Аварыя на ўскраіне Верхнядзвінска адбылася далёка за поўнач. Так атрымалася, што пакалечаных сужыцеляў на трасе выпадкова выявіла следчы раённага аддзела СК. У выніку па «гарачых слядах» было раскрыта адразу дзве крымінальныя справы.

Намеснік пракурора Верхнядзвінскага раёна Віталь Тамашэвіч распавядае падрабязнасці:

«У той вечар пара весела бавіла час у гасцях у сябра. Але сабутэльнікам не пашанціла — калі 50-гадовы сужыцель выйшаў у краму за дабаўкай, быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі. Пакуль не працверазеў, трымалі ў пастарунку. Адпусцілі позна ўначы. Увесь гэты час сяброўка цярпліва чакала дабравернага у гасцях, а калі той вярнуўся — вырашылі пайсці да яго дадому ў вёску ў двух кіламетрах ад райцэнтра».

Аднак свае сілы парачка відавочна не разлічыла — даме нечакана стала кепска. Кавалер тут жа знайшоў выйсце — прыхапіў з пад'езду чужы дзіцячы вазок белага колеру і павёз у ім 42-гадовую сяброўку дадому.

«Картэж» удала прайшоў па цэнтральных вуліцах горада і выехаў на ўскраіну. Па фатальным збегу абставінаў менавіта па гэтай дарозе пасля аналагічнай вечарынкі ў бары дадому з п'яным у дым пасажырам вяртаўся такі ж п'яны 30-гадовы хлопец.

У выніку «жыгулі» знеслі з трасы экіпаж дзіцячага вазка. Перапалоханы кіроўца легкавіка спыніўся толькі на секунду, і, разгледзеўшы, што нарабіў, ірвануў наўцёкі.

Віталь Тамашэвіч канстатуе: «У выніку ДТЗ выкрадальнік дзіцячага вазка (раней ужо неаднаразова судзімы за крадзяжы) атрымаў цяжкія цялесныя пашкоджанні — пераломы ног. У яго пасажыркі паламаныя рэбры. Кіроўцу «Жыгулёў» затрымалі і асудзілі да 5 гадоў пазбаўлення волі за кіраванне транспартам у п'яным выглядзе і пакіданне ў небяспецы збітых на дарозе людзей. Мужчына, які так кранальна паклапацўся аб сваёй даме, правядзе ў зняволенні паўтара года. Акрамя крадзяжу вазка, яму інкрымінавалі яшчэ адно злачынства — незадоўга да аварыйна-рамантычнага падарожжа ён збіў сваю папярэднюю сяброўку».

Акрамя гэтага, удакладнілі ў пракуратуры, кіроўца аўто будзе вымушаны выплаціць пакалечанаму рэцыдывісту 20 мільёнаў рублёў у якасці кампенсацыі маральнай шкоды.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?