные, последовательные реформы, а не скачок в царство демократии. Не слом, а реконструкция. Роспуск нынешних Верховного Совета и Правительства отбросит республику назад, возможно, к тоталитаризму, приведет к полной потере управляемости народным хозяйством. Мы решительно против попыток подменить право революционной волей».

«Хлопцы, не кричите «гоп», пока не перепрыгнули»

Такую заўвагу Зянону Пазняку зрабіў дэпутат Аляксандр Лукашэнка. Справа ў тым, што лідар парламенцкай апазіцыі БНФ 12 красавіка 1992 г. выказаў упэўненасць, што рэферэндум адбудзецца, а Вярхоўнаму Савету «засталося існаваць некалькі месяцаў». Пры гэтым сцвярджэнне Пазьняка было не на пустым месцы. 13 красавіка 1992 г. ініцыятыўная група перадала ў ЦВК 446 601 подпіс.

Калаж у дэмакратычнай газеце «Ратуша» ў падтрымку ідэі БНФ арганізаваць рэферэндум аб роспуску ВС і правесці датэрміновыя парламенцкія выбары

Калаж у дэмакратычнай газеце «Ратуша» ў падтрымку ідэі БНФ арганізаваць рэферэндум аб роспуску ВС і правесці датэрміновыя парламенцкія выбары

Аб упэўненасці апазіцыі БНФ у перамозе сведчыў факт публікацыі ў «Народнай газеце» (16 красавіка 1992 г.) эканамічнай праграмы, распрацаванай Зянонам Пазьняком, Уладзімірам Заблоцкім, Сяргеем Папковым, Юрыем Беленькім і Лявонціем Зданевічам. Праграма прадугледжвала пачатак радыкальных рэформ ва ўсіх галінах гаспадаркі, у тым ліку і прыватызацыі зямлі. Праўда, спрэчным выглядала імкненне аўтараў не радзей раз на год праводзіць рэферэндумы аб даверы органам улады. Пытанні таксама выклікалі і іншыя тэзы: забарона дэфіцытнага бюджэту і манаполія дзяржавы на ўнутраны і замежны гандаль пэўнай прадукцыяй прадпрыемстваў дзяржаўнага сектару.

Кіраўніцтва рэспублікі зрабіла некалькі захадаў, накіраваных супраць рэферэндуму.

Па-першае была праведзена рэарганізацыя Вярхоўнага Савета, якая, на думку парламенцкай большасці і Старшыні Вярхоўнага Савета Шушкевіча, павінна была на парадак падвысіць каэфіцыент карыснай дзейнасці вышэйшага прадстаўнічага і заканадаўчага органа. Аднак рэарганізацыя звялася да скарачэння пастаянных камісій Вярхоўнага Савета, іх зліцця. Адпаведная пастанова была зацверджана 17 красавіка 1992 г. Мандатная камісія скасоўвалася — яна злівалася з камісіяй па пытаннях працы саветаў народных дэпутатаў і развіцці самакіравання, якая, у сваю чаргу, ператваралася ў камісію па дзяржаўным будаўніцтве. Камісія па таварах народнага спажывання, гандлю і паслугах насельніцтву злівалася з камісіяй па пытаннях развіцця прамысловасці, энергетыкі і транспарту, сувязі і інфарматыкі, якая, у сваю чаргу, перат­варалася ў камісію па прамысловасці і паслугах насельніцтву. Камісія па справах інвалідаў злучалася з камісіяй па справах ветэранаў вайны, працы і Узброеных сіл, якая стала называцца камісіяй па справах ветэранаў і інвалідаў. Камісія па справах моладзі злівалася з камісіяй па справах жанчын, сям’і, мацярынства і дзяцінства, якая ператварылася ў камісію па справах сям’і і моладзі.

Мітынг шахцёраў г. Салігорска ў падтрымку ідэі арганізаваць рэферэндум аб роспуску ВС і правесці датэрміновыя парламенцкія выбары на аснове закона, распрацаванага парламенцкай апазіцыяй БНФ.

Мітынг шахцёраў г. Салігорска ў падтрымку ідэі арганізаваць рэферэндум аб роспуску ВС і правесці датэрміновыя парламенцкія выбары на аснове закона, распрацаванага парламенцкай апазіцыяй БНФ.

Альтэрнатыўныя праекты апазіцыі БНФ і дэпутата Васіля Далгалёва, які, дарэчы, уваходзіў у склад Ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў, датычныя рэарганізацыі Вярхоўнага Савета, былі адхілены. Пры ўсіх адрозненнях яны мелі супольную канцэпцыю, якая зводзілася да ператварэння прадстаўнічай улады ў дуалістычную структуру «Сойм (малы парламент на прафесійнай аснове – з’езд/сесія).

Такі варыянт, падобны ў нечым на расійскі (Вярхоўны Савет – З’езд) наўрад ці адпавядаў умовам рэспублікі. Больш таго, напрыклад, супраць такой сістэмы выказаўся відны член дэпутацкай апазіцыі Уладзімір Заблоцкі, які выступіў за істотнае рэфармаванне пастаянных камісій і за іх перайменаванне. На думку Ул. Заблоцкага, патрэбны былі наступныя камісіі: камісія па правах чалавека, камісія па заканадаўстве, камісія па нацыянальнай бяспецы, камісія па эканоміцы, камісія па міжнародных адносінах, камісія па навуцы і тэхналогіях, камісія па дзяржаўным будаўніцтве, камісія па бюджэце, камісія па ахове здароўя і сацыяльнай абароне, камісія па сельскай гаспадарцы, камісія па культуры і адукацыі.

У выніку рэарганізацыі ў Вярхоўным Савеце ўтварылася дадатковая структура — Кансультатыўны Савет. Кансультатыўны Савет уяўляў з сябе фармаванне, у якое ўваходзілі ўсе дэпутаты, што працавалі ў парламенце на пастаяннай аснове. Галоўная задача Кансультатыўнага Савета заключалася ў тым, каб абавязкова даваць заключэнні па законапраектах, якія прапаноўваліся пастаяннымі камісіямі. І хаця гэтыя заключэнні мелі для Вярхоўнага Савета рэкамендацыйны характар, было зразумела, што Кансультацыйны Савет выконвае ролю своеасаблівага «фільтра» законапраектаў, непрыемных для парламенцкай большасці.

Па-другое, 22 красавіка 1992 г. адбылося даабранне членаў ЦВК, што можна разглядаць як адзін з захадаў парламенцкай большасці, накіраваны на зрыў рэферэндуму аб роспуску Вярхоўнага Савета і правядзенні датэрміновых парламенцкіх выбараў. Больш за тое, дэпутацкая група «Беларусь» дамаглася таго, каб праходзіла не імянное (бюлетэнямі), а электроннае галасаванне. Гэту ініцыятыву падтрымаў 181 дэпутат пры кворуме ў 174 галасы. Прадстаўнік апазіцыі Уладзімір Новік заявіў, што не давярае гэтай сістэме, але яго голас не быў пачуты.

Зянон Пазняк на мітынгу шахцёраў г. Салігорска ў падтрымку ідэі арганізаваць рэферэндум аб роспуску ВС і правесці датэрміновыя парламенцкія выбары на аснове закона, распрацаванага парламенцкай апазіцыяй БНФ

Зянон Пазняк на мітынгу шахцёраў г. Салігорска ў падтрымку ідэі арганізаваць рэферэндум аб роспуску ВС і правесці датэрміновыя парламенцкія выбары на аснове закона, распрацаванага парламенцкай апазіцыяй БНФ

Віктар Ганчар заклікаў спыніць абмеркаванне гэтага пытання, таму што, па словах дэпутата, прадстаўленыя кандыдатуры фактычна ўяўляюць з сябе «филиал министерства юстиции», г. зн. будуць праводзіць волю Савета Міністраў.

Спачатку парламенцкая большасць пацярпела паражэнне: за тое, каб уключыць пяць навічкоў у склад камісіі, прагаласавалі 172 дэпутаты пры кворуме ў 174 галасы. Тады, парушаючы працэдуру, дэпутаты, нягледзячы на пратэсты апазіцыі, пачалі праводзіць галасаванне па кожнай кандыдатуры. Такое галасаванне падтрымаў і дэпутат Лукашэнка: «Надо принимать решение. Совесть и уважение к этим людям у вас в конце концов есть?». У выніку ў якасці членаў Цэнтральнай выбарчай камісіі былі зацверджаны пяць чалавек, у тым ліку і Л.Ярмошына — юрысконсульт выканаўчага камітэта Бабруйскага гарадскога Савета народных дэпутатаў. Лідзіі Міхайлаўне аказаў падтрымку 181 дэпутат пры неабходным кворуме ў 174 галасы.

Апазіцыя БНФ зрабіла ў «Народнай газеце» (25 красавіка 1992 г.) адпаведную заяву, у якой выказала пратэст супраць незаконнага даабрання членаў ЦВК.

Па-трэцяе, кіраўніцтва рэспублікі значна актывізавала працу над новай Канстытуцыяй. У жніўні 1992 г. у рэспубліканскіх сродках масавай інфармацыі з’явіўся новы праект Асноўнага Закона (першы быў надрукаваны ў снежні 1991 г.). У праекце выразна назіралася змяшчэнне цэнтра ўлады ў бок заканадаўчай улады, між іншым як прэзідэнт надзяляўся больш прадстаўнічымі паўнамоцтвамі. Публікацыя праекта была абстаўлена заявай кіраўніка рабочай групы Канстытуцыйнай камісіі, намесніка Старшыні Вярхоўнага Савета Васіля Шаладонава. Паводле заявы, новая Канстытуцыя робіць рэферэндум немэтазгодным.

Запыт дэпутата Вярхоўнага Савета Беларусі Валянціна Сарокіна наконт публікацыі ва ўрадавай прэсе звестак аб фінансаванні БНФ праз амерыканскія фонды.

Запыт дэпутата Вярхоўнага Савета Беларусі Валянціна Сарокіна наконт публікацыі ва ўрадавай прэсе звестак аб фінансаванні БНФ праз амерыканскія фонды.

І ўсё ж такі парламент быў вымушаны вызначыцца з рэферэндумам. 

Справа ў тым, што дзявятая сесія Вярхоўнага Савета скончылася 24 красавіка 1992 г. Прычым скончылася, як адзначаў Зянон Пазняк, раптоўна, не прызначыўшы дату рэферэндуму. Лідар БНФ сцвярджаў, што адзін з членаў апазіцыі падчас свайго выступлення быццам бы выдаў усе планы дэпутацкай групы БНФ і падобным чынам папярэдзіў парламенцкую большасць (Гл.: Пазняк, З. Што з парламентам // Народная газета. – 1992. – 14 лістапада. – С. 2). Магчыма, Зянон Пазняк намякаў на Сяргея Антончыка, які выступіў з рэзкай заявай: «Если Верховный Совет будет нарушать закон и Конституцию, каждый из присутствующих здесь депутатов имеет право обратиться к народу для того, чтобы смести этот Верховный Совет любыми методами». У сваю чаргу, заява Антончыка была зроблена ў сувязі з тым, што 24 красавіка 1992 г. была прынята пастанова Вярхоўнага Савета аб вызваленні прадстаўніка БНФ, дэпутата Яўгена Новікава з пасады сакратара камісіі па заканадаўстве, што можна разглядаць як імкненне парламенцкай большасці ачысціць органы Вярхоўнага Савета ад апазіцыі ў перыяд, калі апошняя рыхтавала рэферэндум. Больш таго, Я. Новікаў увогуле быў выключаны са складу камісіі па прычыне быццам бяздзейнасці. Аднак сам Новікаў знаходзіўся ў гэты дзень у службовай камандзіроўцы ў Празе, таму такая пастанова выглядала нонсенсам.

За Новікава ўступілася не толькі апазіцыя БНФ (Заблоцкі, Зданевіч), але і іншыя дэпутаты, у прыватнасці, Лукашэнка. Станіслаў Шушкевіч згадзіўся на тое, каб паставіць на галасаванне наступнае пытанне: вызваліць Я. Новікава ад пасады сакратара камісіі па заканадаўстве, але пакінуць яго ў складзе камісіі. Гэтую прапанову падтрымалі 198 дэпутатаў пры кворуме ў 173.

Наступная, дзесятая сесія планавалася толькі на 20 кастрычніка 1992 г. Да яе пачатку абодва — прыхільнікі і праціўнікі рэферэндуму — бакі імкнуліся авалодаць грамадскай думкай.

Спачатку сітуацыя развівалася на карысць рэферэндуму. Згодна з заключэннем ЦВК ад 11 мая 1992 г., у заключным акце Ініцыятыўнай групы значыўся 446601 подпіс, але падлік даў 442032 подпісы. Акрамя таго, камісія выключыла 58254 подпісы, сабраныя з парушэннямі заканадаўства ці з адступленнямі ад яго. Напрыклад, 5 грамадзян, якія паставілі свае подпісы, пражывалі за межамі рэспублікі. Найбольшая колькасць подпісаў (46 857) была забракавана камісіяй у сувязі з тым, што подпісы членаў ініцыятыўнай групы на падпісных аркушах былі завераны не пячаткай выканаўчага камітэта ці гарадскога (раённага ў горадзе з адпаведным адміністратыўным дзяленнем) Савета народных дэпутатаў, а пячаткай агульнага аддзела ці іншага органа выканкама.

Тым не менш, Цэнтрвыбаркам на адважыўся ігнараваць пазіцыю соцень тысяч выбаршчыкаў і згадзіўся, што сабрана неабходная — звыш 350 тысяч — колькасць подпісаў у падтрымку правядзення рэферэндуму, г. зн. норма, прадугледжаная законам, была выканана. Камісія перадала свае заключэнне ў Прэзідыум Вярхоўнага Савета. У СМІ пачаліся нападкі на ЦВК, пасыпаліся абвінавачванні ў прафесійнай некампетэнтнасці і палітычнай заангажаванасці. Выказваліся думкі аб вызваленні Абрамовіча з пасады кіраўніка ЦВК.

У жніўні 1992 г. Шушкевіч заявіў, што ніколі не прысягаў Беларускаму Народнаму Фронту.

Карыкатура з дэмакратычнай газеты «Згода» на выступленне дэпутата Вярхоўнага Савета Беларусі Дзмітрыя Булахава 27 кастрычніка 1992 г. адносна правядзення рэферэндуму аб роспуску парламента.

Карыкатура з дэмакратычнай газеты «Згода» на выступленне дэпутата Вярхоўнага Савета Беларусі Дзмітрыя Булахава 27 кастрычніка 1992 г. адносна правядзення рэферэндуму аб роспуску парламента.

Фронт і апазіцыя імкнуліся выкарыстаць пратэставы патэнцыял насельніцтва, у прыватнасці, знакамітыя выступленні салігорскіх шахцёраў увесну 1992 г., на карысць рэферэндуму.

Праціўнікі парламенцкай апазіцыі і БНФ у цэлым пачалі абвінавачваць іх у выкарыстанні фінансавай падтрымкі ад Захаду, у прыватнасці, ад ЗША.

Дэпутат, лётчык-касманаўт СССР Уладзімір Кавалёнак увогуле абвінаваціў БНФ вось у чым: «Я поддерживал Белорусский народный фронт, но сегодня скажу, у меня кровь стынет в жилах от того, что говорит Белорусский народный фронт. Товарищи, это будет страшнее, чем при КПСС. Это будет настоящий фашизм. И он придет, если мы не опомнимся сегодня, товарищи, земляки-белорусы!».

На дзясятай сесіі Вярхоўнага Савета Беларусі XII cклікання пытанне аб рэферэндуме было ўнесена ў павестку дня пад №9. Аднак парламенцкай апазіцыі ўдалося дамагчыся, каб рэферэндум разглядалі пад №3: пасля абмеркавання эканамічных пытанняў і праекта Канстытуцыі. Была дасягнута дамоўленасць аб новай даце рэферэндуму — 6 снежня 1992 г.

Пры гэтым парламенцкая большасць рашуча адхіліла прапанову апазіцыі аб тым, каб даць слова ў Вярхоўным Савеце кіраўніку Ініцыятыўнай групы Ул.Анцулевічу.

Кіраўнік Ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў Ул. Анцулевіч.

Кіраўнік Ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў Ул. Анцулевіч.

З абмеркаваннем немэтазгоднасці рэферэндуму ад імя парламенцкай большасці выступіў старшыня камісіі па заканадаўстве Дзмітрый Булахаў — малады, даволі вядомы палітык, чые амбіцыі выходзілі далёка за межы парламента.

Дэпутат Анатоль Нятылькін, узгаданы ў адной прамоў кандыдата ў прэзідэнты Улаховіча, 1 кастрычніка 1991 г. назваў Булахава «парламентским самородком».

Прамова Булахава, ад пачатку і да канца накіраваная супраць рэферэндуму, была даволі доўгай і абвіначвала ініцыятараў рэферэндуму і ЦВК у парушэнні закона: «По сути дела, комиссия, прикрываясь благими пожеланиями о реализации воли народа, встала на опасный путь дискредитации закона и самой идеи референдума, допустив, что решение, которое обладает высшей юридической силой в государстве, а тем более первое подобное решение может быть принято с грубейшими отступлениями от норм закона. Если вглядеться в механизм, то Центральная комиссия сняла с себя и с инициаторов всякую ответственность перед людьми, перед законом и, выведя за скобки вопрос о соблюдении закона, возложила на Верховный Совет свои обязанности».

Прадстаўнікі парламенцкай апазіцыі БНФ рашуча выступілі супраць высноў Дзмітрыя Булахава. Дэпутаты Лявонцій Зданевіч, Мікалай Маркевіч, Ігар Гермянчук выказалі сумневы ў юрыдычнай кваліфікацыі старшыні камісіі.

Нечакана для дэпутацкага корпуса на бок ініцыятараў рэферэндуму стаў старшыня ЦВК А. Абрамовіч, які заклікаў не забараняць рэферэндум, а абвясціць несапраўднымі толькі тыя подпісы, якія былі атрыманы шляхам парушэння дзеючага заканадаўства. Па словах Абрамовіча, калі машына стаіць у неналежным месцы, то не трэба канфіскоўваць машыну, а трэба штрафаваць кіроўцу. Больш за тое, Абрамовіч крытыкаваў некаторыя «перлы» дзеючага закона аб рэферэндуме. Напрыклад, у законе гаварылася аб выбарчых участках за мяжой, і ў той жа час закон дазваляў галасаваць толькі тым грамадзянам, якія пастаянна пражывалі ў Рэспубліцы Беларусь. Паводзіны Абрамовіча былі настолькі задзірлівыя, што некаторыя дэпутаты прапанавалі паставіць пытанне аб даверы старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі. Аднак С.С.Шушкевіч выказаўся супраць гэтага.

Прадстаўнікі БНФ каля аркушаў з сабранымі подпісамі. 1992 год.

Прадстаўнікі БНФ каля аркушаў з сабранымі подпісамі. 1992 год.

Ідэю рэферэндуму падтрымаў і Аляксандр Лукашэнка. Але, па словах дэпутата, ён выказаўся за рэферэндум не з-за сімпатый да БНФ, а па прычыне гаротнага становішча краіны. Лукашэнка прапанаваў «телеграфным способом» вярнуцца ў мінулае і паглядзець, «что мы натворили». Парламентарый адзначыў, на яго погляд, фатальныя памылкі: знішчэнне дзяржавы СССР, «пусть и империи», няздольнасць стварыць незалежную Беларусь, развал эканомікі, «разрезание на куски армии и превращение военнослужащих в нищих», сацыяльная напружанасць, «в результате чего под красными знамёнами собирается больше людей, чем под государственным флагом». Таму, быў упэўнены Лукашэнка, «мы не имеем права оставаться у власти». Сам Лукашэнка галасаваў за прапанову свайго калегі — дэпутата Сапронава: правесці 6 снежня 1992 г. рэферэндум па наступным пытанні: «Считаете ли Вы необходимым проведение досрочных выборов и роспуск Верховного Совета?». Аднак за гэтую прапанову выказаліся толькі 43 дэпутаты. Яшчэ менш — 35 — народных выбраннікаў падтрымалі пытанне ў рэдакцыі апазіцыі БНФ: прызначэнне рэферэндуму таксама на 6 снежня.

Праект пастановы Прэзідыума Вярхоўнага Савета аб адмове ад рэферэндуму падтрымалі 202 парламентарыі.

З мэтай надання большай легітымнасці рашэнню Прэзідыуму Вярхоўнага Савета аб адмове ад рэферэндуму і заспакаенні грамадскай думкі 29 кастрычніка 1992 г. парламент прыняў адразу дзве пастановы: «Аб прапанове групы грамадзян Рэспублікі Беларусь аб правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму» і «Аб Заяве Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь «Аб неабходнасці канстытуцыйных пераўтварэнняў у Рэспубліцы Беларусь»». Калі ў першай пастанове парушэнне заканадаўства закідалася групе грамадзян, то ў другой, якую Шушкевіч назваў «цудоўным палітычным крокам», прэтэнзіі прад’яўляліся ўжо Цэнтральнай выбарчай камісіі, якая быццам бы зарэгістравала неадпаведнае Канстытуцыі пытанне. Адначасова ў другой пастанове дэклараваўся намер не пазней 1993 г. прыняць Канстытуцыю, а ў сакавіку 1994 г. правесці парламенцкія выбары.

Што да Дз. Булахава, то ён зрабіўся для парламенцкай апазіцыі БНФ адным з галоўных палітычных непрыяцеляў.

Нават у 2010 г., праз некалькі гадоў пасля смерці Дз. Булахава, яго паводзіны ў кастрычніку 1992 г. называліся «гнюснымі». Былыя кіраўнікі апазіцыі сцвярджалі нават, што нехта паабяцаў Булахаву пазбавіць яго ад турмы за наезд на чалавека, «калі ён (юрыст па прафэсіі) зробіць даклад супраць рэфэрэндуму» (Гл.: Пазьняк З., Навумчык С. Дэпутаты Незалежнасьці. — Нью-Ёрк, Вільня, Варшава: Беларускія ведамасьці, Таварыства беларускай культуры ў Летуве. — 2010. — С. 40). Такая ідэя адстойвалася прадстаўнікамі апазіцыі і праз колькі гадоў (Гл.:Навумчык, С. Дзевяноста чацьверты. — Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2015. — С. 99).

Між тым эпізод са смерцю пешахода (пажылой жанчыны), збітага аўтамабілем, здарыўся толькі ў пачатку студзеня 1993 г., г. зн. праз два з лішнім месяцы пасля прамовы 27 кастрычніка 1992 г.

Выступаючы ў Вярхоўным Савеце 21 студзеня 1993 г., З. Пазняк заявіў: «прыблізна 10 дзён назад» з’явілася інфармацыя аб тым, што Дз. Булахаў, будучы за стырном службовай машыны, наехаў на жанчыну, якая загінула. Абураны лідар апазіцыі БНФ папракнуў старшыню камісіі па заканадаўстве тым, што той выступае перад мікрафонам, «як ні ў чым не бывала».

З.Пазняк афіцыйна звярнуўся з запытам да С.Шушкевіча. Старшыня Вярхоўнага Савета адказаў, што, пакуль ідзе следства, ніякай публічнай інфармацыі даваць нельга. Звяртаючыся да З.Пазняка, С. Шушкевіч дадаў, што ў чалавечым няшчасці не трэба шукаць палітычныя дывідэнды.

2 чэрвеня 1993 г. дэпутат ад апазіцыі БНФ Сяргей Антончык агучыў свой запыт да Шушкевіча і Генеральнага пракурора Шаладонава з патрабаваннем азнаёміць грамадскасць з фактамі па справе Булахава і адказаць на некаторыя пытанні: хто даў дазвол на выезд, хто выдаў пуцявы ліст і г.д. Па версіі Булахава, гаварыў Антончык, жанчына пабегла пад кола аўтамабіля, але, сцвярджаў гэты дэпутат, загінулая ледзь хадзіла, бо пакутавала на захворванне спіны.

22 чэрвеня 1993 г. начальнік Сакратарыята ВС А.Анціпенка далажыў Шушкевічу: 6 студзеня 1993 г. па распараджэнні Булахава кіроўцы Ю.А.Вераб'ю было выдадзена камандзіровачнае пасведчанне №3 у Магілёўскую вобласць на 5 дзён. Верабей груба парушыў правілы, бо перадаў кіраванне аўто Булахаву — асобе, якая не была пазначана ў пуцявым лісце. Вераб'ю была аб'яўлена вымова.

Цікава, што 1 ліпеня 1993 г., калі Дз.Булахаў заявіў аб неабходнасці паставіць на галасаванне пытанне аб даверы Старшыні Вярхоўнага Савета, С. Шушкевіч адрэагаваў менш лагодна. Старшыня ВС прыпомніў дарожна-транспартнае здарэнне з удзелам Дз.Булахава, дадаў, што, калі б ён, Шушкевіч, дапусціў такое, то сышоў бы адразу ў адстаўку, і назваў учынак Дз.Булахава «забойствам». Дз.Булахаў дэманстратыўна паклаў на трыбуну парламенцкае пасведчанне і заявіў, што адмаўляецца і ад пасады старшыні камісіі, і ад дэпутацтва.

19 ліпеня 1993 г. паступіў адказ Шалодонава: 6 студзеня 1993 г. у 19 гадзін 40 хвілін ля населенага пункта В.Машчаніца Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці «пярэдняй правай часткай аўтамашыны» Булахаў збіў грамадзянку Я.І.Царонак, якая знаходзілася «ў моцнай ступені алкагольнага ап’янення» і пераходзіла праезную частку, парушыўшы правілы дарожнага руху. У дзеяннях Булахава, паведамляў Шаладонаў, адсутнічае склад злачынства, таму 7 ліпеня 1993 г. крымінальная справа была спынена.

Неўзабаве парламенцкая апазіцыя БНФ распаўсюдзіла заяву, у якой Дз. Булахаў абвінавачваўся ў скажэнні сэнсу заключэння Цэнтральнай выбарчай камісіі. Заява мела дваісты, супярэчлівы характар. З аднаго боку, ВС Беларусі абвяшчаўся нелегітымным, а з другога боку, дэпутацкая група БНФ заявіла, што застаецца ў Вярхоўным Савеце (аднак лічыць для сябе неабавязковым браць удзел у галасаваннях).

У лістападзе 1992 г. Зянон Пазняк апублікаваў артыкул пра забарону рэферэндуму пад назвай «Што за парламантам?» Артыкул меў пэўны грамадскі розгалас і яшчэ больш абвастрыў адносіны паміж дэпутацкай групай БНФ і парламенцкай большасцю. Так, 15 сакавіка 1994 г., пры абмеркаванні пытання аб справаздачы галоўнага рэдактара «Народнай газеты» Іосіфа Сярэдзіча, дэпутат-кансерватар Іван Авін абрынуўся і на гэты артыкул Зянона Пазняка.

Паўстаюць рытарычныя пытанні. Чаму ініцыятары рэферэндуму не здолелі абараніць подпісы 450 тысяч выбаршчыкаў? Ці магла парламенцкая апазіцыя мабілізаваць прыхільнікаў БНФ, вывесці іх на плошчу Незалежнасці і прымусіць Вярхоўны Савет прызначыць дату рэферэндуму, ад вынікаў якога, безумоўна, палітычны ландшафт значна бы змяніўся? 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?