Якія дзеячы беларускай культуры спачываюць на польскай зямлі? Чые імёны былі незаслужана забытыя ў Беларусі і павінныя быць вернутыя ў школьныя падручнікі? Чаму патрыётам павінен быць і сьлесар і прафэсар? Пра гэта распавядае Зянон Пазьняк. У Дзень усіх сьвятых палітык з групай беларусаў наведаўгалоўны нэкропаль польскай сталіцы – Паванзкоўскія могілкі.

radyjo.net

radyjo.net

На Дзяды больш за паўсотні беларусаў наведалі магілы ўраджэнцаў беларускай зямлі, якія знайшлі вечны спакой у Варшаве. Яны запалілі зьнічы на магілах нявесты Кастуся Каліноўскага Марыі Ямант, пачынальніка беларускай і польскай фатаграфіі Яна Булгака, вялікага кампазытара Станіслава Манюшкі.

Імёны пісьменьнікаў Адама Плуга й Вінцэнта Каратынскага, ці пахаванага ў Вільні паэта Ўладзіслава Сыракомлі ведае кожны польскі школьнік. Але мала хто памятае, што гэтыя людзі выхаваліся ў беларускай культуры, пражылі ў Беларусі большую частку свайго жыцьця й пісалі частку твораў па-беларуску. Манюшка й Булгак пісалі па-польску, але палякамі сябе не лічылі – падкрэсьлівае Зянон Пазьняк.

«Яны самі сябе не лічылі палякамі. Паводле паходжаньня, этнічнай культуры яны беларусы. А паводле палітычнага самавызначэньня яны былі «краёўцамі» – патрыётамі Вялікага Княства Літоўскага. Такім быў мастак Фердынанд Рушчыц. Такім быў Ян Булгак. Яны ведалі беларускую мову, але гаварылі па-польску, пісалі па-польску, лічылі, што супольная дзяржава Рэч Паспалітая – гэта добрая справа й яе трэба адрадзіць. Людзі, якія называлі сябе краёўцамі, патрыётамі Літвы, безумоўна, адносяцца як да здабыткаў нашай,так і да здабыткаў польскай культуры».

Чаму ж Адам Плуг і Вінцэнт Каратынскі, якія ведалі й любілі беларускую мову, напісалі на ёй толькі адзінкавыя творы?

«Для гэтага павінна быць асяродзьдзе. Гуртку ў два-тры чалавекі замала. А для літаратуры яшчэ павінен быць рынак. Каб быў беларускі літаратурны рынак, каб было асяродзьдзе, то Міцкевіч бы пісаў па-беларуску. Ян Чачот яго да гэтага намаўляў. Уладзіслаў Сыракомля меў шмат дзяцей і жыў з таго, што ён пісаў. Яму далі замову напісаць нарыс пра Менск па-польску. Ён яго напісаў, атрымаў за гэта грошы. А беларускага рынку не было. Па-беларуску ён пісаў толькі для душы. А вось Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч ахвяраваў свае сродкі. Ён за ўласны кошт выдаў паэму «Сялянка». Ён сачыў за тым, як яна прадаецца. Марцінкевіч пераадолеў тую мяжу, якую не змаглі перайсьці Адам Плуг ці Ўладзіслаў Сыракомля. Хоць у літаратурным пляне яны стаялі вельмі высока – можа нават Плуг стаяў вышэй за Марцінкевіча» — кажа Пазьняк.

Творы Сыракомлі, Плуга ці аўтара знакамітай аповесьці «Знахар» Тадэвуша Далэнгі-Мастовіча павінныя быць перакладзеныя на беларукую мову, вернутыя ў беларускую культуру – лічыць Зянон Пазьняк.

«Абавязкова трэба перакласьці Адама Плуга. Трэба перакласьці Далэнгу-Мастовіча, яго «Кар’еру Нікадэма Дызмы», «Знахара», «Дзёньнік пані Ганкі». Гэтыя працы павінен весьці дзяржаўны інстытут перакладу. І ў першую чаргу павінныя быць перакладзеныя творы польска-беларускіх аўтараў: яшчэ ня поўнасьцю перакладзеныя Міцкевіч, Чачот… Гэта праца для цэлага аддзела».

Беларусы наведалі таксама й магілу Міхала Федароўскага – паляка, які зрабіў неацэнны ўклад у беларускую культуру. Ён склаў 8-томную этнаграфічную энцыкляпэдыю «Люд беларускі на Русі Літоўскай» – кнігу, якая стала асновай для беларускай этнаграфіі і фальклярыстыкі. Федароўскі паказаў цэласнасьць і ўзаемасувязь народнай культуры, якая спалучае розныя слаі грамадзтва – зазначыў Зянон Пазьняк.

Трагедыя беларусаў заключаецца ў тым, што на працягу дзесяцігодзьдзяў улады Расейскай імпэрыі ды СССР настройвалі просты люд супраць нацыянальнай інтэлігенцыі. На Ўкраіне міна, закладзеная яшчэ ў савецкія часы, прывяла да трагедыі. Прадухіліць яе паўтарэньне ў Беларусі можа толькі правільная нацыянальная адукацыя – заявіў палітык.

«У такое становішча патрапілі ня толькі мы, але й Украіна, Малдова. Большасьць эўрапейскіх народаў у гэтым пляне іншыя. Ляжыць пад плотам нейкі, напрыклад, румын. Падымі яго – на якой мове ён будзе гаварыць? На румынскай! Ён разумее, што ён румын. Калі будзе вайна й яго забяруць у войска, ён будзе бараніць Румынію…

Калі ж нізы не атрымалі нацыянальнай адукацыі, ня ведаюць гісторыі, ня маюць памяці й іх настройваюць супраць уласнага народу – тады такі чалавек зь нізоў робіцца магільшчыкам сваёй нацыі. Так было ў трыццатых гадах. Беларусаў выкарыстоўвалі, каб вынішчыць беларускую інтэлігенцыю. Прымушалі іх пісаць даносы… Гэтыя даносчыкі, запалоханыя старшыні калгасаў не атрымалі адукацыі, яны ўжо не былі чальцамі сваёй нацыі ў культурным пляне, хоць этнічна яны былі беларусамі. Яны сталі вінцікамі акупацыйнай дзяржавы. Акупацыйная асымілятарская палітыка прыводзіць да сацыяльна-нацыянальнай дэзінтэграцыі грамадзтва.

Таму я кажу, што нацыя павінна быць адзінай – ад апошняга бамжа да акадэміка, кардынала й пісьменьніка. Але забясьпечыць гэта можа толькі нацыянальная дзяржава. Мы дасягнулі незалежнасьці, але ўлады здабыць не змаглі, таму, што нам не было на каго абаперціся. Якім чынам цяперашнія ўлады зьнішчаюць беларускія школы, беларускую культуру? Пры дапамозе людзей, якія кажуць: «Зачэм мне этат беларускій язык? Зачэм я буду пасылаць рэбёнка в беларускую школу? А патом как?» Вось на што робіцца стаўка! На разбалянсаваньне нацыі. А нацыя павінна быць культурна адзінай – ад нізу да верху.

І асабліва гэтае правіла праяўляецца, калі пачынаецца выпрабаваньне вайной. Ва Ўкраіне – хто пайшоў ваяваць у першую чаргу? Журналісты, нават пісьменьнікі, інтэлігенцыя! А людзі зь нізоў, якія былі ўжо дэнацыяналізаваныя, сталі «цітушкамі». А гэта ж тыя самыя ўкраінцы. Але іх выкарыстоўвалі для зьнішчэньня Ўкраіны! Гэта вынік разбалянсаваньня нацыі.

У нацыі павінна быць так, каб кожны знайшоў сваё месца. Напрыклад, нехта можа быць Васем-выпівохам, але ў часы небясьпекі ён становіцца патрыётам і гатовы пакласьці жыцьцё за сваю Бацькаўшчыну. У нацыі не павінна быць лішніх людзей. Кожны чалавек мае сваю каштоўнасьць. І так да людзей трэба адносіцца», — рэзюмаваў Зянон Пазьняк.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?